Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Гомелі ня усім далі ушанаваць памяць салдат ды падпольшчыкаў?


Казімер Яноўскі, Гомель Гомельскі гарвыканкам не дазволіў рэгіянальным арганізацыям апазыцыйных палітычных партыяў удзельнічаць у агульнагарадзкой цырымоніі ўскладаньня вянкоў да помніку загінулых салдат і падпольшчыкаў.

Прадстаўнікі палітычных партыяў загадзя зьвярталіся ў гарвыканкам з просьбай удзельнічаць у Дзень Перамогі ў цырымоніі ўшанаваньня загінулых салдат ды падпольшчыкаў на пляцы Працы. Аднак выканкам дазволіў гэта рабіць толькі аб 11-й гадзіне, калі вэтэраны ды вайсковыя падразьдзяленьні пакінулі пляц і накіраваліся на тэатралізаванае сьвята на Цэнтральны стадыён. Акурат пасьля гэтага каля паўсотні прадстаўнікоў Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БНФ, Партыі камуністаў Беларускай прынесьлі да помніка вянкі ды жывыя кветкі. На жалобнай служцы ад гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ было напісана: “Палеглым за Радзіму”.

Гаворыць кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Анатоль Паплаўны:

(Паплаўны: ) “У такія сьвяты не павінна быць падзелу, як кажуць, на нашых і ня нашых. І таму вельмі зьдзіўляе тое, што нам не дазволілі ўдзельнічаць у агульным мерапрыемстве. Улада спрабуе цяпер прыватызаваць і сьвяты — сумныя і вясёлыя. Быццам бы толькі яна робіць дабро, памятае пра тых, хто загінуў. Прыкра ўсё гэта, канечне”, — мяркуе спадар Паплаўны.

Былая старшыня гарсавету і гарвыканкаму, сябра АГП Сьвятлана Гальдадэ лічыць, што цяперашняя ўлада добра не разумее сутнасьці гэтага вялікага і адначасова трагічнага дня:

(Гальдадэ: ) “Гэта сьвята народу, сьвята тых, хто абараняў Айчыну, хто адбудоўваў яе пасьля вайны, тых, хто расьціў дзяцей, калі мужчыны былі на фронце. Гэта сьвята ўсіх нас, таму што мой тата называў мяне “мой паваенны ўзор”. Мы ўсе нашчадкі тых, хто здабыў гэтую перамогу”.

Яшчэ адзін прадстаўнік АГП Уладзімер Кацора распавёў, што сёньня яны ня сталі высьвятляць адносінаў з гарвыканкамам:

(Кацора: ) “9 траўня — гэта ня той дзень, тым больш на 60-я ўгодкі, калі трэба было высьвятляць адносіны. Але ў найбліжэйшы час мы знойдзем годны адказ, таму што ўлада манапалізавала нават і такія сьвяты”, — сказаў сябра палітрады АГП Уладзімер Кацора.
XS
SM
MD
LG