Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька пра сустрэчы з афіцыйнымі асобамі Грузіі: “Такое адчуваньне, што я размаўляю са сваімі аднадумцамі ў АГП альбо ў кааліцыі”


Алесь Дашчынскі, Менск Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька знаходзіцца зь візытам у Тбілісі. На сёньня заплянаваная ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Грузіі Міхаілам Саакашвілі, а таксама з кіраўніком грузінскага парлямэнту Ніно Бурджанадзэ.

У Тбілісі Анатоля Лябедзьку прыймаюць на вышэйшым узроўні, у яго адбыўся шэраг плённых сустрэчаў: з прэм’ер-міністрам Грузіі Зурабам Нагаідэлі, віцэ-сьпікерам парлямэнту Міхаілам Мачаварыяні, старшынём парлямэнцкага камітэту ў міжнародных справах Канстанцінам Габашвілі й іншымі. Анатоль Лябедзька задаволены хадой перамоваў з грузінскім бокам і бачыць посьпех гэтага візыту ў тым, што беларускім дэмакратычным сілам адкрытая ўся палітра палітычнай улады Грузіі. Гэта азначае, што можна будаваць супрацоўніцтва ня толькі на заходнім кірунку, з Эўропай і ЗША, але і на постсавецкай прасторы.

(Лябедзька: ) “Мы адчыняем дзьверы ва ўладныя структуры ў краінах постсавецкай прасторы. Калі да гэтага часу была такая маналітная канфігурацыя правіцеляў-алігархаў больш ці менш аўтарытарных, і нам было бессэнсоўна шукаць нейкай падтрымкі, нейкіх супольных праграмаў дзейнасьці, то цяпер сытуацыя мяняецца. Падчас сустрэчы з прэм’ер-міністрам Грузіі Зурабам Нагаідэлі мы абмяркоўвалі наагул стварэньне вялікай кааліцыі дэмакратыі, якая ўключала б у сябе некаторыя краіны постсавецкай прасторы, Польшчу, Балтыю — і вось каб гэтая вялікая кааліцыя дэмакратыі была скіравана на зьмяненьне сытуацыі ў Беларусі”.

Паводле Анатоля Лябедзькі, беларуская палітычная апазыцыя дамаўляецца пра актыўную супрацу з грузінскім бокам. Дасягнутая дамоўленасьць у грузінскім парлямэнце пра стварэньне дэпутацкай групы “За дэмакратычную Беларусь”, якая будзе актыўна працаваць ня толькі ў беларуска-грузінскіх дачыненьнях, але і ў міжнародных структурах.

(Лябедзька: ) “Гэта, з аднаго боку, сыгнал так званаму беларускаму парлямэнту, што ня можа быць супрацы на міжпарлямэнцкім узроўні, але разам з тым, яны падкрэсьліваюць, што ёсьць цэлая краіна і павінны быць камунікацыі з грамадзянскай супольнасьцю. Парлямэнтары Грузіі выбіраюць для сваёй супрацы суб’екты грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Акрамя гэтага, мы абгаворвалі магчымасьць падпісаньня пагадненьня паміж палітычнымі суб’ектамі Грузіі і Ўкраіны, пагадненьне аб супрацы. Такі дакумэнт мы прапрацоўваем з Украінай, ён будзе якраз своечасовым”.

Як ставяцца да сытуацыі ў Беларусі вышэйшыя дзяржаўныя чыноўнікі ў Грузіі?

(Лябедзька: ) “Такое адчуваньне, што я размаўляю са сваімі аднадумцамі ў АГП альбо у кааліцыі “5” ці “10 плюс”. Поўнае паразуменьне. Людзі яшчэ не астылі ад тых падзеяў, якія ў іх былі, на 100 адсоткаў разумеюць сытуацыю і гатовыя на вельмі многае, настолькі гатовыя ісьці, наколькі ім дазваляюць магчымасьці ўнутраныя”.

Мы размаўлялі з Анатолем Лябедзькам за некалькі хвілінаў да выступу прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша на плошчы Свабоды ў Тбілісі. Тым часам, адзін зь лідэраў беларускага “трэцяга сэктару” Аляксандар Мілінкевіч, які таксама плянаваў паездку ў Грузію, вымушаны быў яе адмяніць з-за дрэннага самаадчуваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG