Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія пэрспэктывы беларуска-ўкраінскіх дачыненьняў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 5 траўня) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”.

Удзельнікі: палітолягі Аляксандар Дзергачоў з Кіева і Андрэй Фёдараў зь Менску.

(Валер Карбалевіч: ) “Пасьля аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне, замежная палітыка Кіева зьмянілася. Курсу на інтэграцыю ў эўраатлянтычныя структуры спадарожнічае і новая палітыка ў дачыненьні да постсавецкіх краінаў, у прыватнасьці, да інтэграцыйных аб’яднаньняў. Новыя ўкраінскія ўлады больш халодна ставіцца да адзінай эканамічнай прасторы, якую ствараюць Беларусь, Расея, Украіна, Казахстан, але больш спрыяльна да арганізацыі ГУУАМ.

Адным з важных чыньнікаў замежнай палітыкі Ўкраіны стала ідэя дэмакратыі. Таму зразумела, што ў зьвязку з гэтым дачыненьні Беларусі і Ўкраіны сталі больш халоднымі, бо сытуацыя з дэмакратыяй у Беларусі пагаршаецца. Кіеў спрабуе праводзіць у дачыненьні да Менску курс, які супадае з заходняй палітыкай. Гэта праявілася і падчас візыту Юшчанкі ў ЗША, і падчас галасаваньня ў Камісіі ААН па правах чалавека. Украінскае кіраўніцтва заняло больш жорсткую пазыцыю адносна пытаньня запазычанасьці Ўкраіны Беларусі. Як вы пракамэнтуеце гэта?”

(Аляксандар Дзергачоў: ) “Цяпер цяжка казаць пра штосьці прынцыпова новае ў палітыцы Ўкраіны адносна Беларусі. Хутчэй, можна казаць пра тое, што агульныя зьмены (а яны сапраўды адбываюцца) у палітыцы на заходнім кірунку і постсавецкай прасторы так ці інакш адбіваюцца на двухбаковых беларуска-ўкраінскіх дачыненьнях. Украіна намагаецца цяпер гарманізаваць дачыненьні да двух вэктараў і не супрацьпастаўляе адзін другому. У агульным выглядзе замежная палітка Ўкраіны цяпер фармулюецца так: інтэграцыя ў Эўропу і паглыбленьне супрацоўніцтва з найбліжэйшымі суседзямі ў межах СНД.

Але канкрэтныя крокі, якія прапануе Кіеў, сустракаюць досыць халоднае стаўленьне нават у межах стварэньня адзінай эканамічнай прасторы. Першым крокам у гэтых прапановах магла б быць зона вольнага гандлю, па магчымасьці, без абмежаваньняў. Але такі крок не ўспрымаюць у Маскве. А Маскве так ці інакш падыгрывае Менск.

Таму трэба разабрацца, хто блякуе супрацоўніцтва. У Кіеве гатовыя вельмі прагматычна ставіцца да пытаньняў, якія можна вырашаць сёньня. Больш за тое, ніхто сёньня не аспрэчвае, што прайсьці частку шляху да Эўропы, зьдзейсьніць базавыя рэформы ня толькі магчыма, але і карысна разам з Расеяй, Беларусьсю і іншымі постсавецкімі краінамі. Хутчэй праблема ў тым, што і ў Маскве, і ў Менску чакаюць, як паўплывае ўкраінская рэвалюцыя на сытуацыю ў гэтых краінах. І менавіта гэта вызначае пэўныя новыя складанасьці ў двухбаковых дачыненьнях”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Пакуль што, за выключэньнем галасаваньня ў Камісіі ААН па правах чалавека ў Жэнэве, выказваньні афіцыйных асобаў Украіны наконт Беларусі застаюцца толькі выказваньнямі. Канкрэтных справаў пакуль не было. Але самі заявы сьведчаць пра настроі, якія пануюць сярод кіраўніцтва Ўкраіны. Зразумела, што такі настрой не падабаецца афіцыйнаму Менску. Таму і адказы зь беларускага боку такія жорсткія. Іншая справа, што Ўкраіна ня можа значна паўплываць на палітыку Беларусі. Нават такія ўплывовыя цэнтры сілы, як Эўразьвяз, ня могуць істотна зьмяніць сытуацыі ў нашай краіне.

