Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трое гамельчукоў праз суд дамагаюцца дазволу гарвыканкаму на правядзеньне мітынгу


Казімер Яноўскі, Гомель Суд Цэнтральнага раёну Гомелю вымушаны быў разглядаць пазоў трох гараджанаў да гарадзкога выканаўчага камітэту. Яны абскарджваюць забарону выканкаму на правядзеньне мітынгу.

Адмову на правядзеньне мітынгу супраць падвышэньня камунальных плацяжоў, увядзеньня прымусовых кантрактаў, платнай адукацыі ды мэдыцыны абскарджвалі ў судзе дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў, а таксама Марыя Багдановіч і Дзьмітры Шкрабаў.

(Глушакоў: ) “Першапачаткова наша скарга была адхілена судом Цэнтральнага раёну. Настойлівымі патрабаваннямі і касацыйнай скаргай у абласны суд мы прымусілі раённы суд разглядаць нашы прэтэнзіі. Калі аказваць моцны ціск на гэтыя ўстановы, калі такіх выпадкаў будзе шмат, то і ў гэтай бюракратычнай сьцяне, якая існуе, можна прабіць дзьверы ў прававое грамадзтва”, — лічыць дэпутат Юрась Глушакоў.

Прадстаўніца гарвыканкаму Ірына Раманюк патлумачыла ў судзе, што спачатку гарвыканкам даў дазвол на мітынг. За два дні да яго дазвол быў скасаваны. Арганізатары нібыта яшчэ да атрыманьня рашэньня выканкаму расклеілі ў горадзе аб’явы пра мітынг. Да таго ж санітарная служба абвясьціла ў горадзе эпідэмію грыпу.

Пазоўцы абверглі сьцьвярджэньне прадстаўніцы гарвыканкаму. Яны зьвярнулі ўвагу суду на тое, што санслужба ніякіх забаронаў на вулічныя мерапрыемствы не рабіла, у той час яны праводзіліся ў горадзе. Гарвыканкам не ўпершыню забараняе мітынгі пэўнай катэгорыі грамадзянаў. Гаворыць пазоўца Марыя Багдановіч:

(Багдановіч: ) “Мы хочам, каб гарвыканкам выконваў Канстытуцыю, каб даваў магчымасьць грамадзянам праводзіць масавыя мерапрыемствы. Гомельская апазыцыя на свае замовы пра мітынгі мае ўжо шэсьць адмоўных рашэньняў. Усе яны прыняты з парушэньнем законаў”.

Пастанову паводле пазову гараджанаў да гарвыканкаму наконт забароны мітынгу судзьдзя Віктар Казачок абвесьціць 11 траўня.
XS
SM
MD
LG