Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Валянціна Аксак


Валянціна Аксак, Менск Асабістыя нататкі прадстаўляе паэтка і журналістка зь Менску Валянціна Аксак.

1 траўня, нядзеля, Смалічы

На ўсю старонку насьценнага календара “Родны край” ажно шэсьць(!) радкоў вялікімі чырвонымі літарамі:

СВЯТА ПРАЦЫ ВЯЛІКДЗЕНЬ (ПАСХА) (па календары праваслаўнай канфесіі)

Да гэтага дзяржаўнага сацыялістычна-праваслаўнага афіцыёзу пра сёньняшні дзень дадаецца і асабісты: у маім пашпарце дата нараджэньня — 01.05. Але дзякуй мамінай сястры, у якой я жыла ў студэнцтве. Аднойчы ў гэты дзень яна, віншуючы, назвала мяне самазванкай. Агаломшаная, у першы ж прыезд дадому я высьветліла, што калі бацька пайшоў у сельсавет рэгістраваць дзіця, то там яго ўгаварылі запісаць, што нарадзілася яно 1 траўня, а не, як у сапраўднасьці, тры дні да гэтага. Аргумэнт — у дачкі заўжды гэты дзень будзе выходным — падзейнічаў. Тым болей, што даведкі з больніцы не было — маму не пасьпелі туды завезьці, і я прыйшла ў гэты сьвет на палку дзедавай хаты, якая і сёньня, дзякуй Богу, сустрэла мяне сваёй зладжанай амаль стагодзьдзе таму першым у ваколіцы вясковым настаўнікам цеплынёй і ўтульнасьцю. Якая чакала тут ня толькі мяне зь сястрою, але і найперш — пасьля цяжкае паўтарамесячнае хваробы і лекаваньня ў найлепшых сталічных дактароў — маму. Пажвавелая і павесялелая, яна сваім ачуняньнем стварыла ўсім нам сёньня сапраўднае сьвята Ўваскрашэньня.

2 траўня, панядзелак, Менск

Вярнуўшыся зь вёскі па ранішняй паўпустой шашы, прачытала на мэйлах зачаканыя віншаваньні ад сяброў. Арына жадае, каб улетку на маіх смаліцкіх кветніках заўжды цьвілі часмусьці незабудкі, а ўзімку на менскіх падваконьнях — каляднікі. Дарагая Арына, у гэтую вясну да сотні з гакам назоваў сваіх размаітых пестункоў у садзе між шатаў дзедавых антонавак я дадала чатыры кусьцікі аранжавых ружаў. Спадзяюся, кожны зь іх, злучаных у вадно сваёю грузінска-ўкраінскаю сымболікай, усьцешыць зыркім кветам хутка і мяне, і майго мужа, і абодвух нашых сыноў.

Увечары дачытала раман Віржыні Дэпант “Teen Spirit”, галоўны герой якога цьвердзіць, што атакі мусульманскіх тэрарыстаў на Нью-Ёрк спарадзілі самі амэрыканцы. І з вусьцішнаю для чытача палёгкаю канстатуе, што 11 верасьня 2001 году пад вежамі-блізьнятамі пахаваны гнілы сьвет амэрыканскага спажывецтва, распаўсюджаны і на Эўропу. Падмацаваньня сваім думкам герой, а выглядае, што і аўтарка, шукае ў “Плятформе”, скандальным рамане свайго знакамітага суайчыньніка Мішэля Ўэльбэка. Згадалася, што свой час і Ўэльбэкавая “Plateforme”, і іншы ягоны сусьветнавядомы раман “Les particules elementaires” выклікалі ў мяне імпэт пабэлетрызаваць над опусамі з эратычна-нацыяналістычнымі — адрозна ад ягоных порна-глябалісцкіх — сюжэтамі. Імпэт той вельмі хутка загінуў пад нязводным комплексам мацярынскае прыстойнасьці. Хоць да гэтага я лічыла сябе больш-менш абыякавай да вонкавых згрызотаў вакол маёй сьціплае пэрсоны.

3 траўня, аўторак

Дзень Канстытуцыі Рэчы Паспалітае. І нашае ВКЛ. Але ніхто пра яе ня згадвае, гонар далучанасьці да другое ў сьвеце і першае ў Эўропе дэмакратычнае канстытуцыі пахавалі пад друзам зьвяглівых рэфрэнаў пра перамогу над фашыстамі. Ніякай перамогі тады ў беларусаў не было, яны гінулі за інтарэсы чужых дзяржаваў. І ў гэтыя дні мы мусім не ў фанфары трубіць, а жалобныя псальмы сьпяваць па трох мільёнах нашых суайчыньнікаў, забітых на франтох і лясных сьцежках ды закатаваных у савецкіх і нямецкіх лягерах. Сьвечкі паліць ды маліцца, каб сыны нашыя ніколі болей не патрапілі ў чужынскія войскі — ні на ўсход, ні на захад.

Паехала ўдзень па “харч нязводны” — і зноў павялася на мову. “Калі ласка, сьвежае мяска, купляйце, толькі што прывязьлі з Клецку!” Паглядная кабеціна, мабыць, даўно ўжо прыкмеціла маю неабыякавасьць да раднамоўных камароўскіх гандлярак. Вось і гукала прыязна насустрач. Рэкляма гэтым разам адпавядала якасьці прадукту.

