Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гаворкі пра моладзевую кааліцыю, пра конкурс “Рабі. Сябе. Сам”, пра цэнтралізаванае тэставаньне, пра скейтборды


Вольга Канапелька, Ягор Маёрчык, Менск <moladz@tut.by> Новая перадача сэрыі “Маладыя галасы”.

(Ягор Маёрчык: ) “Сем буйных моладзевых арганізацыяў зьядналіся ў кааліцыю і распачалі мабілізацыйную кампанію да прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году. Адзін з ініцыятараў зьвязу адказвае на пытаньні “Маладых галасоў”.

(Вольга Канапелька: ) “Яшчэ адна прынагодная размова. Фінішаваў конкурс “Рабі. Сябе. Сам-2”. Шэсьць камандаў-фіналістаў уганараваныя за лепшыя сцэнары вырашэньня сацыяльных праблемаў. Слухайце нас — і будзеце ведаць, што ёсьць эталёнам крэатыўнасьці ў сёньняшняй Беларусі”.

(Маёрчык: ) “Ня менш актуальная тэма. У Беларусі праходзіць цэнтралізаванае тэставаньне. Удзельнік нашай праграмы правяраў свае веды па беларускай мове. Ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі”.

(Канапелька: ) “І пры канцы праграмы мы адыдзем ад актуальных тэмаў і пагаворым пра скейтборд. Пра сваё захапленьне гавораць аматары катацца на дошках”.

Гаворкі пра моладзевую кааліцыю

(Маёрчык: ) “Пачынаем з палітычнай тэмы. Сем буйных моладзевых арганізацыяў абвясьцілі пра стварэньне кааліцыі. Да выбараў прэзыдэнта ў 2006 годзе яны плянуюць правесьці мабілізацыйную кампанію. Члены зьвязаў будуць распаўсюджваць альтэрнатыўную інфармацыю, знаходзіць новых актывістаў і яднаць выбарцаў”.

(Канапелька: ) “Ягор, а як гэты зьвяз называецца?”

(Маёрчык: ) “Назвы, Вольга, пакуль што няма. Таксама адсутнічае і сымбаль кааліцыі”.

(Канапелька: ) “Апошні час можна пачуюць дыскусіі на тэму, які колер павінен быць у беларускай рэвалюцыі. Ці прапанавала кааліцыя свой варыянт?”

(Маёрчык: ) “Вымушаны цябе расчараваць — не, не прапанавала. Кожны мае на гэты конт свае меркаваньне, але агульнай пазыцыі няма”.

(Канапелька: ) “А як такое можа быць? Даўно заўважана: як вадаплаў назавеш, так ён і плаваць будзе. А тут што атрымліваецца? Назвы няма, сымбалю няма, колеру для рэвалюцыі нават не прыдумалі”.

(Маёрчык: ) “Вольга, ініцыятары кааліцыі цьвердзяць, што яны гатовыя выконваць тэхнічную функцыю. Гэта значыць, працаваць у першую чаргу з выбарцамі. А што да назваў, сымбаляў, колераў і дэвізаў, магчымасьць паказаць свой талент яны пакідаюць будучаму адзінаму кандыдату ад дэмакратычных сілаў. Падрабязнасьці ўведаем ад Кірылы Ігнаціка, кіраўніка Моладзевага сацыяльнага-хрысьціянскага саюзу “Маладыя дэмакраты”.

(Кірыла Ігнацік: ) “Сабраліся тыя моладзевыя арганізацыі ці ініцыятывы, якія маюць аўтаномны статус, якія маюць незалежны моладзевы рэсурс. Сюды ўвайшлі: Моладзевы сацыяльна-хрысьціянскі саюз “Маладыя дэмакраты”, таксама гэта Задзіночаньне беларускіх студэнтаў, “Малады фронт”, Партыя свабоды, “Грамадзянскі форум”, “Маладая грамада” і Ленінскі камуністычны саюз моладзі. Гэта розныя ў ідэалягічным пляне арганізацыі. Агульная мэта — правесьці мабілізацыйную кампанію ня толькі ў моладзевым асяродку, але і сярод людзей больш сталага веку. Мы хочам аб’яднаць іх для зьдзяйсьненьня мэты. Каб у пэўны дзень людзі змаглі арганізавана выйсьці на вуліцу, каб яны пацьвердзілі перамогу кандыдата. Усе мы разумеем, што лічыць на гэтых выбарах ніхто ня будзе, і таму мы павінны рыхтавацца да вулічнага варыянту. Каб выбары прайшлі сапраўды дэмакратычна, для гэтага кааліцыя і стварылася”.

(Карэспандэнт: ) “Да выбараў крыху болей за год. За гэты час якіх акцыяў і мерапрыемстваў можна чакаць?”

(Ігнацік: ) “Найперш гэта інфармаваньне і стварэньне групаў падтрымкі. За такі доўгі час акцыяў, якія ня маюць асаблівага сэнсу, мы вырашылі не праводзіць. Перадусім мы будзем прыцягваць новых актывістаў”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта ня першая мабілізацыйная кампанія. Вядома, што ў 2001 годзе напярэдадні тых выбараў прэзыдэнта ўжо была мабілізацыйная кампанія. Чым новая ініцыятыва прынцыпова розьніцца ад мінулай кампаніі?”

(Ігнацік: ) “Людзі сабраліся загадзя. І гэта ня будзе такая пасьпешлівая кампанія. Па-другое, асноўныя моладзевыя арганізацыі на сёньня ўжо падрыхтаваныя, каб шукаць нейкі кампраміс і рабіць гэтую кампанію разам. А гэта значыць, што мы чакаем зьяўленьня адзінага кандыдата значна раней, чым гэта было на тых выбарах. Гэтая кампанія будзе больш паступовая і больш мэтанакіраваная”.

(Карэспандэнт: ) “Як удзельнікі кааліцыі расцанілі апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што рэвалюцыі, якія адбыліся на пасьлясавецкай прасторы, зробленыя бандытамі, што гэта неканстытуцыйная зьмена ўладаў?”

(Ігнацік: ) “Калі б Аляксандар Рыгоравіч не баяўся, што гэта можа адбыцца і тут, ён бы пра такое не казаў. Але апошнім часам на ўсіх сходах ён кажа пра неканстытуцыйнасьць рэвалюцыяў, і што ў нас такое немагчыма. Калі ў нас сапраўды такое было б немагчыма, ён пра гэта так доўга не казаў бы. Усе падзеі ў Грузіі і ва Ўкраіне былі наступствамі таго, што ўлады сфальшавалі выбары. Калі ўлады самі ідуць на падман, яны першымі робяць неканстытуцыйныя дзеяньні”.

Гаворкі пра конкурс “Рабі. Сябе. Сам”

(Канапелька: ) “Фінішаваў конкурс “Рабі. Сябе. Сам”. Шэсьць камандаў-фіналістак уганараваныя каштоўнымі падарункамі. Пераможцы атрымалі агульнанацыянальную вядомасьць. Кіраўнікі рэклямных агенцтваў ужо прыглядаюцца да патэнцыйных супрацоўнікаў”.

(Маёрчык: ) “Вольга, нагадаю, каб удзельнічаць у конкурсе, трэба было прыдумаць плян вырашэньня сацыяльнай праблемы, а пасьля паводле гэтага сцэнару правесьці акцыю. З больш як сотні прэтэндэнтаў журы адабрала толькі шасьцярых — гэта маладыя людзі зь Берасьця, Горадні, Магілёва і Менску, натуральна”.

(Канапелька: ) “Дарэчы, чула, як удзельнікі конкурсу апраналі адгазьнікі для барацьбы з зацятымі курцамі. І ўчора вельмі пашкадавала, што іх не было побач са мной, калі я стаяла на прыпынку”.

(Маёрчык: ) “Каго не было побач: тых, хто паліць, ці ўдзельнікаў?”

(Канапелька: ) “Натуральна, што ўдзельнікаў акцыі, бо курцоў хапала. І вельмі непрыемна было стаяць побач з гэтымі людзьмі. якія дулі мне ў твары цыгарэтным дымам”.

(Маёрчык: ) “І ты не пратэставала?”

(Канапелька: ) “Не хапала адгазьніка”.

(Маёрчык: ) “Не забегай наперад. Пра ўсё па парадку. Я сустрэўся з рэгіянальным каардынатарам праекту Багданам Арловым. На маю просьбу ён пракамэнтаваў вынікі спаборніцтва. Слухайце і ведайце, што цяпер ёсьць эталёнам крэатыўнасьці сярод маладых беларусаў”.

