Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня ўсе салдаты былі карнікамі і павінны мець апошняе месца на зямлі”


Радыё Свабода Званок на Свабоду. Водгукі слухачоў – 6-га траўня 2005 г. Кожны дзень з 21:00 да 09:00 вы можаце патэлефанаваць на менскі нумар 2903952 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку. Рэдакцыя Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

(Спадарыня: ) “Хачу выказаць сваю думку наконт вашага пытаньня пра захоўваньне нямецкіх салдатаў.

Я лічу, што салдат выконвае загады камандзіраў. Другая справа, як ён іх выконвае. Але ж ня ўсе салдаты былі карнікі і павінны мець апошняе месца на зямлі. Я маю на ўвазе магілу, якую могуць наведаць сваякі. Таму, лічу, пахаваньне нямецкіх салдатаў трэба прывесьці ў належны стан. Гэта па-людзку.

Я была зусім маленькай дзяўчынкай у часе вайны, але буду памятаць, як нямецкі салдат прыносіў мне і маёй малодшай сястрычцы галеты і шакаляд і гладзіў мяне па белай галоўцы, і нешта пяшчотна ляпятаў на сваёй мове. Я б да гэтага салдата заўсёды пайшла на магілку і яе прыбрала. Бо ён быў хоць і вораг для маёй Беларусі, але ня карнік. І ён насіў гэты шакаляд і галеты ўвесь час, пакуль стаяў гарнізон у нашай вёсцы. Цяпер я ведаю, што ён ратаваў мяне ад голаду і холаду, хацеў, каб я засталася жывой.

І яшчэ я памятаю, як мая дзядуля і бабуля хавалі пад падлогай габрэяў і прасілі мяне, маленькую, нікому не казаць, бо нам больш не прынясуць шакаляд. І мы маўчалі. А кавалачкі шакаляду піхалі ў адтуліну ў падлозе для тых габрэяў, бо ім там было цёмна і страшна.

Вось так я ўзгадваю вайну. Дабро было побач са злом. І яшчэ раз паўтаруся. Хачу, каб магілкі салдат былі дагледжаныя. Гэта будзе па-людзку”.

(Ганарэцік Сьвятлана: ) “Хачу выказаць сваю думку наконт вашага радыё. Вы падманвалі, падманваеце і будзеце падманваць людзей”.

“Хачу павіншаваць усіх вэтэранаў з надыходзячым сьвятам перамогі! Пажадаць усім ім здароўя, усяго найлепшага! Хай ведаюць, што мы жывем цяпер таму, што яны ня думалі пра сваё жыцьцё ў страшэнны час”.

(Спадар: ) “Беларускія ўлады, беларускі ўрад павінны даць згоду на стварэньне нямецкіх могілак на тэрыторыі Беларусі. Таму ёсьць некалькі падставаў.

Першая. Загінуўшыя – ахвяры вайны, якую разьвязалі два дыктатары Сталін і Гітлер. Сталін праз камуніста Тэмана дапамог Гітлеру прыйсьці да ўлады. Нямецкія жаўнеры, як і савецкія, выконвалі загад і былі людзьмі паднявольнымі.

Па-другое. Сталін, кіраўнік Савецкага Саюзу, праводзіў агрэсіўную захопніцкую палітыку. Народ сьпяваў, так бы мовіць, песьні з агрэсіўным тэкстам. Духоўны настрой быў накіраваны на барацьбу з ворагам і ў першую чаргу супраць будучых саюзьнікаў – Амэрыкі і Англіі, і наагул, супраць міжнароднага імпэрыялізму.

Па-трэцяе. Ворганы НКВД пад кіраўніцтвам Сталіна, Яжова, Берыі горш за фашыстаў зьнішчалі свой народ на працягу дзесяцігодзьдзяў без усялякіх перашкодаў! І сёньня яны з мэдалямі і чырвонымі сьцягамі шагаюць па плянэце пад назвай Беларусь”.

