Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр паэт Анатоль Сыс


Ул. інф. 8 траўня сястра Анатоля Сыса Валянціна ўзламала дзьверы яго кватэры, дзе знайшла паэта мёртвым. Праўдападобна, сьмерць наступіла некалькі дзён таму ад сардэчнага прыступу. Сябра паэта, Адам Глёбус, сказаў нашаму радыё некалькі словаў з нагоды гэтай трагічнай падзеі.

(Глёбус: ) "Памёр паэт. Памёр беларус Анатоль Сыс. Ён быў для мяне паплечнікам і сябрам. Для нашай Бацькаўшчыны Анатоль Сыс быў і застанецца вялікім паэтам. Лёс падараваў мне знаёмства з многімі паэтамі, але толькі Анатоль Сыс мог насіць гэта званьне без усялякіх азначэньняў. Сыс быў выключным паэтам, і больш нікім. Паэтам, які не напісаў ніводнага кепскага радка. Сыс – проста паэт. У гэтай простасьці ягоная веліч.

Дзякуючы такім як Анатоль Сыс беларускі народ узьняўся на барацьбу за сваё вызваленьне. Дзякуючы Сысу над Беларусьсю зноў залунаў бел-чырвона-белы сьцяг, пад якім Беларусь зноў здабыла сваю дзяржаўнасьць. Анатоль ня стаў палітыкам, ня стаў дзяржаўным дзеячам – Анатоль застаўся паэтам. Ён застаўся верны свайму лёсу і залатымі літарамі ўпісаў сваё імя ў гісторыю беларускай паэзіі. Паэтычная зорка Анатоля Сыса будзе вечна сьвяціць для тых, хто любіць нашу жывую Беларусь. Таму сапраўдная Беларусь сягоньня ў вялікім смутку: яна страціла паэта".

*

Пайду туды, адкуль прыйшоў па-за зямлёю, па-за часам. Я тут нічога не знайшоў, хаця сваю і выпіў чашу.

Ды лепш бы разьдзяліў яе няхай за злосьнікам ці сябрам. Камусьці ж жыткі не стае, і дачасова сушыць зябры.

Але у чым мая віна, віна майго наканаваньня? Жыцьцё – вялікая мана, і толькі сьмерць – яе пазнаньне.

*

Наконт абставінаў сьмерці Анатоля Сыса Адам Глёбус паведаміў наступнае:

(Глёбус: ) "Гэта вельмі драматычныя абставіны. Яго знайшла паэтка Ала Канапелька, яна тры дні бачыла, як гарэла сьвятло ў ягонай кватэры, і потым вырашыла выклікаць міліцыю, потым прыехала сястра, і яны знайшлі Анатоля на падлозе. Потым яго адвезьлі ў бальніцу, і сёньня экспэрты дадуць заключэньне. Потым ужо вырашыцца, дзе адбудзецца разьвітаньне. Пахаваюць Анатоля ў Гарошкаве".

На здымку: Анатоль Сыс (фота photo.promedia.by).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG