Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады балтыйскіх краінаў патрабуюць ад Расеі прызнаць факт савецкай акупацыі краінаў Балтыі, Масква нязгодная з такой пастаноўкай пытаньня.


Юры Дракахруст, Прага У краінах Балтыі лічаць, што гадавіна капітуляцыі нацысцкай Нямеччыны не зьяўляецца вялікая падстава для сьвяткаваньня, бо 60 гадоў таму для гэтых дзяржаваў нацысцкая акупацыя зьмянілася савецкай.

У балтыйскіх краінах ня будзе афіцыйнага сьвяткаваньня дня Перамогі. Як сказаў міністар замежных справаў Латвіі Арціс Пабрыкс, шмат латышоў у гэтыя дні ня будуць у гэтыя дні адкаркоўваць бутэлькі з шампанскім.

(Пабрыкс: ) “Гэта была трагедыя для нашай нацыі – Другая Ўсясьветная вайна. Няма ніводнай сям’і, якая б ня страціла сваіх родных – ці ад нацыстаў, ці ад камуністаў. Мы адзначым на могілках дзень 8 траўня, бо ў гэты дзень абрынуўся нацысцкі рэжым. На жаль, гэты дзень не прынёс нам свабоду, і гэта чыньнік, які робіць гэтае сьвята ня толькі шчасьлівым, але і днём, які патрабуе, каб мы памяталі іншыя ахвяры, якія былі за апошнія 50 гадоў”.

У Рызе дзейнічае музэй акупацыі. Дырэктар музэю Оярс Стэпэнс гаворыць пра самыя важныя экспанаты:

(Стэпэнс: ) “Тут, на мой погляд, найцікавейшыя экспанаты - гэта копіі сакрэтных пратаколаў да пакту Молатава-Рыбэнтропа, дзе гаворыцца пра падзел уплыву ва Ўсходняй Эўропе. Расея ня хоча прызнаваць, што гэта было незаконнае пагадненьне паміж Савецкім Саюзам і Нямеччынай. А вось іншы цікавы экспанат. Гэта мапа – копія зь нямецкага фэдэральнага архіву, дзе адзначаныя сфэры ўплыву з подпісамі Сталіна і Рыбэнтропа”.

Пасьля далучэньня трох балтыйскіх краінаў да Савецкага Саюзу на іх тэрыторыі разгарнуліся рэпрэсіі, якія можна параўнаць з тымі, якія пазьней тварылі на гэтай зямлі нацысты. Дзесяткі тысячаў людзей былі адпраўленыя ў сыбірскія лягеры, шмат хто зь іх загінуў там, любыя формы іншадумства жорстка падаўляліся.

Прэзыдэнты Літвы і Эстоніі адмовіліся ехаць у Маскву на сьвяткаваньне гадавіны Перамогі, патлумачыўшы, што для іх народаў гэтая дата сымбалізуе і працяг савецкага панаваньня.

Прэзыдэнт Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга прыняла запрашэньне прыехаць у Маскву, аднак заявіла, што разам з ушанаваньнем памяці расейскіх салдатаў, якія загінулі ў змаганьні з нацызмам, мае намер нагадаць расейцам іх гістарычныя грахі.

На гэтым тыдні намесьнік кіраўніка Эўракамісіі Гюнтэр Фэргойгэн заклікаў Расею прызнаць шкоду, якую нанесла балтыйскім дзяржавам 50-гадовая савецкая акупацыя. Учора ў інтэрвью літоўскаму тэлебачаньню прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў пра свой намер нагадаць прэзыдэнту Расеі Ўладзімеру Пуціну пра савецкую акупацыю Літвы, Латвіі і Эстоніі, нагадаць, што завяршэньне Другой Усясьветнай вайны не прынесла свабоды народам гэтых краінаў.

У сваю чаргу расейскі бок асудзіў пазіцыю балтыйскіх краінаў і тых, хто яе падзяляе. Пазаўчора МЗС Расеі выдала адмысловую заяву, у якой сьцвярджаецца, што Чырвоная Армія ў 1940 годзе ўвайшла ў краіны Балтыі са згоды тамтэйшых уладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG