Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова жыве і праз 10 гадоў пасьля рэфэрэндуму


Іна Студзінская, Менск 10 гадоў таму, у траўні 1995 году, у Беларусі прайшоў рэфэрэндум, адным з пытаньняў якога было: “Ці згодныя вы з наданьнем расейскай мове роўнага статусу зь беларускай?” Паводле афіцыйных дадзеных, якія апублікаваў Цэнтарвыбаркам, 80% тых, хто ўзяў удзел у галасаваньні, адказалі “так”. І хоць роднае слова стала адкрыта ігнаравацца найвышэйшымі асобамі краіны, дзяржаўнымі СМІ, у Беларусі ёсьць шмат патрыётаў, якія ва ўсіх сфэрах прынцыпова ўжываюць толькі беларускую мову.

Беларуская мова паступова становіцца мовай інтэлігенцыі, мовай эліты. Актор Гарадзенскага драматычнага тэатру, паэт, бард і шоўмэн, а таксама самы вядомы аукцыяніст Віктар Шалкевіч паўсюль гаворыць па-беларуску. Я запыталася ў яго, як рэагуе народ, калі ён вядзе, да прыкладу, аўкцыёны па-беларуску?

(Шалкевіч: ) “Нармальна. А як яно яшчэ павінна быць? Калі ў сталіцы Рэспублікі Беларусь горадзе Менску – на якой мове павінны быць аукцыёны? На беларускай, ясна. Гэта вельмі нармальны парадак рэчаў. Наколькі ў мяне хопіць сіл, я ўсім буду даводзіць, што трэба вяртацца да вытокаў, да каранёў”.

Загадчык лябараторыі Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай Акадэміі навук Язэп Стэфановіч летась пасьпяхова абараніў доктарскую дысэртацыю па тэме “Сынтаксанамія і сындынаміка лугавой расьліннасьці Беларусі” па-беларуску.

(Карэспандэнтка: ) "Перашкаджала кантактам, водгукам, сувязям тое, што мова была не расейская, не ангельская, а менш вядомая - беларуская?"

(Стэфановіч: ) “Зусім не. Якраз мой досьвед пераканаў усіх у тым, што беларуская мова – кантактная, асабліва ў славянскім сьвеце. Дарэчы, я атрымаў водгукі на аўтарэфэрат дысэртацыі ў большай колькасьці, чым мае ўсе папярэднікі - зь Нямеччыны, Чэхіі, Расеі, Літвы, Латвіі, нават з Казахстану. Аказваецца, чытаюць і адзначаюць, што беларуская мова зразумелая. Няма праблем”.

Тэлегледачы, напэўна, заўважылі, што апошнім часам зьвілася шмат беларускамоўнай рэклямы. Першай ластаўкай была “Эскада”. А цяпер “Самсунг”, “Рэно”, “Дырол-Кэдбэры”, “Нэскафэ”... Такую рэкляму замаўляюць у асноўным ўсясьветна вядомыя замежныя кампаніі. На думку копірайтэра Юліі Дранчук, беларуская мова зьяўляецца бясплатным дадатковым сродкам, каб прыцягнуць больш пільную ўвагу да рэклямы.

(Дранчук: ) “Калі беларускамоўная рэкляма робіцца прафэсіяналамі, гэтая беларуская мова якасна адрозьніваецца ад той мовы, якую выкарыстоўвае БТ. У рэкляме мова прыгожая, яна прываблівае. Напрыклад, у нас вельмі шырока рэклямуецца па-беларуску “Самсунг”. Зьявілася беларускамоўная рэкляма аўтамабіляў “Рэно”, таксама выкарыстоўваецца лексыка даволі прыгожая. І мне здаецца, што пасярод рускамоўнага блёку рэклямы на радыё, тэлебачаньні, калі ўвага чалавека абсалютна расьсеяная, беларуская мова, добрая, прыгожая, увагу прыцягвае пазытыўна”.

Крыўдна, але амаль не чуваць цяпер беларускай мовы ў дзяржаўных установах – чыноўнікі карыстаюцца выключна расейскай, нават не саромеюцца, што ня ведаюць роднай мовы. Апраўдваюцца: маўляў, цяпер дзяржаўныя абедзьве... Што да кіраўніка дзяржавы, у першыя гады прэзыдэнцтва двойчы ён выступаў па-беларуску. Дакладней, чытаў па паперцы. Цяпер нават рэпартажы з удзелам прэзыдэнта на БТ павінны гучаць толькі па-расейску – такое непісанае правіла.

Але насуперак гэтаму практычна ва ўсіх сфэрах ёсьць людзі, якія цудоўна валодаюць мовай і карыстаюцца ёю. У 53-м тралейбусе кіроўца абвяшчае прыпынкі па-беларуску. Судзьдзя Вярхоўнага Суду Галіна Жукоўская вядзе працэсы па-беларуску. Участковы лекар-пэдыятар Ганна Асмалоўская са сваімі маленькімі пацыентамі размаўляе па-беларуску, як і дырэктар Рэспубліканскай школы вышэйшага спартовага майстэрства Уладзімер Падаляка. Дзясяткі выкладчыкаў дакладных навук чытаюць лекцыі і прымаюць іспыты па-беларуску. Сьпіс можна працягваць...
XS
SM
MD
LG