(Багдан Арлоў: ) “У фінал выйшла шэсьць акцыяў. Першая — гэта супраць пасіўнага паленьня пад кодавай назвай “Супрацьгазы”. Яна праходзіла ў Менску. Маладыя людзі на людным прыпынку змагаліся з тымі, хто паліць і дымам атручвае атмасфэру ды іншых людзей. Удзельнікі раствараліся сярод натоўпу. Яны бачылі, як нехта адзін пачынаў паліць. Да гэтага чалавека падыходзіла дзяўчына і пыталася: “Вы паліце?” Людзі адказвалі, што так. Тады яна гучна казала: “Паліце, а мы пацерпім!” І ўсе дванаццаць чалавек адначасна ў розных кропках прыпынку апраналі супрацьгазы. І працягвалі стаяць як нічога ніякага. Рэакцыя ў людзей была розная. Збольшага яны адыходзілі, альбо выкідалі цыгарэту. А некалькі людзей спалохаліся. Яны ўскоквалі ў першы ж транспарт. У гэтай акцыі быў дастаткова пазытыўны працяг. Дзяўчына прачытала пра яе і такім чынам перамагла свайго суседа, які штодня паліў у пад’езьдзе”.

(Карэспандэнт: ) “Якая другая акцыя?”

(Арлоў: ) “Другая акцыя праходзіла ў Берасьці. Гэта сьметніца, якая размаўляе. Сацыяльная праблема досыць відавочная. Усе кідаюць сьмецьце абы-куды, ды толькі ня ў сьметніцу. Берасьцейская каманда запхнула ў сьметніцу дынамік. А самі селі ў кіёску побач. Праз вакенца зь мікрафонам у руках назіралі за людзьмі. Атрымлівалася, што сьметніца цягам некалькіх гадзінаў размаўляла зь мінакамі. Магла сказаць: “Жанчына ў ружовым паліто, кіньце ў мяне што-небудзь, бо я галодная”. Рэакцыя людзей была вельмі пазытыўнай. Усе імкнуліся накарміць сьметніцу”.

(Карэспандэнт: ) “Трэцяя акцыя...”

(Арлоў: ) “Трэцяя акцыя пад кодавай назвай “Мушкетэры ў мэтро”. У Менску маладыя людзі змагаліся супраць цяжкіх дзьвярэй і супраць хамства, калі ты можаш атрымаць па лбе дзьвярыма ад чалавека, што ішоў наперадзе. Каманда пераапранулася мушкетэрамі. Уключылі сярэднявечную музыку і проста адчынялі людзям дзьверы”.

(Карэспандэнт: ) “Засталося яшчэ тры акцыі. Што такога выбітнага было?”

(Арлоў: ) “У Магілёве каманда змагалася супраць мацюкоў. Маладых беларусам, які хоць калі былі ў летніку, вядомы мітычны пэрсанаж Мацерны вожык. А байка пра яго такая: трэба напісаць на паперцы трыццаць тры мацюкі, пакласьці іх пад падушку, і тады ўначы прыйдзе Мацерны вожык. Двое маладых людзей было апранутыя ў строі мацерных вожыкаў. Цягам дзьвюх гадзінаў на адной з цэнтральных плошчаў Магілёва яны падыходзілі да людзей. Пыталіся, ці мацюкаюцца людзі і прасілі напісаць самае ўлюбёнае мацернае слова. Такім чынам аўтары хацелі назьбіраць трыццаць тры мацюкі. Насамрэч варыянты мацюкоў былі дастаткова розныя і сьмешныя. У прыватнасьці, была такая лаянка: “праца”. Што ж, яна таксама мае права на жыцьцё. А на разьвітаньне вожыкі раздавалі людзям прышчэпкі са словамі: “Калі вам захочацца заткнуць злоснага мацюкальніка, ці самім устрымацца ад лаянкі, можаце прышчапіць яе на вусны”. А на прышчэпцы было напісана “Глушылка мату”.

(Карэспандэнт: ) “Хто такі фіналіст нумар пяць?”

(Арлоў: ) “Гэта менская каманда. Яна прыцягвала ўвагу да малой колькасьці прыбіральняў. У парку Горкага імі была ўладкаваная невялікая траса: адзін кілямэтар, два кілямэтры, тры кілямэтры. У канцы трасы стаяў нулявы кілямэтар і побач прыбіральня. Было дзьве машынкі з дыстанцыйным кіраваньнем. Задача была — хутчэй даехаць да прыбіральні. Пераможцу давалі прыз, гаршок. Маўляў, у горадзе Менску трэба хадзіць са сваім гаршчком, бо калі захочацца паюндзіць, прыбіральня аказваецца кілямэтры за чатыры.

Фіналіст нумар шэсьць — гэта раварысты. Яны прыцягвалі ўвагу да сваёй праблемы. Роварных сьцежак у нас раз-два, і больш няма. А кіроўцы аўто лічаць раварыстаў сваімі ледзь не галоўнымі ворагамі. Яны вельмі неадэкватна ставяцца да таго факту, калі раварысты зьяўляюцца на праезнай частцы. Хоць свой законны мэтар ад ходнікаў тыя маюць. Такім чынам, калёна раварыстаў у розных касьцюмах — мэдыкі, дзелавыя людзі, працоўныя — на роварах праехаліся па вуліцах гораду Менску з плякатамі “Раварыст — гэта той жа самы кіроўца. Паважайце адно аднаго”.

Гаворкі пра цэнтралізаванае тэставаньне

(Маёрчык: ) “Вольга, уцяміць не магу, як гэта мы з табой паатрымлівалі вышэйшыя адукацыі без такога дасягненьня чалавечага прагрэсу, як цэнтралізаванае тэставаньне”.

(Канапелька: ) “А мы, Ягор, папросту здавалі ўступныя іспыты. І ў нас быў толькі адзін шанец. А ў цяперашніх абітурыентаў ёсьць ажно некалькі магчымасьцяў для штурму інстытутаў, унівэрсытэтаў і акадэміяў”.

(Маёрчык: ) “М-да. Мы з табою маладыя, але ўжо можам ужываць выраз “А ў наш час было па-іншаму...” Цяпер, сапраўды, усё ня так. Сыстэма адукацыі Беларусі няспынна рэфармуецца. Афіцыйныя асобы цьвердзяць, што робіцца гэта зь дзьвюма мэтамі. Першая: зрабіць навучаньне больш эфэктыўным, другая: палегчыць жыцьцё школьнікаў і студэнтаў. Падмуркам пераўтварэньняў стала сыстэма адукацыі савецкага часу”.

(Канапелька: ) “Але нейкім чынам сюды пранікла тэставаньне. Гэты мэтад ацэнкі ведаў распаўсюджаны ў Эўропе і ЗША”.

(Маёрчык: ) “Так. Міністэрства адукацыі тлумачыць, што мэта тэставаньня — дасягнуць роўнасьці ўсіх прэтэндэнтаў. Імя і прозьвішча аўтара аркуша з адказамі шыфруецца, а працы правяраюць не выкладчыкі, а кампутары. Такім чынам, чыноўнікі імкнуцца выключыць фактар чалавечай сымпатыі”.

(Канапелька: ) “Памятаю, падчас леташняга тэставаньня шмат гучала нараканьняў менавіта на тое, што тэсты правярае кампутар. Тады праграма была недасканалай, і машына часам неадэкватна ўспрымала напісанае. Як вынік, адны атрымлівалі заніжаную адзнаку, іншыя — завышаную. Праграмісты тады сьмяяліся з апраўданьняў аўтараў тэстаў. Маўляў, кампутар ня можа чытаць пэўных шрыфтоў і распазнаваць адказаў на беларускай мове. Але летась паабяцалі выправіць усе хібы да наступнага тэставаньня”.

(Маёрчык: ) “Ці выкананае гэтае абяцаньне? Сваімі ўражаньнямі ад цэнтралізаванага тэставаньня па беларускай мове дзеліцца абітурыент Зьміцер. Ён быў адным з 58 тысяч людзей, якія прайшлі тэставаньне”.

(Зьміцер: ) “Ад самага пачатку былі вялізныя чэргі, і нас запускалі па адным чалавеку. Адразу ва ўсіх канфіскоўвалі мабільныя тэлефоны. Лічыцца, што гэта можа неяк дапамагчы, што там можна схаваць шпору, ці яшчэ што іншае. Кожны павінен быў цягнуць паперку. Там напісанае тваё месца ў аўдыторыі. Пасьля таго, як усе расьселіся, аб 11-й пачалі ўскрываць гэтыя капэрты з тэстамі і блянкамі. Прычым, калі нехта спазьняўся і прыходзіў пасьля таго, як былі ўскрытыя гэтыя капэрты, то гэтых людзей да тэстаў не дапускалі. Нам раздалі блянкі. На кожным зь іх быў напісаны варыянт. Пасьля кожнаму раздалі па тэсьце. Адзначылі час, калі быў раздадзены апошні тэст. І з гэтага часу пачаўся адлік. На тэст нам давалася 110 хвілінаў. Яшчэ ўразіла тое, што блянк трэба было падпісваць на расейскай мове”.

