Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Згінь-прападзі, скуль узялося, туды ідзі


Сяргей Вітушка, Вільня Эфір 9 траўня

Мая бабуля, Вольга Іванаўна Кулаковіч, 1913 году, народжаная ў вёсцы Хмелеўка, што каля Заслаўя, умела шаптаць замовы.

Да яе прыходзілі суседкі й прасілі пашаптаць на ваду – ад сполаху. Што яна там шаптала, натуральна, я ня ведаю. Замовы – гэта таямнічая, сакральная веда. І ня кожнаму яе можна ведаць. Але некаторыя замовы бабуля гаварыла ўголас і спэцыяльна зьвяртала на іх увагу, і нават прасіла, каб я іх вывучыў. Іх я й хачу пераказаць слухачом радыё “Свабода”.

Пачну з такой замовы. Калі нечага спалохаесься, трэба сказаць так: згінь-прападзі, скуль узялося, туды ідзі. Запомнілі? Згінь-прападзі, скуль узялося, туды ідзі. Гэткая замова была патрэбная нашаму старажытнаму продку, які чагосьці палохаўся ў пушчах. Гэтая замова будзе патрэбная й касманаўту, які паляціць у космас і нешта сустрэне там: таемнае, страшнае, невядомае.

Саслужыць гэтая замова нам-беларусам і ў нашым штодзённым жыцьці. Я ня думаю, што беларусы будуць зьбірацца вялікімі натоўпамі на плошчах і крычаць: прэч-прэч. А яны так ціхенька скажуць – кожны сам сабе: згінь-прападзі, скуль узялося, туды ідзі, – і ўсё нашае няшчасьце прападзе.
XS
SM
MD
LG