(Ніна Ярмалінская: ) “Уладам неабходна даць згоду на адкрыцьцё нямецкіх могілак на тэрыторыі Беларусі. Гэта павінен быць мэмарыяльны комплекс з удзелам нямецкіх спэцыялістаў у яго будаўніцтве і ўладкаваньні. Такое рашэньне будзе спрыяць умацаваньню сяброўскіх сувязяў паміж нашай краінай і Германіяй”.

(Спадар: ) “Чуў вашую праграму “Вострая брама”, прысьвечаную тэме краязнаўства. Выдатныя, слушныя думкі спадара Вітушкі. Сапраўды, нашае краязнаўства – гэта нейкая спэцыфічная рыса нашай мэнтальнасьці. І гэта можа быць сапраўды грунтоўная нацыянальная беларускя навука, якая можа нас і выцягне з той дрыгвы, у якой мы зараз знаходзімся. Бо для нас, для беларусаў, краязнаўства – гэта нейкая прышчэпка супраць таго бязглуздага інтэрнацыяналізму і глябалізацыі, пад уплывам якога мы зараз знаходзімся. І, безумоўна, выглядаюць проста сумнымі разважаньні некаторых асобаў, якія лічаць, што краязнаўства – гэта поўны дылетантызм. Так думаюць, напэўна, малакультурныя і маладасьведчаныя людзі, бо самі, напэўна, яшчэ нічога не зрабілі. Прычынаю таму можа быць і зайздрасьць, бо самі, напэўна, нічога зрабіць і ня могуць. Бо калі б краязнаўства было дылетантызмам, то з такім падыходам, які у нас ёсьць да гэтай навукі, мы б сапраўды засталіся каля разьбітага карыта, бо ўсе лічылі краязнаўства нейкай другараднай навукай. Што, на шчасьце, нашыя суседзі разумеюць лепш.

Вазьміце тых жа літоўцаў, якія да нашай Вільні, як да чароўнай пані, ставяцца і захоўваюць кожны пагорачак, кожную цагліначку. А гэта ж усё элемэнтарнае краязнаўства. Нашыя балтыйскія суседзі і эўрапейцы пайшлі за нас нашмат далей, а нам толькі застаецца вучыцца ў іх, як сябе ў дадзеным выпадку паводзіць. Безумоўна, за краязнаўстам будучыня, бо гэтая навука ёсьць падмурак і нашай нацыянальнай школы, і навукі, і літаратуры, і сьвядомасьці, і, напэўна, палітыкі”.

“У мяне пытаньне. Чаму вы, у адрозьненьні ад сваіх калегаў, расейскай службы, ня можаце мець кругласутачнае вяшчаньне на беларускай мове на ўсю нашую тэрыторыю, а толькі маеце абмежаваную колькасьць гадзінаў? Хацелася, каб вы вяшчалі круглыя суткі. Я думаю, што тэмаў для размоваў і аналітычных клюбаў было б зашмат ажно. Мне здаецца, што вам больш сур’ёзна трэба да гэтага паставіцца і заахвочваць маладых і таленавітых журналістаў, актораў, рэжысэраў і г.д.”

“Ці варта, каб нямецкія могілкі існавалі на нашай тэрыторыі? Думаю, што гэта павінна быць, як і могілкі іншых салдатаў, якія загінулі ў час ня толькі другой, але і першай сусьветнай вайны. Гэта было б здаровым актам пакаяньня. Думаю, што з часам павінны ўзьнікнуць мэмарыялы нават, дзе побач зь беларускімі, савецкімі салдатамі ляжалі б і немцы, і палякі, і ўсе іншыя, хто тут ваяваў. Самае важнае тут зьвярнуць увагу на трагедыю беларускага народу пад час 2-й сусьветнай вайны, якая пачалася для беларусаў яшчэ ў 39 годзе.

