Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як амністыя адаб’ецца на лёсе беларускіх палітычных вязьняў?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Амністыя праз скарачэньне тэрміну зьняволеньня дасьць Міхаілу Марынічу і Аляксандру Васільеву шанец на датэрміновае вызваленьне. А вось хуткае вызваленьне Юрыя Бандажэўскага і Валера Леванеўскага пад пытаньнем, заявілі “Радыё Свабода” ў дэпартамэнце выкананьня пакараньняў.

Аляксандар Лукашэнка падпісаў закон аб амністыі ў сувязі з 60-годзьдзем Перамогі. 6 траўня закон набыў моц. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў заяўляюць, што ў адпаведнасьці з гэтым законам былы міністар і амбасадар Міхаіл Марыніч атрымае шанец датэрмінова выйсьці на волю. Гэта пацьвердзіў для Радыё Свабода кіраўнік дэпартамэнту Ўладзімер Коўчур.

(Коўчур: ) “Усё, ён падпадае пад палажэньне аб скарачэньні тэрміну зьняволеньня на год. Яны ўсе, хто першы раз асуджаны, незалежна ад артыкулу, падпадаюць пад амністыю”.

Міхаіл Марыніч адбыў у зьняволеньні адзін год з трох з паловай, на якія яго асудзілі. З улікам яшчэ аднаго году, калі яго здымуць паводле амністыі, у Міхаіла Марыніча будзе больш за палову адбытага тэрміну. “Пры адбыцьці паловы тэрміну вязьня могуць вызваліць датэрмінова. Акрамя гэтага, да яго могуць ўжыць палажэньне амністыі пра вызваленьне асобаў пэнсійнага ўзросту. У любым выпадку, празь месяц-два Марыніч мусіць быць на волі”, — заявіла адвакат былога міністра Вера Страмкоўская.

Гэтак жа Ўладзімер Коўчур акрэсьліў будучы лёс Аляксандра Васільева, гарадзенскага прадпрымальніка, якога летась асудзілі на два гады за абразу Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаю, Аляксандар Васільеў, як і Міхаіл Марыніч, цяпер знаходзіцца ў Менскім турэмным шпіталі. Уладзімер Коўчур сказаў, што амністыя дасьць магчымасьць і Васільеву разьлічваць на датэрміновае вызваленьне.

Што да лідэра страйкаму прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага і былога рэктара Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту Юрыя Бандажэўскага, іх лёсы міліцыянт Уладзімер Коўчур акрэсьліў менш пэўна. Валер Леванеўскі, паводле кіраўніка дэпартамэнту, мае некалькі пакараньняў за парушэньні турэмнага рэжыму, што можа стаць прычынай адмову яму ў амністыі.

Зь Юрыя Бандажэўскага год тэрміну па амністыі здымуць, пацьвердзіў Уладзімер Коўчур. Між тым, гэта не азначае, што яго датэрмінова вызваляць. Жонка Бандажэўскага Натальля згадала, што муж яшчэ напачатку году меў шанец на датэрміновае вызваленьне, паколькі адбыў больш за палову тэрміну, але яго гэтак і ня вызвалілі. Нагадаю, Юры Бандажэўскі адбыў у зьняволеньні ужо пяць гадоў з васьмі, на якія быў асуджаны. Раней адзін год па амністыі зь яго ўжо здымалі.

Адвакат Валера Леванеўскага Аляксандар Бярылаў паведаміў Радыё Свабода, што Леванеўскі ў зьняволеньні спрабаваў аспрэчыць накладзеныя на яго пакараньні, але раённы суд разглядаць ягоную скаргу адмовіўся, а абласны яшчэ не паведаміў пра сваё рашэньне.

Разам, паводле афіцыйных зьвестак, амністыя дазволіць вызваліцца з калёніяў прыблізна чатыром тысячам зьняволеных. Акрамя таго, дадому вярнуцца каля 5 тысяч асуджаных да абмежаваньня волі. У дэпартамэнце выкананьня пакараньняў ужо падлічылі, што амністыя дазволіць зэканоміць 850 мільёнаў рублёў. Між тым, міліцыянты прызнаюць, што да 10% вызваленых па амністыі неўзабаве зноў трапляюць на лаву падсудных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG