Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адчыняецца выстава “Ў сьвятле незгасальнай памяці”


Ігар Карней, Менск 6 траўня ў менскім Палацы мастацтва пачне працаваць выстава “Ў сьвятле незгасальнай памяці”, прымеркаваная да 60-годзьдзя Перамогі. Будуць выстаўленыя працы і мастакоў-удзельнікаў вайны, і творы аўтараў з маладзейшага пакаленьня. На выставе будуць ня толькі карціны ваеннай тэматыкі, але і сучасныя сюжэты.

Паводле мастацтвазнаўцы Аляксандры Стрыхар, выстава абяцае стаць досыць стракатай: будуць прадстаўленыя ня толькі жывапісныя творы, але і плякаты, графіка, скульптура. Прычым гэта як працы з музэйных фондаў, так і адмыслова падрыхтаваныя альбо істотна адноўленыя. Напрыклад, народны мастак Беларусі Віктар Грамыка пакажа ў пэўным сэнсе біяграфічную карціну, летась адмыслова пераробленую. На палотнішчы – саслужывец Грамыкі.

(Грамыка: ) “Я выставіў карціну зь Ягоравым і Кантарыя, якія 30 красавіка ўзьнялі сьцяг Перамогі на Рэйхстагу. Я зь Ягоравым колісь служыў у адным батальёне – Смаленскім партызанскім палку асаблівага прызначэньня. Ён потым пайшоў далей, быў ва Ўдарнай арміі. Дык вось, яшчэ ад 1980 году была карціна недапісаная: я вярнуўся, дапрацаваў… Зараз розныя меркаваньні з нагоды дакладнасьці тых гістарычных падзеяў, але я перакананы: сьцяг узьнялі менавіта Ягораў і Кантарыя”.

Калі параўноўваць з прадстаўнікамі іншых творчых прафэсій, сярод мастакоў ці не найбольшая колькасьць дагэтуль жывых удзельнікаў Другой усясьветнай вайны. Аднак, у адрозьненьне ад аднагодкаў, аб’яднаных у вэтэранскія арганізацыі, ваяўнічасьцю мастакі не вылучаюцца. Прыкладам, народны мастак Леанід Шчамялёў увасабляе Перамогу ў кветках.

(Шчамялёў: ) “Зараз некаторыя вэтэраны кажуць: прайшоў усю вайну ў адной роце. Не разумею, як гэта можа быць. У розных жа частках ваявалі: я быў і ў пяхоце, і ў кавалерыі, у адной частцы, потым у іншую пераслалі. Ты ж не гаспадар: маўляў, таварыш мой дзесьці, і я туды хачу, да яго. Так у кіно толькі бывае. Куды накіруюць, там і будзеш”.

(Карэспандэнт: ) “А як вы ставіцеся да пампэзных урачыстасьцяў, якія былі летась падчас сьвяткаваньня 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі, а цяпер абяцаюць быць яшчэ больш маштабнымі?”

(Шчамялёў: ) “Натуральна, што просты чалавек можа і запытацца: а ці патрэбна ўсё гэта? Але, відавочна, гэта закладзена ня толькі цяперашнімі афіцыйнымі асобамі, гэтыя ўрачыстасьці. Сам я не люблю ўсе гэтыя танкі-шманкі, іншае. Але ўсе краіны зараз – і Амэрыка, і Ізраіль, і Расея – глядзіце, як лязгаюць зброяй. Мусіць, павінна быць гэтая тэатралізацыя – зацьвярджэньне ўлады, дэманстрацыя стану магчымасьцяў гэтай дзяржавы”.

Як удалося высьветліць, на выставе нямала працаў на сучасныя тэмы. На некалькіх палотнішчах, чакаецца, будзе Галоўнакамандуючы ўзброенымі сіламі Аляксандар Лукашэнка. Кажуць, існуе цэлая брыгада мастакоў-баталістаў, якія падчас манэўраў робяць эскізы, а потым увасабляюць ваенную моц на палатне. Дарэчы, шмат хто памятае леташні скандал, калі на аналягічную выставу не пусьцілі партрэт Лукашэнкі ў форме Галоўнакамандуючага працы памерлага ўжо мастака Аляксандра Пуцейкі. Галоўным цэнзарам тады аказаўся якраз Віктар Грамыка.

(Грамыка: ) “Мы кіраваліся ня тым, што робім гэта супраць кіраўніка дзяржавы… Вельмі партрэт па якасьцях быў неадпаведны. А як абыходзіцца з экспанатам, які ня мае сэнсавай нагрузкі? Калі партрэтыст сапраўдны, то ён вельмі сур’ёзна ставіцца да псыхалягічнага стану героя, ягонага характару; уяўляе мэту, зь якой пішацца партрэт. Трэба нейкую пазыцыю мець. Тут узровень быў зусім нізкі. Але палітычнага падтэксту ніякага не было”.

Асобныя мастакі досыць крытычна ставяцца да прапагандысцкіх атакаў, якіх з набліжэньнем 9 траўня вельмі багата ў дзяржаўных СМІ. Міхась Карпук, з ваеннай парой у якога супала толькі дзяцінства, кажа, што афіцыйная прапаганда ніяк ня ўлічвае гістарычнай праўды. І ў гэтым сэнсе прынцыповай розьніцы з савецкім часам не адбылося – канстатуе спадар Карпук.

(Карпук: ) “Прапаганда якой была, такой і застаецца: “Гэта мы перамаглі!” (астатнія быццам толькі назіралі). І хоць бы дзе слова, як дапамаглі нам саюзьнікі. У немцаў якія былі саюзьнікі? Фінляндыя, Румынія, Вугоршчына, Італія. Гішпанія толькі адну “блакітную дывізію” даслала, больш не палезла. Дый астатнія вельмі хутка пачалі адвальвацца. А ў антыгітлераўскай кааліцыі якая была моц! Мой брат, выгнаны ў Нямеччыну, расказваў: па паўтары тысячы амэрыканскіх самалётаў ляцела, рабілі “дываннае бамбаваньне”. Немцы падскочаць, 20 самалётаў саб’юць. Але на паўтары тысячы – гэта нуль. А ангельцы колькі далі – цэлы флёт, а колькі падводных лодкаў? І ўсё роўна: “Перамаглі мы, толькі мы, ніхто больш”.
XS
SM
MD
LG