Магчыма нават была б ідэя помніка для роздуму нашым цудоўным скульптарам. Каля спальнай хаты сядзяць два беларуса, адзін у паліцэйскай форме, а другі – у савецкай. І ўсе гэта называецца “Апафэёзам вайны”, бо, зразумела, што для беларусаў, на жаль, гэтую вайну цяжка назваць пераможнай. Мы, на жаль, яе прайгралі, бо мелі зашмат больш стратаў, чым набыткаў”.

“Хацелася, каб Свабода дала адэкватную ацэнку той прапагандзе, якая сёньня сыпецца на нашыя галовы з нашых так званых нацыянальных каналаў. Бо зразумела, што апрача страшэнных прагандысцкіх штампаў у так званых новых беларускіх фільмах, мы, на жаль, нічога новага ня бачым. А сапраўдны кантэкст, прысьвечаны вайне, на жаль, замоўчваецца і пра гэта мала кажуць. Сумна, што і вы малавата зьвяртаеце ўвагі на гэтую праблему. Хацелася, каб гэтага было болей. У першаую чаргу, хацелася б, каб вы больш надалі ўвагі фільму “Акупацыя” Кудзіненкі і на іншыя тэатральныя творы нашых рэжысэраў”.

“Наконт вашых праграмаў пра беларускае замежжа. Вельмі прыемна, што вы асьвятляеце лёсы нашых суайчыньнікаў за мяжой. Але складваецца ўражаньне, што вы асьвятляеце праблемы вось на такім узроўні: вось Беларусь – а вось замежжа. А дзе ж праблемы нашых сяброў на Віленшчыне ці Беласточчыне, дзе на днях здавалі сярод беларусаў усяго толькі 250 чалавек экзамэн па беларускай мове. Гэта ж проста жах! Чаму вы не займаецеся такімі праблемамі?

Мо варта прыдумаць якую-небудзь новую праграму, назваць яе “Мая старана”, якая б асьвятляла праблемы этнаграфічных беларускіх тэрыторыяў? Бо складваецца ўражаньне, што вы займаецеся палітыкай, а не нацыянальнымі праблемамі. Хацелася б усё ж такі даведвацца, што там робяць нашыя людзі і чым яны займаюцца, акрамя таго, што паціхеньку загінаюць пад уплывам чужых так званых дэмакратычных дзяржаваў”.

(Спадар: ) “З задавальненьем праслухаў вашую праграму з удзелам такой вядомай асобы як Сяргей Вітушка. Вялікае вам дзякуй.

Хацелася, каб вы больш сур’ёзна зьвярнулі ўвагу на тое, чым ён сёньня займаецца, на стварэньне беларускага музэю ў Вільне, што ён там робіць і на якім этапе сёньня гэтая праца. Бо ўсе мы яго ведаем, гэта справа яго жыцьця, гэта вельмі самаахвярная асоба. Хацелася б, каб пра такіх людзей як ён вы рабілі болей цікавых праграмаў”.

(Маісеенка Генадзь:) “На вашае пытаньне тыдня мажлівы толькі водны адказ. Ня толькі патрэбна захоўваць і даглядаць нямецкія могілкі, але, калі мы маем намер людзьмі звацца, надаць увагі і павагі да іх ня менш, чым нашым воінам-вызваліцелям. Бо, калі гаварыць па праўдзе, чым простыя ваяры і ваякі, акрамя катаў і эсэсаўцаў, вінаватыя? Яны ж, як і нашыя ваяры, у бальшыні сваёй такія ж ахвяры 2-й сусьветнай вайны. А моц і праўда сапраўднага ваяра заўжды была ў павазе і добразычлівасьці да загіблых ваяроў – гэта закон хрысьціянства. Сорам і гонар беларуса патрабуе гэтага, а асабліва тых, хто ваяваў”.

(Спадар:) “Я наконт пытаньня, ці трэба захоўваць могілкі гэтым падонкам фашыстам альбо не. Я катэгарычна супраць! Гэта раўназначна таму, калі ён забіў маю маці, а потым я вымушаны яго пахаваць і помнік яшчэ паставіць! Гэта ж блюзьнерства!”
XS
SM
MD
LG