Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвяткуючы 50-годзьдзе БТ, кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі ніяк ня згадвае пра Зінаіду Бандарэнку і Генадзя Бураўкіна


Ігар Карней, Менск Сёлета Беларускае тэлебачаньне адзначае пяцьдзясят гадоў ад таго часу, калі з тэлецэнтру на вуліцы Камуністычнай пачаліся першыя трансьляцыі: ад некалькіх гадзінаў на тыдзень да рэгулярнага вяшчаньня. Сьвяткаваньні, якія распачала Нацыянальная тэлерадыёкампанія 7 траўня, будуць доўжыцца да канца году. Аднак шэраг людзей, якія прычыніліся да фармаваньня сучаснага тэлебачаньня і цягам дзесяцігодзьдзяў заставаліся тварам тэлевізійнай Беларусі, у зьвязку з урачыстасьцямі нават ня згадваюцца.

Адзін з тых, хто працаваў на тэлебачаньні фактычна ад яго заснаваньня, — мастак Міхась Карпук. Паўстагодзьдзя таму спадар Карпук ствараў твар новай тэлевізіі. На рахунку мастака-пастаноўшчыка Карпука дзясяткі тэлеспэктакляў, аформленых студыяў. Згадвае, як усё пачыналася:

(Карпук: ) “Дыктарка Тамара Бастун выходзіла і казала: “Добры вечар, таварышы, пачынаем пробныя перадачы”. А пробныя перадачы — гэта адразу рэпартажык на паўгадзіны з калгасу, прадпрыемства ці якойсьці ўстановы. А потым кінастужка, і ўсё, перадачы скончаныя. І так цягнулася да Новага году. А ўжо пасьля — кожны дзень, на пару гадзінаў перадачы”.

Найбольш радыкальныя зьмены ў структуры тэлебачаньня адбыліся цягам апошняга дзесяцігодзьдзя, калі ўся чацьвертая ўлада апынулася пад наглядам улады выканаўчай, а прадстаўнікоў мас-мэдыяў падзялілі на “чэсных” і “нячэсных”. Генадзь Бураўкін, які найдаўжэй кіраваў тэлебачаньнем, канстатуе: палярызацыя настрояў у грамадзтве, да чаго прычынілася і афіцыйнае тэлебачаньне, нарадзіла цяперашнюю абсурдную сытуацыю: у часе перадачы, прысьвечанай 50-годзьдзю БТ, ніводнага разу не згадалі пра людзей, якія доўгі час былі тэлевізійным тварам Беларусі. Ня кажучы пра тое, каб тыя атрымалі запрашэньне на сьвяткаваньне.

(Бураўкін: ) “Я быў толькі адзін з кіраўнікоў тэлебачаньня, хоць і ўтрымліваю рэкорд працягласьці знаходжаньня на пасадзе. А вось тое, што не запрасілі адзіную народную артыстку на тэлебачаньні Зінаіду Бандарэнку? Я быў дванаццаць гадоў, і на кіроўнай пасадзе, а яна ж была тварам Беларусі амаль трыццаць гадоў! І тое, што яе не запрасілі, а запрасілі людзей, якія не ідуць ні ў якое параўнаньне?! Гэта дзіка... Я глядзеў тую перадачу, жахлівую сваім прафэсійным узроўнем. Нават у наш час мы такога правінцыйнага відовішча не дазвалялі: столікі дурацкія з садавіной, рассаджаныя па сьпісах госьці. Было сорамна нават не за тэлебачаньне цяперашняе, а за тых людзей, пра якіх я думаў лепш”.

Цяпер рэдкі госьць на тэлебачаньні і Міхась Карпук, які стаяў ля вытокаў стварэньня тэлевізіі. Чаму так здарылася, што шляхі разышліся?

(Карпук: ) “Цяпер такая прапускная сыстэма, куды там патрапіш… Раней звычайныя мужыкі стаялі, зь вёсак прыяжджалі на дзяжурства. А цяпер узброеныя міліцыянты — што яны там так сьцерагуць? Справа ня ў тым, што настальгія. Калі добрае штосьці сёньняшняе, я заўжды прымаю. Але адказнасьці было больш. Мы ўсе былі апантаныя, верылі ў тое, што новы від мастацтва нараджаецца. Але сам час вызначыў, што гэта няпраўда. Гэта масавая культура, гэта замбаваньне… У любым кірунку сьвісьні, пакліч, пойдуць, прычым, бяздумна. І гэтак жа бяздумна адмаўляцца потым будуць. Таму што не прапушчана празь перакананьні, праз сэрца. Калі ўсяго гэтага няма, то гэта як асеньняе лісьце: вецер падзьме, і зьнясе…”

Спадар Карпук шкадуе, што на сучасным Беларускім тэлебачаньні, з усімі яго тэхнічнымі навінкамі, зусім не засталося духу “апантанасьці”. А былая супрацоўніца БТ, Ганна Арцюшкевіч, дадае, што новае кіраўніцтва тэлебачаньня папросту ня здольнае да кардынальных зьменаў, паколькі ня мае ніякай самастойнасьці.

(Арцюшкевіч: ) “Мае калегі, якія там працуюць, гавораць, што Мацьвяйчук, як чалавек, увогуле, ня хам — гэта ў нас ужо ўзводзіцца ў гонар. Па-чалавечы з падначаленымі размаўляе, запрашае таго-сяго зь ліку старых кадраў. Чула нядрэнныя водгукі, але чалавек гэта не тэлевізійны, і разабрацца яму ў той сыстэме вельмі складана. І думаю, што ён абсалютна нічога ня зробіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG