Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На радзіме Мележа кніжак у "абы-каго" не бяруць


Сьвятлана Курс, Брагінскі і Хойніцкі раёны Напаўняльнасьць сельскіх і школьных бібліятэках прычарнобыльскіх рэгіёнаў вельмі нізкая. У бальшыні школьных бібліятэкаў не стае нават праграмных твораў. Аднак шэраг мясцовых адміністрацыяў адмаўляюцца прымаць кнігі ў падарунак ад дабрачынных ініцыятываў.

Напаўняльнасьць сельскіх і школьных бібліятэкаў застаецца нізкай, асартымэнт бедны. На гэта, са словаў бібліятэкараў, проста не выдзяляюцца грошы. Даюць толькі фонды пад выпіску афіцыйнай пэрыёдыкі. Гавораць настаўнікі Стрэлічаўскай сярэдняй школы Хойніцкага раёну:

(Настаўнікі: ) “Маленькія вучні чытаюць казкі, прыгодніцкія творы, большыя – праграмныя творы”.

(Карэспандэнтка: ) “Сучасная літаратура сюды даходзіць?”

(Настаўнікі: ) “Напэўна, не. Я калі вучылася, тады і чытала. У нас прадметнікі з дому сваю бібліятэку прынесьлі, паставілі ў кабінэтах. Нам нестае нават праграмных кнігаў. У 11-й клясе вывучаюць “Каласы пад сярпом тваім” Караткевіча, дык ніводнай кнігі няма. Настаўніца сама прынесла адну кнігу на ўсю клясу".

Што любяць чытаць жыхары Брагіна й Стрэлічава – напаўадселенай вёскі, дзе летась збудавалі шыкоўную школу?

(Жанчына: ) "Старыя раманы пра вайну і вёску. Мележа “Людзі на балоце”. Цяпер дзеці неяк не чытаюць. Бібліятэка малая".

(Старая: ) “Анічога. Мала клясаў скончыла. Чытаць ня ўмею. Помню толькі:“Надыйшлі марозы, рэчкі закавалі. Белыя бярозы шэранем прыбралі”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто напісаў, памятаеце?”

(Старая: ) “Не”.

(Дзяўчынка: ) “Люблю літаратурнае чытаньне. Як вавёрка ўпала на ваўка”.

(Малы: ) “Карлік Нос”.

(Жанчына: ) “Чытаю мініятуры Янкі Брыля. Люблю чытаць Вікторыю Токараву і Агату Крысьці”.

(Першаклясьнік: ) “Канёк-гарбунёк”. “Пра катка – залатога лабка”.

(Жанчына: ) "А я не чытаю. Ой, не! Чытаю. Шылаву, Кундэру, Шолахава".

А ці спрабуюць грамадзянскія ініцыятывы неяк дапамагчы вясковым школьнікам у прычарнобыльскіх рэгіёнах? Сёлета я паехала з прадстаўнікамі грамадзкай ініцыятывы “Партнэрства”, якія ужо некалькі гадоў возяць сабраныя па абвестках кнігі ў сельскія бібліятэкі. Але ў Брагінскім райаддзеле адукацыі на свае вушы пачула, што тут у абы-каго кніг браць ня будуць, лепш папаляць на вогнішчы або здадуць на макулятуру, а за выручаныя грошы набудуць падручнікі. “Дзякуй” не сказалі, у школах раздаваць забаранілі. Гавораць прадстаўнікі “Партнэрства” Сьвятаслаў Шаламаў ды Міхаліна Хатэнка:

(Шаламаў: ) “Цяпер падарункі цяжэй рабіць, чым прымаць. Кнігі, якія паступаюць у школы, так пільна кантралююцца. Я думаю, гэта таксама паказьнік таго, якая сытуацыя складваецца ў краіне”.

(Хатэнка: ) “Калі табе ў твар кажуць, што вы прывезьлі макулятуру і гэта трэба спаліць, то гэта нагадвае часы інквізыцыі. Выступы прэзыдэнта наконт ідэалёгіі ў вялікіх гарадох, кшталту Менска, Гомеля й Магілёва, можа, ня так адчуваюцца, як тут, дзе бяруць Статут ВКЛ у рукі і кажуць: “Гэта макулятура. Бо гэта частка нашай гісторыі, якая на гэты момант уваходзіць у школьны курс гісторыі”.

Вядучы спэцыяліст райддзелу адукацыі Алена Аскерка не камэнтуе сытуацыі. Са словаў актывістаў “Партнэрства”, у некаторых школах з “сумнеўных” рук забаронена браць нават спортінвэнтар.
XS
SM
MD
LG