Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія вэтэраны – праз 60 гадоў па розныя бакі барыкады


Севярын Квяткоўскі, Менск Дзесяць гадоў таму было ўтворанае Дэмакратычнае аб''яднаньне вэтэранаў. Удзельнікі ініцыятывы змагаліся ў часе вайны пад чырвоным сьцягам. Але пасьля травеньскага рэфэрэндуму 1995 году не адмовіліся ад нацыянальнай сымболікі – бел-чырвона-белага сьцягу і "Пагоні". Невялікая група "дэмакратычных" вэтэранаў ускладала да вечнага агню на пляцы Перамогі свой вянок, павязаны бел-чырвона-белай стужкай. Рэфэрэндум падзяліў беларускіх вэтэранаў на "правільных" і "няправільных".

"Дэмакратычныя вэтэраны" спазналі гвалт міліцыі, нягледзячы на сталы ўзрост, і баявыя ўзнагароды. Прыгадвае пісьменьнік Валянцін Тарас:

(Тарас: ) "Амонаўцы нас адцясьнілі, адштурхнулі. Спрабавалі зрываць у нас з грудзей узнагароды".

(Барадулін: ) "Я згодны з Тарасам, што гэты дзень трэба адзначаць не як Дзень перамогі, а як Дзень палеглых. Дзень памяці палеглых. Справа ў тым, што яшчэ ня ўлічана, колькі зьнішчылі кагэбісты і сьмершаўцы".

Так мяркуе паэт Рыгор Барадулін, які сябраваў з завадатарам вэтэранаў-дэмакратаў, пісьменьнікам Артурам Вольскім:

(Барадулін: ) "Артур Вольскі рабіў баптысцкую царкву беларускамоўнай. Нават так".

Яшчэ ўспамін пра сябру-вэтэрана:

(Барадулін: ) "Алесь Траяноўскі, калі яго клалі ў шпіталь з вэтэранамі, яму там яшчэ горш было. Таму што ён зь імі па-беларуску, і вэтэраны яго дабівалі".

Вэтэраны-дэмакраты спрабавалі зьняць са слова "вэтэран" ярлык кансэрватыўнасьці, нецярпімасьці і прыналежнасьці да савецкай ідэалёгіі. Тлумачылі, што змагаліся за сваю зямлю, а не за Сталіна.

Цяпер адным з найбольшых муроў, што дзеліць вэтэранаў, ёсьць пытаньне пра нямецкія пахаваньні. Ці дазволіць немцам ставіць памятныя знакі там, дзе ляжаць парэшткі салдатаў вэрмахту?

(Вэтэран: ) "А мне да чорта, я нямецкую мову чуць не магу. Калі б мне прапанавалі паехаць у Нямеччыну, я б не паехаў. У мяне ўсё гарыць, я ненавіджу іх – усіх немцаў!"

Той, каму належаць гэтыя словы, пабываў у нямецкім палоне, і ўсё жыцьцё па вайне займаўся літаратурнай дзейнасьцю. Пісьменьнік Мікола Аўрамчык таксама перажыў палон:

(Аўрамчык: ) "Такіх колькі хочаце. У іх проста нічога чалавечага няма. Што ў іх, няма ўяўленьня? Што цяпер магілы напалеонаўскіх салдатаў?"

Мікола Аўрамчык таксама быў ўдзельнікам Дэмакратычнага аб''яднаньня вэтэранаў. Сёньня многія з тых вэтэранаў, хто не прымае афіцыйную ідэалёгію, адзначаць сьвята свайго юнацтва альбо ў вузкім сяброўскім коле, альбо нават далёка ад дзяржаўных урачыстасьцяў – у вясковых дамах і на лецішчах.
XS
SM
MD
LG