Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнкава паўпраўда пра сьвятароў на вайне


Альгерд Невяроўскі, Менск Выступаючы 9 траўня на парадзе ў Менску з нагоды 60-годзьдзя Перамогі ў Другой усясьветнай вайне, Аляксандар Лукашэнка выказаў падзяку сьвятарам, якія “зьбіралі ахвяраваньні й дапамагалі народу захоўваць веру ў перамогу справядлівасьці”. Але ці сапраўды ўсё было так, як гаворыць беларускі кіраўнік? Варта нагадаць, што перад так званым "вызвольным паходам" Чырвонай арміі ў верасьні 1939 году ва Ўсходняй Беларусі ацалелі толькі зь дзясятак цэркваў ды два касьцёлы. Як жа ўспрынялі ягоныя словы прадстаўнікі царквы і праваслаўнай грамадзкасьці?

Выступаючы на парадзе войскаў Менскага гарнізону Аляксандар Лукашэнка між іншым сказаў:

(Лукашэнка: ) “Словы асаблівай падзякі сьвятарам. Вы бласлаўлялі людзей на подзьвіг. Дапамагалі зборам ахвяраваньняў. Асабіста зьдзяйсьнялі гераічныя ўчынкі у імя веры й Радзімы. Больш за 5 тысячаў сьвятароў адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі за баявую адвагу. Вы дапамагалі народу захоўваць веру ў перамогу справядлівасьці”.

Але Аляксандар Лукашэнка ні словам не згадаў пра тыя жудасныя рэпрэсіі, якія зьведалі праваслаўная ды іншыя хрысьціянскія цэрквы ў Савецкім Саюзе і ў Беларусі перад вайной з боку бальшавіцкіх уладаў. Таму прадстаўнік Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы па сувязях з грамадзкасьцю архімандрыт Аляксей Шынкевіч кажа, што падтрымка духавенствам барацьбітоў з фашызмам ёсьць няпоўнай праўдай:

(а. Шынкевіч: ) “Гэта вельмі прыемна, што ён адзначыў значную ролю Праваслаўнай Царквы ў гады Вялікай айчыннай вайны. З аднаго боку гэта праўда, тое, што сьвятары дапамагалі. Перш за ўсё партызанам. Гэта адна праўда. Але ёсьць і другі бок гэтай праўды. Справа ў тым, што напярэдадні вайны Праваслаўнай Царквы на землях Беларусі юрыдычна не існавала. Яна ў асноўным існавала ў заходняй частцы Беларусі. Таму што амаль усе сьвятары знаходзіліся ў турмах і сібірскіх лягерах”.

Архімандрыт Аляксей згадаў лёс сьвятара Мікалая Хільтова, які ў часе вайны дапамагаў партызанам, а пасьля яе заканчэньня быў арыштаваны НКВД нібыта за тое, што кантактаваў зь нямецкімі ўладамі.

А кіраўніца грамадзкай арганізацыі “Беларуская пэрспэктыва” і праваслаўная верніца Валянціна Трыгубовіч увогуле лічыць гэтае выказваньне Лукашэнкі сьвядомай фальсыфікацыяй гісторыі:

(Трыгубовіч: ) “Я мяркую, што гэта клясычны прыклад такой абэрацыі памяці, ці больш дакладна сьвядомай фальсыфікацыі гісторыі. Таму што мы цудоўна ведаем, што Царква на тэрыторыі Савецкага Саюзу была зьнішчаная бальшавіцкай уладай пачынаючы яшчэ ад загадаў Леніна. Сьвятароў было вельмі мала. Кожны зь іх так як мог дапамагаў людзям ратаваць сваё жыцьцё. Партызаны або скінутыя на парашутах дэсантнікі расстрэльвалі сьвятароў, бо лічылі іх антысавецкімі людзьмі. Таму думаю, што такая ўжытая рэпліка ёсьць чыстай кан’юнктурай”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG