Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Краіны Балтыі адчуваюць сваю адказнасьць за тое, што ў нас адбываецца"


Алесь Дашчынскі, Менск Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш падчас сустрэчы ў Маскве з прэзыдэнтам Расеі Уладзімерам Пуціным мае намер зноў абмеркаваць сытуацыю ў Беларусі, якую ён назваў апошняй дыктатурай у Эўропе. Наш карэспандэнт пагутарыў зь некаторымі беларускімі ўдзельнікамі канфэрэнцыі “Дэмакратыя па-за межамі Балтыі: ўнёсак эўраатлянтычнай супольнасьці” ў Рызе: каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы Хартыя-97 Андрэем Саньнікавым, лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам, намесьнікам старшыні партыі БНФ Юрыем Хадыкам і лідэрам грамадзянскай ініцыятывы “Мы памятаем” Ірынай Красоўскай. Як яны ацэньваюць вынікі гэтай канфэрэнцыі?

Падобная канфэрэнцыя праходзіла ў Рызе ў лютым мінулага года, на ёй галоўная роля адводзілася прадстаўнікам Злучаных Штатаў Амэрыкі. Тады ў канфэрэнцыі бралі ўдзел амэрыканскія сэнатары на чале з МакКэйнам. Пасьля прамовы Ірыны Красоўскай, амэрыканцы, бадай, упершыню шчыра гаварылі, што неабходна дапамагчы беларускаму народу набыць свабоду, якую ён заслугоўвае. Але цяпер, калі Латвія, Літва і Эстонія сталі паўнапраўнымі сябрамі Эўразьвязу, іхнае прадстаўніцтва на гэтай рыскай канфэрэнцыі было больш важкае, чым амэрыканскага боку. Удзельнікі канфэрэнцыі, паводле Анатоля Лябедзькі, мелі камунікацыі з міністрамі замежных справаў Латвіі, Літвы і Эстоніі.

(Лябедзька: ) "Гэта вельмі важна, улічваючы, што сёньня ў Эўразьвязе новы расклад, новая канфігурацыя, і вось гэтыя краіны разам з Польшчай могуць выконваць для Беларусі ролю лякаматыва, які цягне беларускі вагон у Брусэль".

Паводле Юрыя Хадыкі, у сьвядомасьці эўрапейскай супольнасьці адбываюцца пэўныя зрухі, і яны гатовая гаварыць пра канкрэтныя формы дапамогі беларускай дэмакратыі, а не пра абстрактныя рэзалюцыі. Гэта якраз ёсьць вялікім крокам наперад. Спадар Юры вітае таксама рашэньне амэрыканскага кангрэсу аб выдзяленьні 5 мільёнаў даляраў на падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі. Пра гэта на канфэрэнцыі паведаміў прадстаўнік міжнароднага рэспубліканскага інстытута ЗША. Працягвае Юры Хадыка:

(Хадыка: ) “Пра гэта трэба гаварыць, гэта ня тыя 140 ілжывых, пра якія гаварыў Лукашэнка, гэта рэальныя 5 мільёнаў. Я думаю, што хаця гэта сума зусім нязначная, яна дапаможа нам і абараніць некаторых палітзьняволеных, і ўмацаваць свае структуры партыйныя, для таго, каб паспрабаваць данесьці да Беларусі слова праўды. Увесь дэмакратычны сьвет гатовы нам аказаць дапамогу ў барацьбе з дыктатурай, якая зьневажае людзей, якая топча чалавечыя лёсы”.

Пра якія канкрэтныя дамоўленасьці ішла размова з афіцыйнымі прадстаўнікамі краінаў Балтыі падчас канфэрэнцыі ў Рызе? Пытаньне да Анатоля Лябедзькі.

(Лябедзька: ) "Мы размаўлялі і пра магчымасьць радыёвяшчаньня на Беларусь, яны даволі адкрытым тэкстам гаварылі, што ў гэтым ёсьць зацікаўленасьць, што прымаюцца пэўныя рашэньні. Яны вялі размову пра неабходнасьць палітычнага мэсэджа для Беларусі, таму што прапаганда гаворыць, што нас не чакаюць у Брусэлі, а вось прадстаўнікі гэтых краін якраз гавораць, што такі мэсэдж народу Беларусі неабходна даць і яны за гэта, каб сказаць сёньня, што дзьверы адчыненыя. Што яшчэ канкрэтнага прагучала з іх вуснаў? Гэта палітычная падтрымка, гэта неабходнасьць умацоўваць камунікацыі, зьвяз паміж Эўропай і ЗША ў беларускім пытаньні. Гэта ўсё вельмі важна".

Цікавасьць да падзеяў у Рызе была і з боку афіцыйных уладаў Беларусі, да прыкладу, на канфэрэнцыі працавала здымачная група беларускага тэлебачаньня. Адносна заяваў Джорджа Буша і кіраўнікоў краінаў Балтыі беларускае міністэрства замежных справаў зрабіла заяву, маўляў, “краіны Балтыі ступаюць на небясьпечны шлях умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі ”. Удзельнік канфэрэнцыі ў Рызе, былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі, Андрэй Саньнікаў.

(Саньнікаў: ) “Ну, гэта МЗС-ы ўсіх дыктатарскіх краінаў робяць такія заявы, а падтрымка правоў чалавека ўжо даўно не лічыцца ўмяшальніцтвам ва ўнутраныя справы: спыніце арышты, выпусьціце палітычных вязьняў, арганізуйце сапраўдныя выбары, а ня гэты фарс, які ў нас адбываецца, і ніякіх прэтэнзій не будзе”.

Менавіта сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі прысьвяціла свой выступ на канфэрэнцыі ў Рызе Ірына Красоўская. Яна лічыць гэтую канфэрэнцыю вельмі ўплывовай.

(Красоўская: ) “У сваім выступе я згадала пра палітвязьняў у Беларусі, пра ціск на незалежныя СМІ, пра адсутнасьць прагрэсу ў справах зьніклых і гэтак далей. Я лічу, для таго, каб рэалізаваць дэмакратыю трэба перш назваць сытуацыю сваімі імёнамі, што Беларусь гэта – дыктатура, гэта значыць, што пры дыктатуры ніякай дамоўленасьці з дыктатарам не можа быць, таму што калі ідзе нейкая дамоўленасьць з дыктатарам, то гэта адбіваецца на ўзмацненьні рэпрэсій супраць грамадзтва. Я думаю, што краіны Балтыі, паколькі яны нашыя суседзі, могуць добра паўплываць найперш на разьвіцьцё незалежных СМІ і, па другое, на разьвіцьцё грамадзкага сэктару, гэта два напрамкі, у якіх яны могуць вельмі эфэктыўна ўдзельнічаць”.

Паводле каардынатара грамадзянскай ініцыятывы Хартыя-97 Андрэя Саньнікава тэма адсутнасьці дэмакратыі ў Беларусі дамінавала на канфэрэнцыі ў Рызе. Прычым з боку прадстаўнікоў Эўразьвязу мацнее разуменьне, што сытуацыя ў Беларусі адмоўна ўплывае на становішча ў рэгіёне. Паводле спадара Андрэя, гэтай тэме ўдзялілі ўвагу і міністры замежных справаў краінаў Балтыі.

(Саньнікаў: ) “Зь іх боку, у адрозьненьне ад мінулага году, прагучалі даволі сур''ёзныя заявы наконт падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, наконт таго, што нельга больш так абыякава ставіцца да таго, што адбываецца ў Беларусі і краіны Балтыі адчуваюць сваю адказнасьць за тое, што ў нас адбываецца. Нельга прыслухоўвацца цалкам да ўладаў дыктатарскай краіны, каб дапамагчы грамадзянскай супольнасьці, што часам адбываецца. Тое, што казаў амэрыканскі бок і тое, што прэзыдэнт ЗША Буш у Рызе падчас сваіх выступаў і сустрэч з грамадзкасьцю Балтыйскага рэгіёна надаў вялікую ўвагу праблеме Беларусі – гэта таксама сьведчыць аб тым, што сур''ёзнае даволі стаўленьне да нас”.
XS
SM
MD
LG