Лінкі ўнівэрсальнага доступу

10 траўня У Беларусі адзначылі Радаўніцу — дзень памінаньня памерлых, ці Вялікдзень для памерлых


Ганна Соусь, Менск У гэты дзень людзі выяжджаюць на могілкі, каб наведаць магілы родных і блізкіх. Нашая карэспандэнтка наведала Ўсходнія і Вайсковыя могілкі ў Менску, а таксама ўрочышча Курапаты, дзе ляжаць парэшткі каля 200 тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў.

На Вайсковых могілках у цэнтры Менску на Радаўніцу зьвіняць званы. Ля помнікаў Янку Купалу і Якубу Коласу ляжаць вянкі і жывыя кветкі. Людзі прыходзяць сюды на магілы сваіх блізкіх з кветкамі і велікоднымі яйкамі.

(Спадарыня: ) “Мы памінаем сваіх родных, якія загінулі ў вайну. Тут храм імя Аляксандра Неўскага, які пабудаваны ў гонар загіблых вайскоўцаў. Гэта сьвятое месца для нас”.

(Спадарыня: ) “На Міханавічах пахаваныя муж і пляменьнікі. А я не магу да іх ісьці, бо ў мяне стэнакардыя. Я сюды іду ў царкву, сьвечку пастаўлю”.

(Спадар: ) “Бацька, маці і бабуля тут ляжаць. Я да іх прыйшоў сёньня ў госьці. Добрае надвор’е, сонца сьвеціць. На душы радасна і ў той жа час сумна”.

(Спадарыня: ) “Наводзім парадак, садзім кветкі. Тут наша прабабуля і дзядзька. А могілак шмат, усе трэба наведаць”.

На Ўсходніх могілках ля помніка беларускаму пісьменьніку Васілю Быкаву ляжаць бел-чырвона-белыя стужкі і кветкі. Я зьвяртаюся да людзей, якія сёньня ўскладалі кветкі на магілу Быкава.

(Спадар: ) “Сумленьне нашай нацыі”.

(Спадарыня: ) “Нашу гісторыю, увогуле скарб нашага народу, нашу мову ён захаваў. Ён не памёр, я лічу”.

(Спадар: ) “Гэта, можа быць, самае вялікае, што ў нас было. Калі ён быў жывы, было нешта такое, што нас зьберагала. І вось калі ён памёр, калі мы яго хавалі, тады было сапраўднае зьяднаньне нацыі”.

(Спадарыня: ) “Гэта незалежны чалавек. Ён шмат пакутаваў. Ён разумеў каштоўнасьць людзей, у яго была свая пазыцыя”.

Як і да магілы Быкава, так і да магілы былога кіраўніка Беларусі Пятра Машэрава ўвесь час падыходзяць людзі. Многія зь іх выказваюцца наконт нядаўняга перайменаваньня праспэкту Машэрава.

(Спадар: ) “Гэты чалавек меў вялікі аўтарытэт у беларусаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да таго, што цяпер праспэкт Машэрава перанесены ў іншае месца?”

(Спадар: ) “Адмоўна”.

(Спадарныя: ) “Я лічу, што гэта дарма. Вельмі шкада, што ён памер нясвоечасова і трагічна. Можа, у Беларусі ўсё было бы інакш. Яго столькі гадоў ужо няма, але каля магілы ўвесь час ляжаць кветкі”.

Далей я накіроўваюся да магілы Генадзя Карпенкі, які памёр шэсьць гадоў таму пры нявысьветленых абставінах. Ля помніка сустракаю сябра Генадзя Карпенкі спадара Валера.

(Валер: ) “Цудоўны быў мужык, як кажуць у нас. Ня ў час пайшоў ад нас. Зямля яму пухам”.

Адрозна ад Усходніх могілак, ва ўрочышчы Курапаты няма імянных магілаў. Тут у агульных магілах ляжаць парэшткі расстраляных карнікамі НКВД у 1937—1941 гады. Сёньня ў Курапатах шмат людзей, якія прыйшлі памянуць сваіх рэпрэсаваных родных.

(Спадарыня: ) “Я з Глыбоччыны. Там ёсьць месца, дзе рэпрэсаваныя мае стрыечныя браты. А адзін брат пяць гадоў адсядзеў у ГУЛАГу”.

(Спадар: ) “Гэта было даўно, мяне яшчэ не было, калі яго расстралялі ў 1937 годзе — Ярашэвіча Станіслава Адамавіча”.

(Спадар: ) “Любінскі Фёдар Паўлавіч. Арыштавалі ў жніўні 1938 году, а 19 кастрычніка прывезьлі сюды з Гомелю і расстралялі”.

(Спадар: ) “Я кожны раз прыходжу сюды ў гэты дзень. Маёй жонкі бацька ляжыць тут”.

(Спадарыня: ) “У мяне блізкіх тут няма, але гэта даніна ўсім памерлым, бязьвінна забітым”.
XS
SM
MD
LG