Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка ў Менску на волю выйшлі 8 палітвязьняў


Любоў Лунёва, Менск Іх арыштавалі за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 26 красавіка. Сярод іх чацьвёра грамадзянаў Украіны і столькі ж – Беларусі. 26 красавіка затрымалі каля 40 чалавек. Суды арыштавалі 14 грамадзянаў Расеі, 5 – Украіны і 8 беларусаў.

Расейцаў, згодна з пратэстам пракуратуры, адпусьцілі 30 красавіка. Прысуды грамадзянам Украіны гарадзкі суд пакінуў бязь зьменаў. Усім украінскім грамадзянам пасьля адбыцьця пакараньня ў пашпарты паставілі штампы аб забароне ўезду на тэрыторыю Беларусі цягам 5 гадоў і дэпартавалі з краіны.

Учора дэпартавалі Аляксея Панасюка, якога суд пакараў на 9 сутак арышту. Консул Васіль Сэрдэга на сваім аўтамабілі адвёз хлопца ва Ўкраіну.

Ля брамы спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка сабралася больш за паўсотні чалавек. Сярод іх лідэры апазыцыйных партыяў, некалькі дзесяткаў сяброў “Маладога Фронту” і моладзевага руху “Зубар”, а таксама прадпрымальнікі.

Людзі былі з павязкамі аранжавага колеру на знак салідарнасьці з грамадзянамі Ўкраіны. Сёньня скончыўся тэрмін пакараньня 10 сутак арышту для лідэра “Нацыянальнага альянсу” Ігара Гузя, Аляксандра Мафлая і Андрэя Грымалюка. У спэцпрыёмнік запрасілі прадстаўніка ўкраінскай амбасады. Хутчэй за ўсё, каб у яго прысутнасьці паставіць украінцам штампы аб забароне ўезду ў Беларусь і каб дамовіцца, як будзе ажыцьцяўляцца працэдура дэпартацыі.

Андрэя Бокача арыштавалі на 15 сутак. Але яго адпусьцілі датэрмінова, каб разам з паплечнікамі дэпартаваць з Беларусі. Супрацоўнікі ўкраінскай амбасады на сваім транспарце павезьлі хлопцаў ва Ўкраіну. Калі адчынілася брама спэцпрыёмніка і адтуль выехаў аўтамабіль амбасады, людзі пабудавалі “жывы калідор” і ўрачыста праводзілі ўкраінскіх грамадзянаў.

Ігар Гузь па мабільным тэлефоне сказаў некалькі словаў Радыё Свабода:

(Гузь: ) "Прэтэнзіяў да супрацоўнікаў спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка мы ня маем. Што да нашай галадоўкі, больш менш нармальна. Арганізм яшчэ малады. Нас пастаянна трымала на кантролі ўкраінскае пасольства, былі перадачы вады, таго-сяго, з боку беларускай апазыцыі. Нашая галадоўка была ня так для таго, каб нас раней выпусьцілі, а на знак пратэсту супраць дзеяньняў беларускіх уладаў, беларускага суду. Мы лічым, што прысуды - 10-15 дзён - абсалютна несправядлівыя, якія парушаюць права чалавека, бо гэта пазыцыя ўлады, якая - дыктатарская".

Апрача украінскіх грамадзянаў на волю выйшлі лідэр незарэгістраванай “Партыі Свабоды” Сяржук Высоцкі, сябры “Маладога Фронту” Кірыл Шымановіч, Анатоль Бекасаў, Алег Гнедчык і Сяржук Дзядзюшка. Сяржук Высоцкі трымаў галадоўку:

За кратамі спэцпрыёмніка застаецца актывіст Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч. Яго арыштавалі на 12 сутак. Сяржука Лісічонка з камэры забрала машына хуткай дапамогі. Ён знаходзіцца ў шпіталі.
XS
SM
MD
LG