Што рэальна можа Ўкраіна? Найперш, яна можа даць сваю тэрыторыю для рэгістрацыі беларускіх няўрадавых арганізацыяў, якія адчуваць ціск у Беларусі. Кіеў можа далучыцца да ініцыятывы Эўразьвязу і разьмясьціць на сваёй тэрыторыі тэле- і радыёперадатчыкі для вяшчаньня на Беларусь. І ня больш за тое”.

(Карбалевіч: ) “Афіцыйны Менск адказвае Кіеву абвінавачаньнямі ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі. У сваім штогадовым пасланьні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Лукашэнка абвінаваціў Украіну ў тым, што яна стварае на сваёй тэрыторыі лягеры для падрыхтоўкі беларускай апазыцыі. Дзяржаўныя СМІ абвінавачваюць Украіну ў здрадзе шматвяковым сяброўскім дачыненьням двух народаў. Як вы гэта пракамэнтуеце?”

(Дзергачоў: ) “Пытаньне пра магчымасьць экспарту памаранчавай рэвалюцыі аб’ектыўна існуе. У сапраўднасьці афіцыйная ўлада ў Кіеве вельмі далёкая ад таго, каб заахвочваць такое разьвіцьцё падзеяў. Ёй ёсьць чым займацца ўнутры краіны. Трэба працягваць працэс зьмены ўлады, умацаваньне пазыцыяў дэмакратыі. Думаю, што цягам гэтага году, да будучых выбараў Вярхоўнай Рады будзе працягвацца пераходны працэс. І далей галоўным будзе самазабесьпячэньне пасьпяховасьці новай мадэлі разьвіцьця.

Гэта эўрапейская дэмакратычная мадэль, якая будзе аддаляць Украіну ад той Беларусі, і той Расеі, якія яны ёсьць сёньня. Яна сапраўды, магчыма, будзе перашкодай для больш цеснага супрацоўніцтва на постсавецкай прасторы. Тады як паглыбляюцца дачыненьні з краінамі, дзе дэмакратыя разьвіваецца, такімі, як Грузія, Малдова. Сам працэс рэвалюцыяў, асабліва пасьля падзеяў у Кыргызстане, знаходзіцца пад пільнаю ўвагаю. Можна рэальна казаць пра тое, што перадумовы рэвалюцыі існуюць у Казахстане. Досыць складаным выяўляецца пытаньне 2008 году для Расеі.

Але я хацеў бы заспакоіць менскія ўлады і іх прыхільнікаў. Сытуацыя ў Беларусі бачыцца дастаткова стабільнай, паколькі тут не існуе тых перадумоваў у крызісных дачыненьнях паміж грамадзтвам і ўладай, якія склаліся ў свой час ува Ўкраіне. Ўкраіна зацікаўленая ў тым, каб пашыралася прастора дэмакратыі, каб былі агульнымі падыходы да базавых пытаньняў унутранага разьвіцьця, эканамічных рэформаў у нашых партнэраў. Але экспартаваць рэвалюцыю Кіеў не зьбіраецца. Адзінае, што ён сапраўды спадзяецца зрабіць, гэта прадэманстраваць, што дэмакратыя можа быць больш эфэктыўнай, чым жорсткі палітычны рэжым. І самім сваім прыкладам так апасродкавана Ўкраіна імкнецца аказваць уплыў на іншых. Што тычыцца падтрымкі беларускай апазыцыі, то, думаю, гэта будзе адбывацца цалкам у межах міжнароднага права без умяшаньня ва ўнутраныя справы”.

(Фёдараў: ) “Рэакцыя Беларусі на новую палітыку Ўкраіны была, безумоўна, нэгатыўная, былі адпаведныя заявы. Але, я цалкам згодзен з спадаром Дзергачовым, што Ўкраіна ня будзе актыўна займацца экспартам памаранчавай рэвалюцыі ні ў Беларусь, ні ў якую іншую краіну. Магчыма, гэтым будуць займацца пэўныя грамадзкія арганізацыі, накшталт “Поры”. І іхнай дзейнасьці ня будуць перашкаджаць украінскія ўлады. Але падтрымліваць і накіроўваць таксама ня будуць. Зь іншага боку, думаю, Украіна будзе працягваць тую дзейнасьць, якую яна прадэманстравала ў Камісіі ААН па правах чалавека, то бок, падтрымліваць міжнародныя намаганьні дзеля дэмакратызацыі Беларусі, галасаваць у міжнародных арганізацыях разам з краінамі Захаду.

