Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лыткі стуліць


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Эфір 6 траўня

Ні на што іншае не адгукалася народная мова з такім досьціпам і гумарам, як на сьмерць. З багацьця й непаўторнасьці гучаньня адпаведных выразаў можна толькі дзівіцца. Беларусы, мяркуючы з тых фразэм, наагул не паміралі, а лыткі стульвалі, капыты адкідвалі, бараду задзіралі, уздоўж лавы выпростваліся, на вяроўках загульвалі, старчом станавіліся, душою рыгалі, гасьціны правілі, васкоўку сашчапіўшы, зь пясецкім (то бок з сырым пяском) пабіраліся, вечкам накрываліся, рогі ў зямлю ўбівалі, хвост адкідалі, у скрыню куляліся, на дуба ўзлазілі, нарэшце, ехалі пад абарацень альбо да Абрама на піва.

У эўрапейскіх мовах фразэмаў падобнага кшталту вобмаль. Сьмерць і на ўсходзе, і на захадзе аднолькавая, а вось жыцьцё на розных канцох кантынэнту рознае, таму й разьвітваліся зь ім эўрапейцы бяз досьціпу й гумару. Да таго ж і царква гадавала ў людзях адпаведнае стаўленьне да сьмерці. Затое ў нашых усходніх суседзяў народная лексыка ў гэтым пляне куды багацейшая, і стваралася яна ў мясьцінах, дзе жыцьцё ня мёд – у астрогу, на зоне, у войску.

Шмат чаго з тамтэйшага турэмна-вайсковага фальклёру прыдалося за савецкім часам і беларусам. Патрапіць які маладзён на флёт, прыяжджае на пабыўку, і тым жа вечарам усё навакольле прамаўляе дасьціпную фразу: нацягнуць на плечы драўляны бушлат. Аднагодак марымана датэрмінова вызваляецца з зоны, і неўзабаве кожны малалетак поўніць лексыкон загадкавымі фразамі загнуць парусінавы туфэль ды трапіць у жмурню. Для тых, хто не сустракаўся з датэрмінова вызваленым, тлумачым, што жмурня – гэта морг, а загнуть туфель на братнім Усходзе – тое ж самае, што ў нас лыткі стуліць.
XS
SM
MD
LG