Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкія газэты назвалі нечаканай адсутнасьць А.Лукашэнкі на ўчорашнім парадзе ў Маскве


Ул. інф. Журналісты шэрагу выданьняў, уключна з “Financial Times Deutschland”, не выключаюць, што тэрміновы ад’езд Лукашэнкі ў Менск выкліканы жаданьнем Крамля пазьбегнуць магчымага скандалу паміж гарачым беларускім кіраўніком і амэрыканскім лідэрам, які напярэдадні надзвычай рэзка выказаўся на адрас палітыкі афіцыйнага Менску.

Аўтар артыкулу “Помпа і патас на Краснай плошчы” ў сёньняшняй “Financial Times Deutschland” зьвяртае ўвагу на тое, як паводзілі сябе ў часе ўрачыстасьцяў кіраўнікі розных дзяржаваў. Што да прэзыдэнта ЗША, то ён выглядаў вельмі непасрэдным: шчыра ўсьміхаўся і вітаў публіку. Украінскага калегу нават абняў і моцна паціскаў за руку. На туркмэнскага лідэра Ніязава, які стаяў побач, Буш ніяк не адрэагаваў.

Як піша “Financial Times Deutschland”, пасьля рэзкай крытыкі Буша на адрас Лукашэнкі ў Рызе, калі Беларусь была названа апошнім бастыёнам савецкай палітыкі на эўрапейскім кантынэнце, у палітычных кулюарах пачалі гаварыць пра магчымыя нечаканасьці ў часе сустрэчы паміж кіраўнікамі ў Маскве.

Паводле нямецкага штотыднёвіка “Der Spiegel”, выказваньні Буша сталі для беларускага лідэра бяльмoм на воку. Спачатку рашучыя абурэньні былі выказаныя ў Менску. Беларускае кіраўніцтва заявіла пра ўмяшаньне ва ўнутраныя справы дзяржавы. Потым у нядзелю Маскве прэзыдэнт Лукашэнка падкрэсьліў, яму ня страшныя ніякія перавароты і што “ў найбліжэйшы час ў Беларусі ня можа быць ніякіх рэвалюцыяў і ніякіх бандыцкіх акцыяў”.

У панядзелак Лукашэнкі ня ўбачылі на парадзе на Краснай плошчы, і гэта стала для многіх поўнай нечаканасьцю, піша “Financial Times Deutschland”. Газэта дадае, што ў кулюарах можна пачуць нямала спэкуляцыяў на гэты конт. У тым ліку тое, што Пуцін хутчэй за ўсё параіў Лукашэнку ад’ехаць дадому дзеля таго, каб “пазьбегнуць скандалу паміж гарачым беларускім лідэрам і прэзыдэнтам ЗША”. “Ня выключана, — працягвае выданьне, — што пра такую акалічнасьць папрасіў крамлёўскага кіраўніка і сам Буш. І расейскі, і амэрыканскі кіраўнік ў нядзелю ўвечары правялі нефармальную сустрэчу на пуцінскай дачы, у часе якой абмеркавалі ўсе магчымыя тэмы — ад дэфіцыту дэмакратыі ў Расеі да фашысцкіх праяваў у Балтыі”. Паводле крыніцы “Financial Times Deutschland” у Крамлі, тон размовы быў дружалюбным.

Тым часам, шэраг нямецкамоўных інфармацыйных агенцтваў зьвяртаюць увагу і на паездку лідэра беларускай апазыцыі Анатоля Лябедзькі ў Тбілісі на запрашэньне намесьніка сьпікера грузінскага парлямэнту, дзе ў гэты час знаходзіўся і Джордж Буш.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG