Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбыўся вайсковы парад


Алег Грузьдзіловіч, Менск Адкрываючы вайсковы парад у Менску, Аляксандар Лукашэнка папярэдзіў Захад, што Беларусь “надае самую вялікую ўвагу абароназдольнасьці краіны”.

Тым часам у Маскве адбыўся парад у гонар Перамогі, на якім прысутнічалі кіраўнікі вядучых краінаў сьвету і СНД. З кіраўнікоў былых рэспублік Савецкага Саюзу на парадзе не было лідэраў Эстоніі, Літвы, Грузіі і Беларусі.

Больш за дзьве гадзіны пад дажджом без парасона прастаяў Аляксандар Лукашэнка на парадзе, прысьвечаным 60-годзьдзю Перамогі. Калі дождж узмацніўся, было заўважна, як па пінжаку кіраўніка краіны сьцякала вада, але парасон над ім так і не зьявіўся.

Адкрываючы парад, Аляксандар Лукашэнка гаварыў аб праблемах, якія непакояць яго больш за дрэннае надвор’е. У тым ліку кіраўнік Беларусі сказаў пра канфлікты ў сьвеце, якія “спараджаюць прэтэндэнты на ўсясьветнае лідэрства”.

(Лукашэнка: ) “Таму мы надаем такую пільную увагу абароназдольнасьці краіны. Нашае войска ёсьць надзейным гарантам цэласнасьці і бясьпекі Беларусі”.

Усьлед за войскамі і вайсковай тэхнікай у парадзе ўзялі ўдзел баявыя верталёты і самалёты. Яны нізка ляцелі ўздоўж вуліцы, якая яшчэ ўчора называлася Ерусалімскай. Большасьць самалётаў — старыя савецкія, але мадэрнізаваныя на заводах Беларусі. Праз гукаўзмацняльнікі камэнтатар паведаміў, што на гэтых самалётах беларускія асы робяць тое, чаго ня ўмеюць расейскія і нават амэрыканскія лётчыкі.

Пасьля вайсковага параду і дэманстрацыі дасягненьняў гаспадаркі пачалося тэатралізаванае шэсьце. Сярод яго ўдзельнікаў былі дзеці, апранутыя ў лёгкія летнія строі. У гэты час у Менску ішоў праліўны даждж, а слупок тэрмомэтра паказваў плюс дзесяць градусаў.

Тым часам у Маскве скончыўся парад, на якім прысутнічалі кіраўнікі вядучых краінаў сьвету і краінаў СНД. Пасьля параду лідэры ўсклалі кветкі да магілы Невядомага салдата. У першым шэрагу стаялі амэрыканскі і расейскі прэзыдэнты Джордж Буш і Ўладзімер Пуцін з жонкамі, далей кіраўнікі Францыі, Нямеччыны, Гішпаніі, Японіі, лідэры краінаў СНД. З кіраўнікоў былых савецкіх рэспублік на парадзе не было толькі грузінскага прэзыдэнта Саакашвілі, прэзыдэнтаў Літвы — Адамкуса, Эстоніі — Руйтэля і Беларусі — Лукашэнкі. Адсутнасьць беларускага лідэра ў тэлерэпартажы з Масквы ніяк не камэнтавалі.

8 траўня Аляксандар Лукашэнка пабываў з кароткім візытам у сталіцы Расеі Маскве. Ён сустрэўся з кіраўнікамі краінаў СНД і ўзнагародзіў вэтэранаў мэдалямі за вызваленьне Беларусі. Падчас гэтай цырымоніі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ня будзе ніякіх “рэвалюцыяў і бандыцкіх мерапрыемстваў”. “Як бы хто ні баражыраваў вакол нашых сумесных межаў, у іх нічога не атрымаецца”, — заявіў Аляксандар Лукашэнка у Маскве 8 траўня. У той жа дзень ён вярнуўся ў Менск, пасьля чаго дзяржаўныя мэдыі паведамілі, што ягоны візыт завяршыўся. Між тым, да 8 траўня афіцыйна казалі, што А.Лукашэнка пасьля параду ў Менску зноў адляціць у Маскву. У першай палове 9 траўня гэтых зьвестак афіцыйна ніхто не пацьвердзіў.

9 траўня лідэры апазыцыйных арганізацыяў усклалі кветкі да помніка Перамогі ў Менску і да помніка ахвярам Менскага гета. У гэтых цырымоніях бралі ўдзел Вінцук Вячорка, Аляксандар Дабравольскі, Валер Фралоў, Уладзімер Колас, Аляксандар Бухвостаў, Сяргей Калякін ды іншыя вядомыя апазыцыйныя актывісты.
XS
SM
MD
LG