(Карэспандэнт: ) “Афіцыйныя асобы, што прымалі тэст, яны нейкім чынам тлумачылі гэты казус?”

(Зьміцер: ) “Казалі, што нібыта кампутар не чытае беларускага шрыфта. І гэта пры тым, што ў тэсьце па беларускай мове ў адной з частак адказы трэба было пісаць словамі. І тут беларускі шрыфт чытаецца нармалёва. А шапку трэба было падпісваць па-расейску. Гэта жудасьць!”

(Карэспандэнт: ) “Наколькі цяжкі быў гэты тэст?”

(Зьміцер: ) “Тэст быў даволі цяжкі ў параўнаньні нават з тымі прыкладамі, што прадаюцца ў крамах. Але нічога такога звышардынарнага там не было. Напісаць яго было магчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Ці моцны быў кантроль у аўдыторыі?”

(Зьміцер: ) “Кантроль быў ня вельмі моцны. Нас кантралявалі тры жанчыны. Адна сядзела за сталом і трошкі сачыла. А дзьве праходзіліся па шэрагах. Яны назіралі. Але калі нехта штосьці хацеў запытацца ў суседа, ён мог гэта зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) “На ваш погляды, ці магчыма было сьпісаць?”

(Зьміцер: ) “Я ня ведаю, ці мэтазгодна сьпісваць беларускую мову. Калі за адзінаццаць гадоў ты яе ня вывучыў, трэба рабіць вялізную шпору. Я сам такога не рабіў і ня ведаю, наколькі б гэта было магчыма”.

Гаворкі пра скейтборды

(Маёрчык: ) “Спадарства, задамо некалькі пытаньняў Вользе Канапельцы. На дадзены момант ці знаходзісься ты ў добрай спартовай форме?”

(Канапелька: ) “Так. А што, па маім выглядзе незаўважна?”

(Маёрчык: ) “Заўважна, таму працягваем анкетаваньне. Ці любіш ты актыўны адпачынак?”

(Канапелька: ) “Жыць безь яго не магу!”

(Маёрчык: ) “Ці любіш ты хуткасьць?”

(Канапелька: ) “І бяз хуткасьці жыць не магу!”

(Маёрчык: ) “Ці ёсьць у цябе досьвед катаньня на ровары і роліках?”

(Канапелька: ) “Крыху ёсьць. А куды гэта ты хіліш?”

(Маёрчык: ) “А хілю я да таго, што надышоў момант расплаты за нявыкананае абяцаньне”.

(Канапелька: ) “Цікава, калі гэта я пасьпела табе нечага наабяцаць?”

(Маёрчык: ) “А хто падчас мінулай праграмы заявіў, што наступны раз прыйдзе ў студыю ў нацыянальным строі? Хто? Ты такое казала!”

(Канапелька: ) “Я забылася...”

(Маёрчык: ) “Выдатна! Для трэніроўкі тваёй памяці, каб яна болей ня здраджвала, цябе трэба пакараць”.

(Канапелька: ) “Людзі, пашкадуйце!”

(Маёрчык: ) “Ніякай літасьці! Што ты скажаш на тое, каб засвоіць азы скейтбардызму?”

(Канапелька: ) “За што ты мяне так ня любіш?”

(Маёрчык: ) “А хто табе сказаў, што я цябе не люблю? Наадварот. Папросту зіма прайшла, і наступіў самы спрыяльны час для таго, каб навучыцца катаньню на дошцы. Вось я і вырашыў: чаму б табе не спрычыніцца да гэтага віду спорту. Для цябе ж стараюся. Падзякаваць мусіш”.

(Канапелька: ) “Дзякуй, канечне, але я ня ўпэўнена, ці атрымаецца ў мяне”.

(Маёрчык: ) “Будзе жаданьне — усё атрымаецца! Першым урокам, так бы мовіць, уводнай лекцыяй, стане наступнае інтэрвію. Студэнт Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Раман катаецца ўжо ня першы сэзон. Паслухай, што ён кажа пра тваё будучае захапленьне”.

