Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская прэса за 6 траўня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Заря Запада”, 1925 год:

“1-ы Дзяржпаказ — тэатар. Сёньня, 6 траўня. Паказальны працэс, пад старшынёўствам тав.Кудэльскага (старшыня крымінальна-касацыйнай сэкцыі Вышэйшага Суду БССР), слухаецца справа па абвінавачаньні гр.Кісялёва ў заражэньні ўласнай жонкі ганарэяй (трыпэрам), наступствам чаго было яе самагубства. Грамадзкі абвінаваўца — Н.Волкаў. Абаронца — сябра калегіі абаронцаў т.Цшохер. Экспэрт — вэнэроляг доктар Гяршуп. Білеты можна атрымаць у касе тэатру ад 12 гадзіны дня. Пачатак ў 8 1/2 гадз. вечара”.

“Вечерний Минск”, 1975 год:

“Барысаўскі мясакамбінат упершыню ў Беларусі асвоіў выпуск новага гатунку каўбасы — “Белавеская”. Яна вырабляецца зь мяса ласёў і дзікоў. Мінулы паляўнічы сэзон быў вельмі “ўраджайны” на дзікіх жывёлаў. Закон аб ахове прыроды, які дзейнічае ў рэспубліцы, спрыяе хуткаму памнажэньню ўсіх відаў лясных жыхароў, у тым ліку такіх буйных, як ласі, алені, дзікі. Зьявілася магчымасьць плянавага адстрэлу зьвяроў. За сэзон паляўнічыя здабылі звыш шасьці з паловай тысяч галоў ласёў і кабаноў. Мяса дзікіх жывёлаў ахвотна купляюць за мяжой. На экспарт у Швэцыю і ФРГ цяпер адпраўлена каля 400 тон дзічыны, 5 тон мяса дзікіх аленяў”.

“Свободные новости”, 1995 год. Станіслаў Шушкевіч:

“Я падчас акупацыі, шчыра кажучы, ні бел-чырвона-белага сьцяга, ні тым больш “Пагоні” наагул ня бачыў. Мусіць, недзе яны былі. У свой час мяне паклікалі ў райкам партыі і паказалі “адпаведную” кінахроніку… А ў горадзе (у акупацыі) усе сядзелі ціха, як мышы пад венікам. Калі адбываўся чарговы выбух (дзякуючы патрыётам-партызанам), бралі закладнікаў і расстрэльвалі. Я ня ведаю, хто выйграваў ад гэтага. Ніводзін немец не загінуў, а людзі гінулі. Колькі людзей забілі за няма што, проста за тое, што зьнішчылі Кубэ, гэта цяжка падлічыць”.
XS
SM
MD
LG