Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Агляд друку: у Пінску можна набыць піва і прэзэрватывы з налепкай “60 год Перамогі”


Падрыхтавала Любоў Лунёва Агляд незалежнага друку

Пінская газэта “Мясцовы час” інфармуе чытачоў аб тым, што хутка пачнецца трансьляцыя тэлеканала “Пінск”. Мясцовыя ўлады ўжо закупілі абсталяваньне на 100 мільёнаў рублёў. У горадзе ўжо ёсьць адзін канал, “Вараг”. На думку аглядальніка, яму цяпер цяжка будзе выжыць, бо новы канал таксама будзе карыстацца кабэльнымі сеткамі і яго будзе падтрымліваць дзяржава.

Пінск на мінулым тыдні наведвалі іншаземцы. Гэта, напрыклад, французы зь бізнэс-школы. Яны прывозілі гуманітарную дапамогу дзецям. Палякі з задавальненьнем ладзілі экскурсіі. Гісторык прафэсар Варшаўскага унівэрсытэту Ян Тэрэдзіна выказаўся, што шмат чаго раней ня ведаў з таго, аб чым распавялі мясцовыя супрацоўнікі краязнаўчага музэю.

Карэспандэнт “Мясцовага часу” прысьвяціў артыкул сьвяткаваньню 1 траўня. Ён быў на месцы прызначанага гарадзкімі ўладамі мітынгу. Як толькі выступіў старшыня гарвыканкаму, людзі адразу разьбегліся сьвяткаваць Вялікдзень. Гэта, нягледзячы на тое, што мітынг заплянавалі весьці цягам двух гадзінаў.

Журналісты газэты прадэманстравалі з дапамогай фотаматэрыялаў, да чаго прывяла так званая “разнарадка” прадпрымальнікам выкарыстоўваць налепкі “60 год Перамогі”. Цяпер у камэрцыйных шапіках можна бутэльку піва з гэтай налепкай, і нават прэзэрватывы.

Газэта надрукавала пералік мясцовых назваў будынкаў і вуліц. У Пінску ёсьць свая “кітайская сьцяна”, дом-сьвечка, штаны (гэта перакрыжаваньне трох вуліц), дом – “Дваранскае гняздо”. Там раней знаходзілася партыйнае кіраўніцтва, а цяпер мясцовая вэртыкаль.

Газэта “Ляхавіцкі час” распавядае аб тым, што 6 вэтэранаў Ляхавічаў, якія удзельнічалі ў эшалёне Перамогі, выступілі на мітынгу.

У Аграрным каледжы адбыўся конкурс патрыятычнай песьні. Там адбыўся цікавы сэмінар, які ладзілі псыхолягі, дацэнты і прафэсары зь Менску. Абмяркоўваліся праблемы распаўсюду наркотыкаў і ВІЧ-інфэкцыі сярод падлеткаў. Адбыліся трэнінгі ў інтэрактыўных формах стасункаў.

У Ляхавічах ад пачатку году да адміністрацыйнай адказнасьці прыцягнулі 25 падлеткаў і іх бацькоў. Асноўная прычына – сямейныя скандалы, п''янства і знаходжаньне падлеткаў на вуліцы пасьля 11 вечара.

У Ляхавічах адбылася трагедыя. У часе пажару загінула пяцігадовая дзяўчынка. Маці сушыла бялізну над газавай плітой. У момант, калі яна пачала гарэць, нікога з дарослых не было дома.
XS
SM
MD
LG