Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 траўня нарадзіліся Леў Бакст, Хасэ Артэга-і-Гасэт, Булат Акуджава


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 8 і 9 траўня

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

Народная назва дня 8 траўня – Марк. “Дождж на сьвятога Марка – дык зямля, як скварка” – казалі нашыя продкі-праваслаўныя. А нашы продкі-каталікі ўшаноўвалі ў гэты дзень сьвятога Станіслава. “Сей лён на Станіслава – вырасьце поўна лава”.

8 траўня – Сусьветны дзень Чырвонага крыжа і Чырвонага паўмесяца. Цікава, што пачаўся гэты рух як рух дапамогі параненым у 1863 годзе, калі ў Беларусі палала паўстаньне Каліноўскага.

8 траўня 1945 году ў прадмесьці Бэрліну Карсхорсьце прадстаўнік вэрмахту фэльдмаршал Кейтэль надпісаў Акт канчатковай капітуляцыі Нямеччыны ў другой сусьветнай вайне.

Цяпер – сёньняшні каляндар.

Сёньня ў Беларусі адзначаецца Дзень перамогі. 9 траўня 1945 году на жаданьне Сталіна Акт капітуляцыі Нямеччыны ў другой сусьветнай вайне быў паўторна падпісаны ў Бэрліне з удзелам прадстаўнікоў Савецкага Саюзу. З гэтай прычыны Дзень перамогі ў краінах савецкага блёку адзначаўся менавіта 9 траўня, а ня днём раней, як у астатнім сьвеце.

9 траўня 1866 году ў Горадні нарадзіўся тэатральны мастак Леў Бакст, сапраўднае прозьвішча якога Розэнбэрг. Пасьля бальшавіцкае рэвалюцыі ён, як і многія ягоныя калегі, пераехаў у Парыж, дзе працы Бакста карысталіся вялікім посьпехам, а сам ён шчасьліва дажыў да старасьці.

Гісторык і этнограф Міхал Мялешка, які прыйшоў на сьвет на Мядзельшчыне 9 траўня 1892 году, ад бальшавікоў не ўцякаў, і ягоная кар’ера завяршылася з пачаткам сталінскіх рэпрэсіяў, яшчэ ў 1930-м годзе. Арышты і ссылкі скончыліся ўрэшце паведамленьнем: пасьля 1940 году лёс вучонага невядомы. Засталіся працы Міхала Мялешкі, адна зь якіх – “Камень у вераваньнях і паданьнях беларусаў”.

9 траўня ў розныя гады прыйшлі на сьвет нямецкі прамысловец Адам Опэль, які заснаваў аднайменную аўтамабільную фірму; гішпанскі філёзаф Хасэ Артэга-і-Гасэт і расейскі бард Булат Акуджава.
XS
SM
MD
LG