Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпартаваны першы з украінскіх палітвязьняў


Любоў Лунёва, Менск Са спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на волю выйшаў арыштаваны за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 26 красавіка грамадзянін Украіны, актывіст “Нацыянальнага альянсу” Аляксей Панасюк.

Яго арыштавалі на 9 сутак. Яшчэ трох украінцаў суд арыштаваў на 10 сутак, а Андрэя Бокача – на 15. Консула Ўкраінскай амбасады папярэдзілі, што ўсіх арыштаваных грамадзянаў Украіны пасьля адбыцця пакараньня дэпартуюць з тэрыторыі Беларусі. У пашпарты паставяць штамп аб забароне перасякаць беларускую мяжу цягам 5 гадоў.

Актывіст “Нацыянальнага альянсу” Аляксей Панасюк адбыў пакараньне – 9 сутак арышту. Беларускія ўлады запрасілі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік консула украінскай амбасады Васіля Сэрдэгу і ў яго прысутнасьці паставілі штамп у пашпарт Аляксея аб тым, што яму забаронены ўезд у Беларусь цягам пяці гадоў.

У часе гэтай працэдуры ля брамы спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка сабралася некалькі дзесяткаў чалавек, каб сустрэць першага палітвязьня, які адбыў арышт за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 26 красавіка. Людзі надзелі шалікі і павязкі аранжавага колеру на знак салідарнасьці з украінцамі. З тэрыторыі спэцпрыёмніка выехаў аўтамабіль консула Васіля Сэрдэгі, у якім быў Аляксей.

Першы сакратар амбасады Вячаслаў Баліцкі быў запрошаны ў спэцпрыёмнік разам з консулам. Ён патлумачыў Радыё Свабода, як будзе адбывацца дэпартацыя.

(Баліцкі: ) “Дэпартацыя, выдварэньне з краіны і забарона ўезду на 5 гадоў. Мы ўжо павезьлі яго. Мы мусім выконваць законы. Спачатку адвязем яго ў амбасаду, а потым ва Ўкраіну. Як ён выглядае? Ну, бачна, што ён галадаў. Але, нічога. Ён ужо дэпартаваны. Нам трэба выконваць усе пункты патрабаваньняў.”

Аляксея Панасюка амонаўцы затрымалі разам з чатырма сябрамі “Украінскага альянсу”. 26 красавіка пад час разгону мірнай дэманстрацыі ў амонаўскі аўтобус трапілі яшчэ 14 расейцаў з розных апазыцыйных палітычных партыяў – СПС, “Оборона”, “Яблоко” і “Идущие без Путина”.

30 красавіка расейцаў вызвалілі згодна з пратэстам пракуратуры, і яны праз дзьве гадзіны пакінулі тэрыторыю Беларусі. Што тычыцца грамадзянаў Украіны, то старшыня гарадзкога суду Міхаіл Ардзяка сам пераглядаў іх справы, але ўсе прысуды пакінуў бязь зьменаў.

Кожнага арыштаванага за ўдзел у апазыцыйнай акцыі 26 красавіка грамадзяніна Ўкраіны беларускія ўлады дэпартуюць. У пашпарты паставяць штам аб забароне ўезду ў Беларусь цягам 5 гадоў. Раней такую меру ўжывалі да журналістаў Паўла Селіна, Міхаіла Падаляка і брытанскага прафэсара-фізыка Алана Флаўэрса.

Аляксею Панасюку не дазволілі дачакацца сваіх сяброў, якія выйдуць на волю 6 траўня. Гэта дэпутат мясцовага Савету Валынскай вобласьці Ігар Гузь, Аляксандр Мафлай і Андрэй Грымалюк. 11 траўня пасьля 15 сутак арышта на волю выйдзе Андрэй Бокач.

Такім чынам, за кратамі застаюцца 4 грамадзяніна Ўкраіны і 6 беларусаў – актывісты Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч, Кірыл Шымановіч, Анатоль Бекасаў, Алег Гнедчык, Сяржук Дзядзюшка і лідэр Партыі Свабоды Сяржук Высоцкі.

Маладафронтавец Сяржук Лісічонак знаходзіцца ў шпіталі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG