Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін: Сыс вельмі цэльна і чыста пражыў жыцьцё


Сяргей Навумчык, Прага Пра свайго сябра Анатоля Сыса, пра ягоны ўплыў на пакаленьне апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэньня па тэлефоне з Бабру (Крупскі раён) гаворыць мастак Алесь Пушкін.

(Алесь Пушкін: ) “Анатоль Сыс для майго пкаленьня канца 80-ых – пачатку 90-х гадоў адыграў значную ролю. Я зь ім пазнаёміўся ў 1988 годзе, на вечарыне, калі "Талака" выступала, і ён чытаў свае вершы. Потым у Доме літаратара, потым ён ужо прыходзіў да нас ў інтэрнат, да студэнтаў Акадэміі мастацтваў, і чытаў свае вершы. Ён часта заходзіў у мой пакой нумар 30, і пасьля яго вершаў мне вельмі хацелася працаваць. Мне было пякуча сорамна, што я не магу тое зрабіць у мастацтве выяўленчым, што ён рабіў ў паэзіі.

Як ён нас натхняў! Гэта была асоба, якая вельмі цэльна і чыста пражыла жыцьцё. Ягоныя вершы сабраныя ў адну кнігу дзякуючы Валянціне Якімовіч. Гэта "Сыс", ягоны зборнік вершаў. І мне здаецца, што гэтага – дастаткова.

Я адно шкадую, што ягонае жыцьцё скончылася ў Менску і несвоечасова. Бо было б больш натуральна, калі б ён памёр у старасьці, у сваім Гарошкаве, сярод сваіх землякоў і сваіх людзей. Як Язэп Драздовіч, скажам. А так – гэта несвоечасова, у 46 год памерці ў гэтай менскай кватэры, дзе тры дні да яго ніхто не заходзіў.

Ягоная муза маўчала, таму што яна не магла проста нешта пісаць ні аб чым. Бо паэт – гэта больш, чым ў нас якісьці чалавек, хто апявае прыгажосьць нашага краю ці нашых людзей... Працытую яго вершы:

Паэт ня можа быць паэтам Цнатлівае і чыстае красы, Калі ў краіне засыхаюць рэкі І паміраюць на карню лясы.

Гэта ён меў на ўвазе, мне здаецца, духоўны Чарнобыль. Тое, што цяпер адбываецца. І таму яго муза маўчала.

Але тое, што ўвайшло ў адну кніжачку, мне здаецца, гэтага дастаткова, каб ацаніць ягоны ўклад і ўплыў на ўсё нашае пакаленьне канца 80-х-пачатку 90-х гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG