Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рыгор Барадулін: Лукашэнка ня можа трываць, што кожны дзень езьдзіць у Дразды па праспэкце Машэрава, а не па сваім


Севярын Квяткоўскі, Менск Праспэкт Скарыны – на праспэкт Незалежнасьці, праспэкт Машэрава – на праспэкт Пераможцаў. Старабарысаўскі тракт назавуць вуліцай Скарыны, вуліцы Варвашэні, Ерусалімская і Дразда стануцца праспэктам Машэрава, а для вуліцаў падшукаюць новыя адрасы. Вось сутнасьць указу, падпісанага Аляксандрам Лукашэнкам. Як паставіліся да гэтых зьменаў менчукі?

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін перакананы, што асноўная прычна перайменаваньня галоўных праспэктаў зьвязаная з амбіцыямі кіраўніка краіны:

(Барадулін:) "За гэтым стаіць у нашага часовага прэзыдэнта проста неадольная прага бачыць сябе на белым кані. Ён ня можа трываць, што кожны дзень езьдзіць у Дразды па праспэкце Машэрава, а не па сваім. Ён падспудна думае, што праспэкт Пераможцаў – гэта значыць яго".

Таварыства беларускай мовы – тая грамадзкая арганізацыя, якая пастаянна прапаноўвае перайменаваньне цэнтральных вуліц Менску на гонар нацыянальных герояў. Старшыня ТБМ Алег Трусаў камэнтуе захады ўладаў:

(Трусаў: ) "Казалі, што няма грошай, што трэба дбаць пра пэнсіянэраў, вэтэранаў, інвалідаў. Цяпер грошы знойдзеныя – з нашай з вамі кішэні. І велізарныя сумы будуць кінутыя на вецер. Бо памяняць напрыклад Францыска Скарыны – гэта шалёныя грошы".

Пра фінансавы аспэкт гавораць і звычайныя менчукі, як маладыя, гэтак вэтэраны:

(Дзяўчына: ) "Грошы ў нас ёсьць куды дзець, але трацяцца не туды, куды трэба".

(Кабета: ) "Хай бы падвысілі вэтэранам пэнсіі".

(Пэнсіянэрка: ) "Усё гэта будзе вельмі дорага каштаваць для дзяржавы".

Калі два гады таму да менскіх уладаў зьвярнуліся з просьбай назваць адну з цэнтральных вуліцаў імем Быкава, паступіла адмова. Маўляў, новыя назвы будуць зьяўляцца толькі ў новых мікрараёнах. Працягвае Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Мы былі за тое, каб новым вуліцам надаваць імёны нашых герояў. І калі так хацелася перайменаваць, у нас ёсьць вуліца Энгельса, Валадарскага, Леніна, Калініна і г.д. Чамусьці не спадабаўся нават Машэраў. Гэта значыць, што ўлада пачынае мяняць палітыку. І старая савецкая міталёгія ўжо не працуе. І не выпадкова зьявіўся праспэкт Незалежнасьці".

Зрэшты, ёсьць менчукі, якім даспадобы новае рашэньне пра зьмену назваў:

(Спадар: ) "Адабраю гэтае рашэньне пра перайменаваньне".

Але большасьць паставіліся скептычна. Афіцыйныя мэдыі спасылаюцца на вэтэранаў, якія нібыта папрасілі пра перайменаваньні ў прэзыдэнта Лукашэнкі. Але сярод вэтэранаў вайны вядуцца спрэчкі. Асабліва вакол імя Пятра Машэрава:

(Вэтэран: ) "Гэта дарма. Праспэкт Пераможцаў патрэбны, але Машэрава ня трэба было чапаць".

(Пэнсіянэрка: ) "Я ад 1944 году жыву ў Менску. Скарыны? Хай будзе. Гэта калісьці быў наш чалавек, варты нашай дзяржавы, нашай рэспублікі. Я бы праспэкт Машэрава ніколі не прыбірала, як ён быў, няхай будзе".

(Другі вэтэран: ) "Якая розьніца дзе, абы быў увекавечаны. Памяць пра нашага героя. Я яго ведаю, я быў у восьмай партызанскай брыгадзе. Я думаю, што Лукашэнка і наш урад цямяць, і што начальства робіць, што Лукашэнка робіць – усё на карысьць беларускага народу".

Але ёсьць іншыя меркаваньні:

(Спадар: ) "Машэрава – ня тое, што Скарыны. Хай бы Скарыны заставаўся. Скарыну адвялі маленькую вуліцу, якая мела такую прыгожую назву – Старабарысаўскі тракт. Хай тады ўжо і Менск зробяць якім-небудзь Бярдзінскам".

Многія казалі пра блытаніну, якая мае ўзьнікнуць.

У камэнтарах для інфармацыйнага агенцтва БелаПАН лідэры некаторых апазыцыйных партыяў выказалі ўпэўненасьць, што гістарычныя назвы Менску будуць вернутыя адразу пасьля замены рэжыму.
XS
SM
MD
LG