Згадалася, як гадоў пяць таму з раднамоўнымі паслугамі выйшаў зусім іншы гешэфт. Запрошаны ў часе кватэрнага рамонту электрык дзьве гадзіны хораша гаманіў з намі па-беларуску, аднак драты так і ня здолеў разблытаць. Раман тады доўга кпіў з нас, што, маўляў, бацькі, любіць сваё не заўсёды танна. Потым, праўда, па аб’яве ў “Народнай волі” мы пазнаёміліся з майстрам, у асобе якога гарманічна супалі нацыяналізм і прафэсіяналізм. Ён, Алесь Бандарэнка, ня будзе шукаць для свайго сына кнігі Караткевіча па-расейску, як сёньня адна мая знаёмая. Дзіцёнак яе, тлумачыць яна на недаўменьне прысутных, да складанае Караткевічавае лексыкі нязвыклы. Што тут скажаш? Толькі й можна, што да вядомага: “любіць цэлы сьвет лягчэй, чым аднаго чалавека”, дадаць: “агітаваць за родную мову ўвесь народ прасьцей, чым адно ўласнае дзіця”.

4 траўня, серада

Яны такі прадулі расейцам. Тыя — не аўстрыякі, клюшкамі махаюць спраўна. 5:0 у іх на халяву ня выйграеш. Бедны Мезін, аднаму, як заўжды, за ўсю каманду давялося аддувацца. Толькі два з болей як трыццацёх кідкоў прапусьціў. Самі ж так ніводнае шайбы ў расейсую брамку і не заштурхнулі. Не дапамог славуты амэрыканскі трэнэр. Той, хто з ганарлівай паставай сьпявае гімн сваёй краіны, нязьменна бачачы перад сабою адзін і той жа сіне-паласаты дзяржаўны сьцяг, ня можа прывесьці да перамогі гульцоў, якія са зьдзіўленьнем глядзяць на бел-чырвона-белыя сьцягі ў руках беларускамоўных заўзятараў на венскіх трыбунах у той час, як над катком вісіць чырвона-зялёны і менскі камэнтатар Навіцкі штось радаснае выгуквае ў мікрафон па-расейску.

Амэрыканскі трэнэр ня ведае, што галоўныя ворагі ягоных выхаванцаў сядзяць не на кончыках клюшкаў, а ў нетрах іхняе сьвядомасьці. Бо так да канца і ня ўцямілі, пад якім сьцягам і за якую краіну яны гуляюць? А таму няма ў яго лекаў ад комплексу нацыянальнае непаўнавартасьці — гуляць ня горш за іншых. І не навучыць ён іх быць, ці хаця б хацець быць — лепш за іншых. Асабліва, калі робіш выгляд, што ў тваёй краіне найвыдатнейшыя ў сьвеце ўмовы для тваёй гульні, бо ж сам прэзыдэнт у вольны ад сяўбы-жніва-малацьбы час ганяе разам з табою шайбу, надзеўшы — на ўсякі выпадак — пад спартовую майку бронекамізэльку…

От жа, даўся мне гэты хакей! Са мной, відаць, як з тою дачушкаю наваполацкага графіка Валодзі Шапо. Калі ў яго нарадзілася пасьля трох хлапцоў дзяўчынка, я спыталася ў меншага Антося, ці будзе ён зь сястрычкаю гуляць у лялькі. На што той паважна адказаў, што яна зь імі будзе гуляць у вайну. Між трох мужчынаў у хаце ў што толькі й ня ўтруцісься!..

5 траўня, чацьвер

Дзень нараджэньня маіх любімых духоў — “№5 CHANEL”. І я адразу ж узгадваю спадарыню Зору Кіпель, якая некалі адарыла мяне, тады яшчэ асабіста незнаёмую, праз выпадковую трансатлянтычную аказію гэтым непаўторным водарам пекнаты і свабоды, недаступным мне тут, ва ўніфікаваным беднатою саўковым часе. Потым было шмат цудоўных хвіляў і моцных узрушэньняў у стасунках з гэтаю жанчынай, якая сталася для мяне ідэалам беларускае шляхцянкі. Я бачыла яе ў самых розных абставінах заўсёды густоўна апранутай і бездакорна прычасанай, вытанчана-далікатнай у абыходжаньні, спакойна-ўдумна стрыманай у гаворцы. Яна ніколі не ўжывала ангельскіх словаў, дакладна фармулюючы думкі багатаю роднаю мовай. І гэта — пражыўшы шэсьцьдзесят гадоў без радзімы.

Ня тое, што навасьпечаныя эмігранты сёлета ў Лёндане ў гаворцы з намі ўвесь час запіналіся, заўважаючы, што забыліся, як тое ці іншае сказаць па-беларуску, ды яшчэ старанна дадавалі чужы акцэнт. Але гэта, між іншым, бо на стале ў мяне ляжыць 28 том запісаў Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва, што днямі прыслалі зь Нью-Ёрку, які прысьвечаны стваральніку і нязьменнаму кіраўніку гэтага інстытуту Вітаўту Кіпелю. Пачну чытаць том з Зорынага артыкулу пра беларускі друк на эміграцыі. І гэтая мажлівасьць чытаць яе — адзіная, хоць і слабая ўсьцеха ад таго, што ўжо ніколі не пабачу чароўную Зорыну ўсьмешку, не пачую яе глыбокі грудны голас… Спадар Вітаўт, паведамляючы пра ростань з Зорай, сказаў, што заснула яна ў вечнасьці пад ягоныя сьпевы беларускіх народных мэлёдыяў…

6 траўня, пятніца, вечар. Зноў у Смалічах

Ружы — прыжыліся! Дзюбкі пупішкаў праклюнуліся, пасыначкі наліліся зялёным сокам. Сяджу спаміж разнаколернага мора расквітнелых туліпанаў, гляджу на пасаджаныя тыдзень таму калючыя кусьцікі і замольваю-загаворваю іх: хутчэй, хутчэй парадуйце мяне бутонамі аранжавага сьвята!
XS
SM
MD
LG