Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Майго бацьку лічылі здраднікам, бо ён трапіў у палон”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ёсьць нямала людзей, успаміны якіх пра падзеі другой усясьветнай вайны і пра наступнае пасьляваеннае жыцьцё ня ўпісваюцца ў агульную трыюмфальна-ўрачыстую атмасфэру, якая пануе ў Беларусі ў гэтыя сьвяточныя дні. З аднаго такога ліста-ўспаміна і пачну сёньняшнюю размову. Даслала нам яго былая настаўніца, пэнсіянэрка Алена Казлова з Салігорску. Яна піша:

“Для кагосьці Дзень Перамогі — радасьць і гонар, а для мяне і для майго брата ён заўсёды быў сумным. Наш бацька трапіў у палон, дзе і загінуў. Як цяжка давялося маме пасьля вайны. Мы заўсёды зайздросьцілі тым, чые бацькі вярнуліся. У іх было ўсё — і сытае дзяцінства, і надзейная падтрымка, калі павырасталі. Іхныя бацькі атрымлівалі высокія заробкі і пэнсіі, кватэры, розныя льготы. Усё гэта адбівалася на жыцьці дзяцей. А мы лічыліся дзецьмі ледзь ня здрадніка. Хоць у чым была віна бацькі, які разам са сваёй часткай трапіў у акружэньне летам 1941-га, а потым і ў палон? Ці ж па сваёй ахвоце ён гэта зрабіў? Ці ж не змагаўся за сваю радзіму? Ці ж ня выканаў свайго абавязку? А галоўнае — у чым наша віна?

Крыўда ў мяне засталася да сёньняшняга дня. Вось гляджу на вэтэранаў. Усё ў іх ёсьць — і пашана, і грошы, і добрае жыльлё. А галоўнае, пасьля вайны яны пражылі яшчэ цэлае жыцьцё, 60 год. Выгадавалі і паставілі на ногі дзяцей і ўнукаў. А што дасталося тым, што засталіся на той вайне? У лепшым выпадку — імя на абэліску. А ў горшым, як з маім бацькам? Нават гэтага няма. Толькі некалькі пажоўклых лістоў ды даведка з архіва. І дзеці іхныя ўсё жыцьцё пакутавалі без падтрымкі. Крыўдна гэта і несправядліва”.

Напэўна, такія ж пачуцьці перажывалі ўсе пасьляваенныя гады і сотні тысяч іншых дзяцей, чые бацькі не вярнуліся са шматлікіх франтоў тае вайны. Нехта зьнік бязь вестак, нехта загінуў у палоне, кагосьці расстралялі як палахліўца за тое, што адступіў пад кулямі, не падняўся ў атаку. Сталінскі рэжым лічыў такіх здраднікамі і ворагамі. І ўсё гэта потым калечыла лёсы ні ў чым не вінаватых сем’яў, і найперш дзяцей.

Міналі дзесяцігодзьдзі, адыходзілі ў нябыт правадыры, распадаліся імпэрыі. А крыўды тых дзяцей вайны, якія сёньня ўжо самі сталі дзядулямі і бабулямі, так і засталіся крыўдамі. У іх ніхто не папрасіў прабачэньня. І за пампэзнымі сьвяткаваньнямі, клятвамі аб памяці і пашане, урачыстымі шэсьцямі і ўзнагароджаньнямі выжылых, амаль ніхто не зьвяртае ўвагі на гэтыя сьлёзы тых, чый жыцьцёвы і чалавечы подзьвіг, магчыма, ня меншы.

Наступны ліст ад Аляксандра Івановіча зь Менску. Слухач піша:

“Няўжо можна паверыць, што людзям усё гэта падабаецца: кантрактная сыстэма, прымусовыя суботнікі, на якіх трэба бясплатна працаваць на скразьняках у халодных цахах, розныя паборы, пастаянны рост цэнаў на ўсе прадукты, паслугі, і асабліва на лекі. Я пацікавіўся статыстыкай: імклівае скарачэньне насельніцтва Беларусі пачалося ў 1994 годзе, калі адбыліся першыя прэзыдэнцкія выбары. Мяне гэта не зьдзіўляе. Просты рабочы, пэнсіянэр ня могуць купіць патрэбных лекаў, кепска харчуюцца, п’юць розную дрэнь. Многія не дажываюць да пэнсіі. За дзесяць год беларусаў стала меней амаль на мільён. І гэта ўлада называе “стабільнасьцю” ды “ростам дабрабыту”? Стабільна ў нас цяпер працуюць хіба што пахавальныя канторы.

Хто аддаў загад засяваць чарнобыльскую зону? Нядаўна я зайшоў у гарадзкі анкалягічны дыспансэр. А там народу, як у Маскве на Казанскім вакзале. Каб трапіць да доктара, трэба запісацца ды месяц чакаць. А што зь лекамі? Нібыта пэнсіянэры ды інваліды могуць атрымаць іх па льготных рэцэптах. Але, аказваецца, лекары атрымалі загад не выпісваць ільготнікам дарагіх (а гэта значыць, якасных, эфэктыўных) лекаў. Я паслаў міністру аховы здароўя Пастаялцы тры лісты на гэту тэму — ніводнага адказу не атрымаў”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдняя працягласьць жыцьця мужчынаў у Беларусі ў 1986 годзе складала больш як 67 гадоў, у 2001-м — толькі 63 гады. Такім чынам, сярэдні беларус атрымлівае пэнсію на працягу ўсяго трох гадоў. Для дзяржаўнага Пэнсійнага фонду — вялікая эканомія. Калі верыць афіцыйным зьвесткам, эканоміка Беларусі дасягнула і перавысіла ўзровень самых пасьпяховых савецкіх гадоў. Але ні на працягласьці жыцьця, ні на нараджальнасьці гэта чамусьці не адбіваецца. Насельніцтва Беларусі скарачаецца ўжо адзінаццаты год запар.

Ліст ад нашага даўняга апанэнта, былога навукоўца Міхаіла Лекаха з Рыгі:

“Хачу выказацца наконт паўпраўды, якую неаднаразова і навязьліва паўтараеце вы ў сваіх перадачах. Маю на ўвазе найперш спадароў Леванеўскага і Васільева, якія нібыта незаконна асуджаныя за крытыку ці зьнявагу Аляксандра Лукашэнкі ў сваім творы і якіх вы называеце ахвярамі палітычных рэпрэсіяў. Але большасьць радыёслухачоў незнаёма з, так бы мовіць, “творам” Леванеўскага і Васільева. А калі так, то як людзі маглі і могуць аб’ектыўна ацаніць судовы працэс і вынесены вэрдыкт? Такім чынам, атрымліваецца, што Беларуская “Свабода” шматразова паведамляла тысячам слухачоў паўпраўду: не паведаміўшы тэксту твора, яна схіляе людзей на сваю пазыцыю.

Вы ў гэтым выпадку паступаеце гэтак жа, як было ў савецкі час: “Не чытаў, але скажу”. Хіба гэта дэмакратычны падыход? Вядома, прасьцей гаварыць аб дэмакратыі, чым быць дэмакратам у рэальным паўсядзённым жыцьці. Калі Леванеўскі і Васільеў — ахвяры, і прысуд несправядлівы, то навошта хаваць ад слухачоў гэты тэкст? Можа, вам гаспадары радыёстанцыі забараняюць гаварыць усю праўду? Альбо вы сыходзіце з рэкамэндацыяў доктара Гёбэльса: “Калі паўпраўду ці хлусьню паўтараць шмат разоў, дык яны становяцца праўдападобнымі”.

