Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У менскім Доме літаратара разьвіталіся з Анатолем Сысом


Валянціна Аксак, Менск Ля труны, накрытай бел-чырвона-белым сьцягам, сабралася каля сотні чалавек. Бальшыню прыхільнікаў таленту Анатоля Сыса з увагі на працяглыя выходныя ў краіне вестка пра раптоўную сьмерць аднаго са стваральнікаў нефармальнага моладзевага аб’яднаньня “Тутэйшыя” і выбітнага прадстаўніка літаратурнага пакаленьня саракагадовых засьпела ня ў Менску.

Распачынаючы жалобную цырымонію, старшыня Саюзу пісьменьнікаў Алесь Пашкевіч назваў Анатоля Сыса творцам, акрыленым эўрапейскім сонцам. Паэт і грамадзкі дзеяч Генадзь Бураўкін, які быў адным з тых, хто некалі падтрымаў маладога паэта, сёньня, разьвітваючыся зь ім,сказаў, што Анатоль Сыс са сваёй тонкай душой балюча ўспрымаў драматычную беларускую рэчаіснасьць:

(Бураўкін: ) “На беларускім небе ў вышыні запалілася ўжо Сысова зорка, а як яна патрэбна была б нам на зямлі. Такога Толі, якога мы ведалі, які, можа, у нечым быў часам не такі, як сам хацеў быць, але ў якога была такая выдатная, такая тонкая, такая беларуская, такая таленавітая душа, што апошняе, што хочацца ў яго дарогу ў вечнасьць сказаць: даруй, дарагі Анатоль, і дзякуй за тое, што ты быў і што пасьпеў зрабіць”.

Былы галоўны рэдактар часопіса “Полымя” паэт Сяргей Законьнікаў сказаў, што беларуская зямля шчодрая на таленты, але людзі іх не берагуць.

(Законьнікаў: ) “Калі мы зробім так, каб гэтыя людзі маглі спраўдзіць сябе так, як ім хацелася — вольна, свабодна, а ня так, як ён?!. Ён проста пісаў так, як дыхаў, а дыхаць нам цяжка ўсім, а яму, можа быць яшчэ найбольш дыхаць было цяжка, бо натура ягоная была такая вольналюбівая і далікатная. І таму калі мы ня будзем берагчы талентаў, то ня будзе ў нас ніякай будучыні. Ня будзе”.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі падкрэсьліў у сваім жалобным слове грамадзянскую пазыцыю Анатоля Сыса, прыгадаўшы ягоны выступ на першым мітынгу на Дзяды ў 1987 годзе.

(Баршчэўскі: ) “Ён думаў, што трох радкоў, трох строфаў геніяльных, якія мог ён напісаць, хопіць, каб абудзіць чэрствыя сэрцы ў многіх людзей. А між іншым, яшчэ Максім Багдановіч напісаў: “Ведай, брат малады, у грудзях у людзей сэрцы цьвёрдыя, быццам з каменьня”. За ім не пайшлі мільёны, але тое, што ён пакінуў, гэта застанецца ў скарбонцы нашага прыгожага пісьменства, гэта застанецца ў сэрцах тых людзей, якія разам зь ім пачыналі ў “Тутэйшых”, і гэта застанецца ў гісторыі станаўленьня нашага беларускага сьветабачаньня”.

Цела Анатоля Сыса сёньня павезьлі на ягоную радзіму на Гомельшчыну ў вёску Гарошкаў, дзе ён будзе пахаваны заўтра, 10 траўня.
XS
SM
MD
LG