(Раман: ) “У сьвеце скейтборд пачаўся недзе зь першай паловы 1980-х. Калі сэрфэрам у Амэрыцы не было чым заняцца ў той час, калі на моры не было хваляў, тады яны прыклейвалі колы да сваёй дошкі і каталіся па вуліцах. У Беларусі першыя скейтбардысты зьявіліся з пачаткам перабудовы. Людзі пачалі болей езьдзіць па сьвеце і бачыць, што гэта ёсьць. І цяпер у Менску шмат адданых скейтбардыстаў. Яны нават зімою катаюцца на дошках”.

(Карэспандэнт: ) “Ва ўсім сьвеце для скейтбардыстаў пабудаваныя адмысловыя трасы. А што ёсьць у Менску?”

(Раман: ) “Наколькі мне вядома, у Менску няма нічога”.

(Карэспандэнт: ) “Але ў Менску пабудаваная лыжаролерная траса, ёсьць стадыёны з трэкамі. Гэта падыходзіць? Альбо маладым людзям толькі і застаецца, што катацца па Кастрычніцкім пляцы?”

(Раман: ) “Гэтыя ролерныя трасы падыходзяць для такіх адмысловых стыляў, калі людзі езьдзяць па роўных паверхнях. Але і з такімі паверхнямі ў Менску таксама даволі вялікая праблема. Увесь цэнтар забамбаваны брукам. Вельмі непрыемна, калі ты езьдзіш на дошцы і ўсё трасецца — гэта перадаецца да ног, а пасьля людзі ходзяць з спружанымі нагамі. Гэта ня вельмі зручна. А для скейтборду патрэбныя іншыя рэчы. Вельмі добра падыходзіць фантан ля “саркафагу” на Кастрычніцкім пляцы”.

(Карэспандэнт: ) “Але там вельмі часта за скейтбардыстамі ганяецца АМОН”.

(Раман: ) “Так. Яны думаюць, што дошкай можна пашкодзіць каменныя пліты. Але гэта няпраўда. Гэта для іх нязвыкла. І тое, што нязвыкла, яны лічаць крыміналам”.

(Карэспандэнт: ) “Няма адмысловых трэкаў для катаньня. Тут можна правесьці аналёгіі. Аляксандар Лукашэнка захапляўся тэнісам — у Беларусі будавалі корты, пасьля ён захапіўся хакеем — і пачалі ў Беларусі ўзводзіць лядовыя палацы. Можа б, скейтэры аднойчы сабраліся і прыцягнулі якога дзяржаўнага чыноўніка. Можа б, тады і вам нешта перапала?”

(Раман: ) “Я ня думаю, што з гэтага нешта атрымаецца. У скейтборд людзі прыходзяць у маладым узросьце”.

(Карэспандэнт: ) “Як доўга людзі вучацца катацца на дошцы?”

(Раман: ) “Ёсьць асноўны трук, ольлі — гэта паскокваньне. Людзей-пачаткоўцаў так і называюць — папрыгунчыкі. Некаторым, каб засвоіць ольлі, патрабуецца месяц. У некаторых гэта атрымліваецца за некалькі гадзінаў. А пасьля народ пачынае скакаць праз розныя перашкоды. Затым людзі засвойваюць ліп — гэта катаньне на выгнутай паверхні дошкі. Майстэрства скейтбардыста залежыць ад таго, наколькі чыста ён робіць трукі, і наколькі шмат іх ён можа зрабіць”.

(Карэспандэнт: ) “Што гэты спорт прыносіць чалавеку?”

(Раман: ) “Ён выпрацоўвае ўпартасьць. Няўпартыя людзі ніколі не навучацца ўсім тым трукам. Тут майстэрства не прыходзіць за адзін дзень. Людзі над гэтым б’юцца па некалькі тыдняў. Для іх гэта другі працоўны дзень. Яны спрабуюць, пакуль у іх штосьці не атрымаецца”.

(Канапелька: ) “Адведзеныя “Маладым галасам” дваццаць хвілінаў прабеглі хутчэй, чым хацелася б”.

(Маёрчык: ) “Пры канцы праграмы — анонс наступнага выпуску. Вас чакае адмысловая музычна-эратычна-асьветніцкая праграма пра полавыя стасункі. Слова “стасункі” разумейце ў самым шырокім сэнсе: спатканьне, парады да спакушэньня, развагі пра сэкс і экспрэс-апытаньне пра мэтады кантрацэпцыі”.

(Канапелька: ) “А мы з вамі разьвітваемся. Заставайцеся маладымі і прыгожымі: як душою, так і целам”.

(Маёрчык: ) “Да новых сустрэчаў на хвалях Радыё Свабода!”
XS
SM
MD
LG