У сваім лісьце на “Свабоду” Міхаіл Леках з Рыгі выказваецца таксама наконт справы былога міністра і амбасадара Міхаіла Марыніча:

“Навошта спадар Марыніч перацягнуў матэрыяльныя каштоўнасьці, якія яму не належалі, у свой гараж? У яго што, адбылося памутненьне сьвядомасьці, ён забыў, што чужая ўласнасьць не павінна знаходзіцца ў яго кватэры, ці ў гаражы, ці ў памяшканьнях сыноў? Ратуй нас Бог ад такіх кандыдатаў у прэзыдэнты”.

Адказы на свае пытаньні, спадар Леках, вы маглі пачуць у нашых перадачах, калі ўважліва сачылі за асьвятленьнем гэтых тэмаў. Тым ня менш, для вас, як для чалавека, які жыве за мяжой і далёкі ад беларускіх рэаліяў, яшчэ раз удакладнім. У Беларусі сотні грамадзкіх арганізацыяў ня маюць магчымасьці арандаваць памяшканьні. Не таму, што няма свабодных плошчаў: проста з прычыны нэгатыўнага стаўленьня да іх з боку ўлады. Так здарылася і з грамадзкай арганізацыяй, якую ўзначальваў Міхаіл Марыніч і на балянс якой перадала кампутары амбасада ЗША ў Менску. Гэтую тэхніку ўрэшце проста не было дзе захоўваць. Пры гэтым, заўважце, уласьнік кампутараў, за якія асудзілі Марыніча, ня мае да яго ніякіх прэтэнзіяў.

Цяпер што да справы Валерыя Леванеўскага і Аляксандра Васільева. Няма ні магчымасьці, ні сэнсу зачытваць па радыё далёкі ад дасканаласьці вершаваны твор, які да таго ж утрымлівае ня толькі літаратурную лексыку. Мы проста ня можам агучыць яго з этычных меркаваньняў: гэта забараняе наш прафэсійны кодэкс. А зьмест яго зводзіўся да закліку ў той жа ўлётцы: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць, каб за твой кошт нехта езьдзіў у Аўстрыю адпачываць і катацца на лыжах, жыць дзеля свайго задавальненьня”. Падобныя ўлёткі з сатырычнымі тэкстамі і карыкатурамі на сваіх кіраўнікоў можна ўбачыць на мітынгах і ў Рызе, і ў Маскве, і ў Вашынгтоне… Магчыма, прэзыдэнты Віке-Фрэйбэрга, Пуцін і Буш і крыўдуюць на шаржы і на моцныя выразы на свой адрас. Але нідзе ў цывілізаваным сьвеце за гэта ня кідаюць у турму.

На заканчэньне кароткі ліст ад Вікторыі Воўкавай з Горадні. Яна піша:

“Чула шмат добрага пра ваша радыё, але самой ніколі не даводзілася слухаць яго. Колькі ні шукала вашу хвалю, у мяне нічога не атрымлівалася. Можа, для гэтага патрэбен нейкі адмысловы прыймач? Мне ўдавалася некалькі разоў праглядаць вашу інтэрнэт-старонку. Але гэта даволі нязручны спосаб, бо магчымасьці карыстацца інтэрнэтам дома ў мяне няма. Магчыма, падкажаце, як мне ўсё ж настроіцца на “Свабоду”. Буду ўдзячна, калі дасьцё якія-небудзь парады на гэты конт. Магчымасьць слухаць “Свабоду” зрабіла б нашы зносіны больш дасканалымі”.

Вікторыі мы высылаем каляндарыкі з нашым летнім раскладам, дзе пазначаныя дакладныя хвалі, на якіх можна слухаць Радыё Свабода з красавіка па кастрычнік, а таксама парады наконт таго, як зрабіць прыём больш якасным. Дарэчы, такія ж каляндарыкі ў блізкім часе атрымаюць і ўсе нашы слухачы, якія далучыліся да Клюбу сяброў “Свабоды”. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
XS
SM
MD
LG