Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выйшаў з друку альбом “Васілёва зорка”


Валянціна Аксак, Менск У ім зьмешчаныя творы мастакоў творчае суполкі “Пагоня”, напісаныя ў часе мінулагодняга пленэру на Вушаччыне ў вёсцы Бычкі — на радзіме Васіля Быкава, і прысьвечанага 80-годзьдзю народнага пісьменьніка. Гэта першае падобнае выданьне ў Беларусі. Адметнасьць яго яшчэ і ў тым, што выдадзены альбом на сабраныя грамадою сродкі. Сёньня ў Менску ў сядзібе БНФ адбылася прэзэнтацыя “Васілёвай зоркі”.

Ідэя альбому “Васілёва зорка”, названага так, дарэчы, па радку зь верша Рыгора Барадуліна, нарадзілася падчас закрыцьця мастацкага пленэру суполкі “Пагоня” ў вёсцы Бычкі, што на Вушаччыне, 13 жніўня мінулага году. Пра гэта сказаў на сёньняшняй прэзэнтацыі выданьня аўтар канцэпцыі мастак і грамадзкі дзеяч Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Па выніках таго, што зрабілі мастакі, а іх усяго было 25 чалавек, рашылі выдаць такі каталёг-альбом, куды б увайшлі і вершы паэтаў, і ўспаміны… Нарэшце мы маем гэты альбом”.

Выданьню папярэднічалі выставы твораў з пленэру. Спачатку ў Бычках у адноўленай хаце Васіля Быкава, а пасьля — у горадзе Наваполацку. Заплянаваная была яна і ў Віцебску, але тамтэйшыя ўлады ўбачылі ў некаторых творах крамолу і забаранілі. У Менску экспазыцыю твораў з мастацкага пленэру да 80-годзьдзя Васіля Быкава мяркуецца адчыніць у Дольнай залі Чырвонага касьцёлу 13 траўня. Там жа можна будзе набыць і альбом “Васілёва зорка”, на выданьне якога ахвяравалі свае асабістыя сродкі многія прыватныя асобы і грамадзкія арганізацыі. Ад Міністэрства культуры ініцыятары выданьня ня мелі ніякае падтрымкі. Гаворыць Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Міністэрства культуры займаецца ў асноўным глябальнымі задачамі, як на іх погляд, гэта бібліятэка, гэта “Славянскі базар”, гэта яшчэ там нейкія… І што ім да імя Васіля Быкава. На жаль”.

Што значыць імя Васіля Быкава для неафіцыйнае беларускае грамадзкасьці, сказала ў сваім вершы Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “У час, калі пачынае зноў Чарнавусы аскабалак мінулага клікаць Да прывіднай сьветлай будучыні, І прабівае “Стынгерам” самалёт, На якім ты імкнесься ўзьляцець — Ён, Быкаў, ізноў і ізноў Захіляе чорныя дзіркі сабой,

…Каб табе хапіла паветра да прызямленьня На аэрадроме Свабоды…”

Выданьнем альбому твораў, прысьвечаных Васілю Быкаву, сябры суполкі “Пагоня” запачаткавалі сэрыю “Мастакі — выдатным дзеячам гісторыі і культуры Беларусі”. Наступнае выданьне будзе прысьвечанае Ўладзімеру Караткевічу.
XS
SM
MD
LG