Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заяву Джорджа Буша камэнтуюць беларускія палітыкі


Валер Каліноўскі, Менск Як ужо паведамляла “Свабода”, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш у інтэрвію літоўскаму тэлебачаньню заявіў аб тым, што Злучаныя Штаты будуць патрабаваць, каб у Беларусі адбыліся свабодныя выбары, і спрыяць гэтаму. Гэтую заяву “Свабодзе” камэнтуюць беларускія палітыкі, якія лічацца патэнцыйнымі кандыдадамі ў прэзыдэнты на выбарах 2006 году.

Аляксандар Мілінкевіч разам зь лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам у суботу ад’яжджае ў Тбілісі, дзе зь візытам будзе знаходзіцца і прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. Спадар Мілінкевіч не выключае магчымасьці сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з кіраўніком ЗША. Калі такая сустрэча адбудзецца, то спадар Мілінкевіч найперш хоча падзякаваць Джорджу Бушу за падтрымку беларускай дэмакратыі.

(Мілінкевіч: ) “Многія лічаць, што самая галоўная дапамога зь іх боку — матэрыяльная, фінансавая, але гэта ня так, перш за ўсё — гэта маральная дапамога. Такой пазыцыі ніколі раней у іх не было, нас гэта вельмі цешыць, дадае аптымізму, і трэба падзякаваць за такую пазыцыю. Ну і сказаць, што свабода і дэмакратыя залежаць перш за ўсё ад нас, але стаўленьне міжнароднай супольнасьці — надзвычай важная справа”.

Пазытыўна ацэньваючы выказаныя спадаром Бушам ідэі наконт забесьпячэньня вольных выбараў у Беларусі, Аляксандар Мілінкевіч гаворыць пра важнасьць адпаведных кантактаў амэрыканскага кіраўніка з Крамлём.

(Мілінкевіч: ) “Не перабольшваючы ролі Расеі, усё-такі трэба сказаць, што выканаць тое, што ён прапануе, магчыма толькі пры яе ўдзеле. Калі яна не паўдзельнічае, то будзе далейшая самаізаляцыя і шлях такі, як ва Ўкраіне і ў Грузіі, — абарона рэвалюцыі”.

Былы кіраўнік Савету Рэспублікі Аляксандар Вайтовіч лічыць, што ў цяперашнім сьвеце ўзаемаўплыў краінаў вельмі істотны, і пазыцыя ЗША падчас беларускіх выбараў можа выканаць важную ролю:

(Вайтовіч: ) “Пры некаторых умовах усё можа паўплываць вельмі істотна. Калі аб’яднаецца міжнародная супольнасьць, то магчымы ўплыў, і вельмі значны — можа, нават вырашальны ўплыў. Прадказаць сёньня гэта немагчыма. Можна сказаць толькі, што вядома ўжо, што выбары, якія тут у нас былі, гэта ня выбары, у чым мы пераканаліся ў час правядзеньня рэфэрэндуму і выбараў у Палату прадстаўнікоў, калі ўсё фальсыфікавалася”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч чуў пра апошнія выказваньні Джорджа Буша, але перакананы, што ягонае параўнаньне беларускай сытуацыі з украінскай неапраўданае, паколькі сытуацыя ў Беларусі зусім іншая.

(Гайдукевіч: ) “Я стаўлюся станоўча, што ёсьць жаданьне, каб у нашай краіне прайшлі сумленныя і дэмакратычныя выбары, я толькі “за”. Але для мяне незразумелае адно пытаньне, якое мяне вельмі цікавіць, як кандыдата ў прэзыдэнты дзяржавы. Чаму прэзыдэнт Злучаных Штатаў не сказаў пра галоўнае: якім чынам гэтае садзеяньне будзе ажыцьцяўляцца”.

Сяргей Гайдукевіч не выключае, што дапамога беларускай дэмакратыі з боку ЗША можа абмежавацца заявамі.

Як паведаміў “Свабодзе” афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Руслан Есін, выказваньні Джорджа Буша ў інтэрвію літоўскаму тэлебачаньню вядомыя беларускім уладам, аднак ягонае ведамства на іх пакуль не рэагуе.
XS
SM
MD
LG