Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія фашысты напярэдадні Дня Перамогі пашыралі ў Гомлі ўлёткі са свастыкай


Уладзімер Глод, Менск Дэпутат Гомельскага гарадзкога савету Юрась Глушакоў бліжэйшым часам зьбіраецца вярнуцца да дзейнасьці прадстаўнікоў незарэгістраванай ў Беларусі арганізацыі - "Русского национального единства" (РНЕ). Штуршком для новага дэпутацкага звароту сталі падзеі напярэдадні сьвяткаваньня 60-х угодкаў Перамогі ў гомельскім мікрараёне Стары Аэрадром. Тут у паштовыя скрыні амаль кожнага дома раскідалі ўлёткі з выявай фашысцкай свастыкі. Менавіта гэтыя дамы ўваходзяць у выбарчую акругу дэпутата Глушакова. Са спадаром Глушаковым размаўляў наш карэспандэнт.

Выбарцы Юрася Глушакова вельмі абураныя ўлёткамі. Асабліва закранае іх зьяўленьне свастыкі ў дні, калі горад упрыгожаны ў колеры Перамогі. Спадар Глушакоў сказаў, што гэта далёка ня першая акцыя экстрэмісцкай арганізацыі ў Гомлі. Аднак такі вялікі маштаб акцыя прыхільнікаў нацызму набыла ўпершыню. Раней прыхільнікі РНЕ толькі разьвешвалі свае ўлёткі на сьценах будынкаў. Але, падкрэсьлівае дэпутат, і тады, і цяпер нэанацысты адкрыта ўказваюць на ўлётках нумар сваёй абанэнцкай скрыні, час і месца сустрэчаў.

Я спытаў спадара Глушакова, ці праўда тое, што ён спрабаваў уздымаць гэтую праблему ў гарсавеце:

(Глушакоў: ) "Двойчы, двойчы ўздымаў". (Карэспандэнт: ) "І якая была рэакцыя?" (Глушакоў: ) "Аніякая. З боку сэсіі, праўда, нармальная. Прынялі зварот дэпутацкі з маёй прапановай. Але адказу ніякага не атрымалі". (Карэспандэнт: ) "І калі гэта было?" (Глушакоў: ) "Даўно ўжо, дзесьці каля году прайшло". (Карэспандэнт: ) "І наколькі гэта сур’ёзная пагроза -- РНЕ?" (Глушакоў: ) "Я ня думаю, што гэта так ужо вельмі сур’ёзна. Але ж гэта ёсьць, і небясьпека існуе. Думаю, што далей іхная колькасьць можа павялічвацца".

Нэанацысты актывізаваліся ня толькі ў Гомлі. Два месяцы таму сучасныя нацысты ля менскага клюбу "Лео" парэзалі двух маладых наведнікаў. На 25 сакавіка некаторыя сродкі масавай інфармацыі Беларусі прагназавалі марш нацыстаў, які, праўда, не адбыўся. Якое ж цяпер агульнае становішча са спадкаемцамі фашыстаў у Беларусі?

Кідаецца ў вочы, што афіцыйныя ўлады літаральна штодзённа змагаюцца з палітычнай апазыцыяй. А вось пра барацьбу з нэанацыстамі чамусьці не чуваць. Той самы Юрась Глушакоў лічыць, што ў Гомлі гарадзкія ўлады, міліцыя абыякава ставяцца да дзеяньняў РНЕ. Між тым, ва ўлётках гэтай арганізацыі, незалежна ад таго, дзе яны распаўсюджваюцца, прыкладам, у Гомлі, Магілеве ці іншым месьце, выразна бачныя спробы расколу грамадзтва на нацыянальнай глебе, у прыватнасьці напісана так: "Будучыня будзе рускай, альбо яе зусім ня будзе". А падсумаваць сытуацыю са спадкаемцамі фашыстаў у Беларусі я папрасіў чалавека, які даўно зь імі сутыкаецца. Гэта кіраўнік незарэгістраванай у Міністэрстве юстыцыі Беларускай Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі:) "Гэтыя гітлерчукі далёка ня пойдуць, далёка яны ня зойдуць. Таму што беларусы паціху, не так хутка, як мне хацелася б, але становяцца на ногі. І нават з Усходняй Беларусі іх выціскаюць. Іх выціснулі з Магілеву хлопцы зь Беларускай Партыі Свабоды, іх фактычна выціснулі зь Віцебску. Застаўся толькі Гомель. Мы змагаемся з усім дрэвам фашызму, а гэта толькі галінкі. Але тое, што іхны канец непазьбежны, у мяне сумневу няма ні найменшага".
XS
SM
MD
LG