Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На месцы лягера ваеннапалонных у Баравусе адчынены мэмарыял


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак У гарадзкім пасёлку Баравуха, які ад нядаўняй пары ўключаны ў склад горада Наваполацка, адчынены мэмарыял памяці савецкіх ваеннапалонных. За часамі вайны ў Баравусе мясьціўся фашыстоўскі канцэнтрацыйны лягер, ахвярамі якога, па самых сьціплых падліках, сталіся 29 тысяч савецкіх жаўнераў і камандзіраў. Практычна ўсе яны былі пахаваныя ў адной братняй магіле.

Відавочцы называюць баравускі лягер праўдзівым пеклам. Арганізаваны ён быў у жніўні 1941-га, і сюды цягнікамі немцы везьлі ваеннапалонных з усяго ўсходняга фронту. Жорсткасьць, зь якою акупанты ставіліся да палонных, цяжка ўцяміць здаровым розумам. Людзі тут паміралі ад “сыпняку” й галадухі, зазнавалі вечны спачын у сьпехам выкапаных равах. Прычым плошча братняй магілы сягае аднаго гектару.

Распавядае сьведка тых жудасных падзеяў, баравускі старажыл Леў Грудзінка:

(Грудзінка:) “Эшалён прыйдзе – увечары, ці ноччу… Дождж, сьнег… а палонных прывозілі ў адкрытых паўвагонах. На досьвітку глянеш у вакно, а над вагонамі туман – як над рэчкаю. Ужо ведаеш: раз туман, значыць, там людзі. А потым глядзіш – празь верх штосьці выкідваюць – адно, другое… Потым зразумелі, што гэта мёртвых выкідвалі. Абдзёртыя, галодныя, смага мучыла – вады не давалі. Прывядуць, спыняцца… поруч канава з вадою. Нахіліцца які вады зачарпнуць, а яго б’юць прыкладам… Яны па-зьвярынаму ставіліся да палонных, немцы…”

Зірнуўшы на бэтонныя стэлы мэмарыялу, многія вэтэраны і людзі больш маладога пакаленьня разам выдыхнулі адно слова: нарэшце! Нарэшце, пасьля 60 гадоў ад дня перамогі, месца масавага пахаваньня савецкіх ваеннапалонных годна пазначана. Пра тое, што тут было дагэтуль, распавядае кіраўнік баравускай суполкі Хрысьціянска-кансэрватыўнай партыі Анатоль Каханчык:

(Каханчык:) “На маёй памяці, дзесьці ў 1973-м, тут была стайня, потым быў пабудаваны цір. Тут заўсёды пасьвілі жывёлу, і нават стаяла салдацкая прыбіральня. Быў, праўда, у 1950-х гадах, адкрыты помнік, але стаяў ён у баку, а на саміх могілках, а гэта плошча прыкладна каля гектару, заўсёды быў сьметнік”.

Ну а чаму ўсе гэтыя гады маўчалі прадстаўнікі грамадзкасьці? Нарэшце, чаму самі жыхары пасёлку не запатрабавалі ад уладаў ушанаваць месца масавага пахаваньня?

Па-першае, аж да пачатку 1990-х – гэта была тэрыторыя вайсковай часткі, і прадстаўнікоў грамадзкасьці сюды не пускалі. А па-другое, неабыякавыя і сумленныя людзі добрых паўтара дзесяцігодзьдзя пісалі адпаведныя лісты па інстанцыях. Да таго ж, тры гады таму і на хвалях нашага радыё гучала інфармацыя пра жудасны стан месца пахаваньня. Дамо, аднак, слова Анатолю Каханчыку:

(Каханчык: ) “Справа зрушылася, я лічу, калі вернікі пасьля бясконцых зваротаў да ўладаў, два гады таму, пабудавалі тут, дарэчы, за ўласныя грошы, каплічку і ўсталявалі 5-мэтровы крыж. Зрабілі гэта без дазволу. Зруйнаваць асьвечаную капліцу ўлады не рашыліся, і яна добра ўпісалася ў гэты сапраўды прыгожы мэмарыял”.

У якасьці пастскрыптуму заўважым, што спадар Каханчык прымаў самы непасрэдны ўдзел у пабудове капліцы, а свойчас, не атрымаўшы падтрымкі ўладаў, за ўласныя сродкі перапахаваў парэшткі лётчыка, самалёт якога быў зьбіты над Баравухай, і ўсталяваў там памятны знак.
XS
SM
MD
LG