Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці акцыю да гадавіны зьнікненьня Захаранкі разагнала міліцыя


Алег Супрунюк, Берасьце Каля 20-ці хвілінаў у Берасьці працягвалася акцыя, прымеркаваная да гадавіны зьнікненьня Юрыя Захаранкі. Міліцыянты разагналі ўдзельнікаў акцыі, ёсьць затрыманыя.

Берасьцейскія актывісты апазыцыйных палітычных партыяў і прафсаюзаў сёньня апоўдні ладзілі акцыю каля гандлёвага цэнтру “Юбілейны” ў мікрараёне “Усход”. Удзельнікі акцыі стварылі ланцуг і трымалі партрэты Юрыя Захаранкі, які зьнік шэсьць гадоў таму.

Гэтыя дзеяньні адразу выклікалі ўвагу міліцыянтаў. Яны паведамілі, што акцыя несанкцыянаваная і запатрабавалі ад як ўдзельнікаў разысьціся. Яшчэ праз некалькі хвілінаў былі затрыманыя старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сьцяпан Навасельчан і ягоны сын Андрэй, якіх адвезьлі ў пастарунак. Міліцыянты таксама спрабавалі затрымаць і кіраўніка арганізацыі прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Зінаіду Міхнюк, аднак астатнія ўдзельнікі акцыі зрабіць гэта не дазволілі. Аднак супрацоўнікі міліцыі пасьпелі перапісаць дадзеныя ейнага пашпарту.

У пастарунку на Сьцяпана ды Андрэя Навасельчанаў былі складзеныя пратаколы нібыта за арганізацыю несанкцыянаванага сходу, што прывяло да парушэньня грамадзкага парадку. Сьцяпан Навасельчан патлумачыў, што не прызнае высновы міліцыянтаў, бо выйсьці з партрэтамі Захаранкі прымусілі грамадзянскі абавязак ды памяць пра гэтага чалавека, лёс якога дагэтуль невядомы.
XS
SM
MD
LG