Лінкі ўнівэрсальнага доступу

9 траўня адбудзецца другая сэсія Аб''яднаўчага зьезду беларускіх сацыял-дэмакратаў


Уладзімер Глод, Менск 9 траўня мае адбыцца другая сэсія Аб''яднаўчага зьезду беларускіх сацыял-дэмакратаў. Да гэтага часу афіцыйныя ўлады ўсялякім чынам перашкаджалі ім стварыць адзіную партыю. Тут можна ўзгадаць і адмову ў самы апошні момант у арэндзе папярэдне праплочанай залі менскага матэлю, і інцыдэнт у комплексе "Журавінка", калі дэлегатаў адмовіліся накарміць... У рэшце рэшт зьезд усё ж адбыўся – на прыступках ганку Дома культуры ў вёсцы Сеніца Менскага раёну. А чым выклікана другая сэсія паплечнікаў Аляксандра Казуліна?

Паколькі 10 красавіка зьезд праводзіўся ў экстрэмальных умовах – міліцыя пагражала з хвіліны на хвіліну забараніць яго, дык арганізатары вымушаныя былі абмежавацца толькі адным пытаньнем. А менавіта – абраньнем старшыні аб''яднанай партыі. Нагадаю, тады яны прагаласавалі за былога рэктара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту Аляксандра Казуліна. Але ж патрабуецца абраць і іншых новых кіраўнікоў – ад намесьнікаў старшыні да сябраў Цэнтральнай рэвізійнай камісіі.

З фармальнага пункту гледжаньня атрымліваецца, што сёньня сацыял-дэмакраты абмяркуюць толькі кадравую праблему. Але я днямі размаўляў зь некаторымі дэлегатамі, і яны казалі, што ў іх насьпелі пытаньні да новага лідэра партыі. Перадусім, хочуць даведацца пра вынікі ягонай паездкі ў Маскву, хочуць дазнацца таксама, ці наведваў спадар Казулін Кіеў. Бо раней ён абяцаў заключыць дамовы аб падтрымцы з расейскімі і ўкраінскімі калегамі. Дарэчы, Уладзімер Нісьцюк, які на момант нашае размовы застаецца першым намесьнікам старшыні партыі, упэўнены: зьезд выйдзе далёка за рамкі кадравага пытаньня. Прапаную паслухаць ягонае меркаваньне:

(Нісьцюк: ) "Зьезд – гэта заўсёды непрадказальнае мерапрыемства. Ад кіруючых сёньня органаў партыі мы будзем прапаноўваць дэлегатам наступны парадак: тэхнічнае абраньне тых кіруючых органаў, якія павінны быць. Але любы дэлегат зьезду мае паўнамоцтвы і права прапанаваць любое пытаньне для абмеркаваньня. І яно павінна зьездам галасавацца".

Ці прызнаны Міністэрствам юстыцыі Беларусі аб''яднаўчы зьезд? Юрыдычна сёньня Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч, які заявіў пра нелегітымнасьць прынятага ў Сеніцы рашэньня. А 6 траўня агенцыя "Интерфакс" распаўсюдзіла паведамленьне пра тое, што міністэрства юстыцыі абвяргае інфармацыю пра аб''яднаньне сацыял-дэмакратаў.

Тут адразу трэба падкрэсьліць, што існуюць два бакі гэтай справы – фактычны ды юрыдычны. Фактычна зьезд адбыўся. Але да таго часу пакуль Мін''юст не аб''явіць свой вэрдыкт, юрыдычна ўсё застаецца так, як было да 10 красавіка. Калі міністэрства юстыцыі скажа, што ўсё адбылося паводле закону, тады фактычная падзея атрымае статус юрыдычнай. А згодна з законам, партыйцы маюць права на працягу месяца рыхтаваць неабходныя дакумэнты для міністэрства. А яно ў сваю чаргу мае месяц на разгляд справы. Я зьвязваўся зь міністэрствам юстыцыі і даведаўся: дакумэнты патрапілі туды два тыдні таму. Іх вывучаюць і разглядаюць, прыкладам, сьпісы дэлегатаў зьезду і г.д.

А што тычыцца пазыцыі Станіслава Шушкевіча, дык вось як рэагуе на яе Ўладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) "Я бачыў усе мерапрыемствы, якія праводзіліся. І тое, што я бачыў, і тое, што я чуў, як кажуць на свае вочы і вушы, дае мне падставы сьцьвярджаць, што Станіслаў Станіслававіч, як і Мікалай Віктаравіч Статкевіч, згубіў партыю сваёй спробай кіраваць ёю манапалістычна, кіраваць ёю як імпэратар. Тое, што ў аб''яднанай партыі бальшыня прадстаўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады я бачыў сам, як бачылі гэта ўсе, хто былі ў Сеніцы: і журналісты, і палітыкі, і нават прадстаўнікі спэцслужбаў".
XS
SM
MD
LG