У той жа час, я ня думаю, што гэта нэгатыўна паўплывае на беларуска-ўкраінскія эканамічныя дачыненьні. Тут можна згадаць прыклад з Эўразьвязам, які займае жорсткую пазыцыю адносна палітыкі Беларусі, але гэта не перашкаджае хуткаму росту ўзаемнага гандлю”.

(Карбалевіч: ) “Скандал з украінскімі грамадзянамі, якія да сёньняшняга дня сядзяць за кратамі ў Менску, выклікаў рэзананс ва Ўкраіне. Міністэрства замежных справаў Украіны накіравала некалькі нотаў на адрас беларускіх уладаў. Вакол беларускай амбасады ў Кіеве адбываюцца акцыі пратэсту. Як гэтыя падзеі могуць адбіцца на беларуска-ўкраінскіх стасунках?”

(Дзергачоў: ) “Відавочна, што тут будуць разьвівацца дзьве паралельныя лініі. Па-першае, гэта афіцыйныя дачыненьні. Абмен нотамі сьведчыць пра адмысловую пазыцыю Ўкраіны адносна ўласных грамадзянаў. Адрозна ад Расеі, якая прызнала паводзіны сваіх грамадзянаў у Менску няправільнымі, і на гэтым грунтавала сваю апэляцыю наконт перагляду судовага рашэньня, ўкраінская ўлада не камэнтуе дзеяньняў уласных грамадзянаў у Беларусі. Ва Ўкраіне і ўлада, і абсалютная большасьць грамадзтва паважае тыя акцыі, якія былі падтрыманыя ўкраінцамі ў Беларусі, лічыць іх законнымі праявамі грамадзянскага руху, якія ня могуць быць прадметам судовага перасьледу. Таксама абсалютна пазытыўна ўспрымаецца пазыцыя ўкраінскіх грамадзянаў, якія абвясьцілі галадоўку. І тыя людзі, якія пратэстуюць каля амбасады Беларусі ў Кіеве, успрымаюцца як прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў.

Ніхто ня ставіць пытаньня з нагоды гэтага інцыдэнту пра перагляд міждзяржаўных адносінаў. Адзінае, што мяняецца імідж Беларусі — ён пагоршыцца. Гэта прыклад таго, наколькі розьняцца агульныя ўмовы выяўленьня грамадзянскай актыўнасьці дзьвюх краінаў. Тое, што памаранчавая рэвалюцыя прывяла да замацаваньня пэўных асноваў дэмакратыі, дэманструе нашае адрозьненьне ад сытуацыі ў іншых постсавецкіх краінах”.

(Фёдараў: ) “Усё залежыць ад таго, ці будуць гэтыя падзеі мець працяг. Калі пасьля адбыцьця пакараньня ўкраінскія грамадзяне паедуць дамоў, і на гэтым інцыдэнт закончыцца, тады пагаршэньня дачыненьняў з-за гэтай сытуацыі ня будзе. Але калі гэты працэс будзе працягвацца, калі зноў украінскія дэмакраты будуць прыяжджаць сюды на падтрымку беларускай апазыцыі, тады гэтая сытуацыя зьменіцца. Гэта не пагоршыць эканамічных стасункаў, але палітычныя дачыненьні моцна сапсуюцца, магчыма, гэта пяройдзе на ўзровень асабістых адносінаў паміж кіраўнікамі дзяржаваў.

Дарэчы, Юшчанка заявіў пра магчымасьць сустрэчы ў Маскве падчас саміту СНД з Лукашэнкам, каб абмеркаваць інцыдэнт з затрыманьнем украінскіх грамадзянаў. Але няма пацьверджаньняў, што яна ўвогуле адбудзецца”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, беларуска-ўкраінскія дачыненьні ўступілі ў пэрыяд абвастрэньня. І нават рост узаемнага гандлю ня здольны зьмяніць сытуацыі. Праблема палягае ў палітычнай несумяшчальнасьці кіроўных рэжымаў. І такая сытуацыя будзе працягвацца да таго часу, пакуль у адной з краінаў ня зьменіцца палітычны рэжым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG