Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ульляна Захаранка на Радаўніцу наведала могілкі, дзе пахаваныя сваякі былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Ю.Захаранкі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ускласьці кветкі на ягоную магілу маці ня можа, паколькі беларускія ўлады гэтак і не завяршылі расьсьледаваньня справы.

У пасёлак Васілевічы Гомельскай вобласьці да маці Юрыя Захаранкі Ўльляны Рыгораўны сёньня прыехалі сваякі. Раніцай усе выправіліся да родных магілаў. Былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка зьнік у траўні 1999 году, і ўжо амаль два гады прызнаны судом памерлым. Але на Радаўніцу пра яго ня кажуць як пра мёртвага. Гаворыць Ульляна Захаранка:

(Захаранка: ) “ Мы Юру не памінаем як загіблага. Мы ўсе лічым, што ён жывы. І ўсе кажуць, што ён жывы. А хто ведае, як там? Мы ж нічога ня ведаем. Я толькі плачу і на фатаздымак ягоны ўсё гляджу”.

У маці зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага сёньня працоўны дзень, яна працуе ў стаматалёгіі. Два дні таму Вольга Рыгораўна наведала могілкі сваякоў, у тым ліку магілу свайго брата Валера Басава, які працаваў рэжысэрам на Беларускім тэлебачаньні і ўпершыню прывёў свайго пляменьніка Дзіму Завадзкага на БТ. Вольга Завадзкая таксама ўстрымліваецца памінаць свайго зьніклага сына на Радаўніцу, бо няма магілы, і для яе ён застаецца жывы.

(Завадзкая: ) “Пакуль яе няма, у мяне ёсьць надзея. А сытуацыя такая, што я хачу ведаць праўду, любую праўду , каб мець адпачынак для душы”.

Нядаўна пракуратура Беларусі аднавіла расьсьледаваньне справы Зьмітра Завадзкага, які зьнік у ліпені 2000 году. Сьледчыя правяраюць зьвесткі, паводле якіх журналіста маглі пахаваць пад выглядам невядомага чалавека на могілках у Воршы ці ў Крупках. Туды нібыта прывялі сьляды асуджаных за выкраданьне Завадзкага. Аднак маці журналіста не выключае, што і гэта стане імітацыяй сьледчых дзеяньняў. Вольга Завадзкая лічыць, што расьсьледаваньне справы яе сына блякуецца найвышэйшым кіраўніцтвам краіны.

Жонка зьніклага намесьніка старшыні Вярхоўнага Савету Віктара Ганчара Зінаіда Ганчар на Радаўніцу застаецца дома. Пахаваных у Менску сваякоў у яе няма, а лічыць мужа памерлым яна адмаўляецца. Яна працягвае прыкладаць намаганьні, каб актывізаваць расьсьледаваньне справы яе мужа. У сакавіку Зінаіда Ганчар у Маскве сустракалася з Элай Памфілавай, кіраўніцай савету па правах чалавека пры прэзыдэнце Расеі Ўладзімеру Пуціну. Яны абмяркоўвалі, чым Расея можа дапамагчы ў расьсьледаваньні.

Ірына Красоўская, чый муж бізнэсовец Анатоль Красоўскі зьнік разам зь Віктарам Ганчаром, сёньня ў Менску сустракалася зь сябрамі, якія дапамагаюць у працы грамадзкага руху “Мы памятаем”. Ірына Красоўская заявіла, што для яе галоўным застаецца знайсьці адказы на пытаньні пра лёсы зьніклых змагароў за дэмакратыю ў Беларусі.

(Красоўская: ) “Я лічу, спачатку мы мусім высьветліць, што зь імі адбылося, а потым знаходзіць могілкі і рабіць тое, што робяць на Радаўніцу”.

Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі зьніклі ў верасьні 1999 году. Іх сваякі лічаць, што яны, як Юры Захаранка і Зьміцер Завадзкі, пацярпелі ад дзеяньняў “эскадрону сьмерці”, загады якому нібыта аддавалі вышэйшыя кіраўнікі Беларусі. Усе намаганьні міжнароднай супольнасьці прымусіць беларускія ўлады да канца расьсьледаваць гэтыя справы былі марнымі.
XS
SM
MD
LG