Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джордж Буш: “Адзіная зьдзелка, якую я лічу неабходнай для Беларусі – гэта зьдзелка свабоды”


Юры Сьвірко, Рыга Падчас знаходжаньня ў Рызе прэзыдэнт ЗША абмеркаваў са сваімі балтыйскімі калегамі сярод іншых пытаньняў сытуацыю ў Беларусі. Кіраўнікі Латвіі – Вайра Віке-Фрэйбэрга, Літвы – Валдас Адамкус, Эстоніі – Арнольд Руйтэль паведамілі журналістам, што гаварылі аб суседзях і прынцыпах дэмакратыі. Перад прыездам у Маскву Джордж Буш паведаміў, што будзе гаварыць пра Беларусь з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

Зьвяртаючыся да прэзыдэнтаў трох краін Балтыі, якія разам зь ім давалі прэсавую канфэрэнцыю, Джордж Буш сказаў:

(Буш: ) “Я б хацеў падзякаваць вам за вашу сапраўды напружаную працу па дапамозе ў распаўсюджваньні дэмакратыі сярод вашых суседзяў. Мы мелі сапраўды добрую дыскусію наконт Беларусі. Мы гаварылі пра Ўкраіну, Грузію, Малдову. Мы гаварылі пра Расею, стасункі паміж Балтыяй і Расеяй”.

Першае пытаньне на прэсавай канфэрэнцыі задаў Джорджу Бушу карэспандэнт Літоўскага тэлебачаньня, і яно гучала так: “Адносна таго, што Вы заявілі нядаўна: што дэмакратычная Беларусь – таксама ў інтарэсах Расеі. Ці можа быць зьдзелка паміж Вашынгтонам і Масквой, што Расея забясьпечыць непераабраньне прэзыдэнта Лукашэнкі ў наступным годзе, а Вашынгтон, у сваю чаргу, будзе заахвочваць і хваліць дэмакратыю там, але заплюшчыць вочы на працяг расейскага ўплыву там?”

Вось што адказаў прэзыдэнт ЗША:

(Буш: ) “Цікавае пытаньне – ці можна заключыць зьдзелку, каб вызначыць чыйсьці лёс? Я думаю, гэта тое, што мы асуджаем сёньня – тое, што адбылося з Балтыяй, тыя таемныя зьдзелкі паміж вялікімі дзяржавамі, што прадпісвалі народам нейкі спосаб кіраваньня. Мы не зьбіраемся рабіць таемныя зьдзелкі. Адзіная зьдзелка, якую я лічу неабходнай тут для людзей – гэта зьдзелка свабоды. Ім трэба дазволіць выказвацца на свабодных, адкрытых і справядлівых выбарах у Беларусі. Што да таго, у інтарэсах Расеі або не мець дэмакратыю на сваёй мяжы – абсалютна, гэта ў інтарэсах Расеі, каб яна мела сябрамі й суседзямі дэмакратыі”.

Джордж Буш дадаў, што ЗША пашанцавала мець дэмакратыі на сваіх межах, хаця па нейкіх пытаньнях зь імі не заўсёды ёсьць згода. Таксама амэрыканскі прэзыдэнт паабяцаў:

(Буш: ) “Таму я буду працягваць гаварыць як мага больш зразумела з прэзыдэнтам Пуціным – што гэта ў інтарэсах ягонай краіны мець дэмакратыі на сваіх межах. У рэшце рэшт, паглядзіце на тры дзяржавы тут – гэта мірныя, квітнеючыя нацыі, якія ёсьць добрымі суседзямі Расеі, добрымі суседзямі паміж сабой, добрымі суседзямі паўсюль”.

Пасьля прэсавай канфэрэнцыі Джордж Буш выступіў у Рызе з прамовай перад адмыслова запрошанымі прадстаўнікамі грамадзкасьці.
XS
SM
MD
LG