Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец: “Беларусь мае ня менш, калі ня болей, талентаў”


Валянціна Аксак, Менск У Менску ў музэі Максіма Багдановіча праходзіць гала-вечарына пераможцаў конкурсу маладых літаратараў, які пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюзу пісьменьнікаў ладзіў Беларускі ПЭН-цэнтар. Конкурс быў прысьвечаны 75-годзьдзю Ўладзімера Караткевіча, ягоныя вынікі падведзеныя напярэдадні.

У фінал літаратурнага конкурсу патрапілі 23 са 130 удзельнікаў. Сярод сотняў вершаў, навэлаў, імпрэсіяў журы адзначыла раман Алеся Жураўскага “Дон Джавані”. Рэч у тым, што арганізатары сваімі ўмовамі хацелі справакаваць маладых аўтараў менавіта на маштабную прозу. І гэта ім удалося. Раман “Дон Джавані” вылучаецца ня толькі жанрам. Гаворыць сябра журы і каардынатар конкурсу Андрэй Хадановіч:

(Хадановіч: ) “Гэта лёгкі, чытэльны раман пра сучаснасьць, раман пра каханьне, раман постмадэрнісцкі, раман, якога, уласна кажучы, усе чакалі. У яго, можа быць, шмат недахопаў, але ён будзе запатрабаваны, і таму хутчэй за ўсё вось такі нефармальны пераможца ёсьць ужо ў тым. І хочацца спадзявацца, што ён будзе выдадзены асобнай кнігай”.

Да сказанага спадаром Хадановічам дадамо, што пад мужчынскім псэўданімам аўтара гэтага раману хаваецца няштатная карэспандэнтка нашага радыё Юлія Шарова.

Фіналістам конкурсу сёньня на вечарыне будуць уручаныя ганаровыя дыплёмы і падарункі. Галоўнае ж заахвочваньне адбудзецца крыху пазьней — гэта публікацыя іхных твораў на старонцы паэтычнага радка тыднёвіка “Наша Ніва” і ў вялікай адмысловай рубрыцы часопісу “Дзеяслоў”. Творы фіналістаў мяркуецца выдаць таксама асобным зборнікам. Літаратурны ўзровень фіналістаў вельмі высока ацаніў старшыня аналягічнага ўкраінскага конкурсу папулярны ўкраінскі пісьменьнік Аляксандар Ірванец, які адмыслова прыехаў на гэтую імпрэзу з Кіева.

(Ірванец: ) “Беларусь мае ня менш, калі ня болей, талентаў у прапарцыйных суадносінах, паколькі беларускі народ колькасна меншы за ўкраінскі. Але — няхай мяне выбачаць украінскія — якасна відавочна лепшых, таму што маладыя літаратары бясспрэчна цікавейшыя і пэрспэктыўнейшыя, чым украінскія”.

Сёлетні конкурс маладых літаратараў ужо трэці па ліку, які ладзіць Беларускі ПЭН-цэнтар. Першы быў прысьвечаны 100-годзьдзю Натальлі Арсеньневай, другі — 700-годзьдзю Франчэска Пятраркі. Зборнік твораў пераможцаў другога конкурсу пад назовам “Формула каханьня” будзе прэзэнтавацца на сёньняшняй вечарыне.
XS
SM
MD
LG