Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Далёка ня ўсе чыноўнікі прызнаюць наяўнасьць праблемы фальшывак у Беларусі


Міхал Стэльмак, Менск На гэтым тыдні ў жывым эфіры Радыё Свабода абмяркоўвалася праблема “шэрых” рынкаў у некаторых сэктарах беларускай эканомікі У папярэдніх перадачах мы казалі пра "левую" гарэлку, мэдпрэпараты, прадукты. Але гэтым сьпісам праблема фальсыфікатаў на беларускім рынку не вычэрпваецца.

Паводле міліцэйскіх зводак, апроч згаданых тавараў у краіне можна сустрэць падробкі аўтазапчастак, пральных парашкоў, фарбаў, радыёапаратуры, відэакасэтаў, кампутарных праграмаў... А вось якім сьвежым прыкладам падзяліўся, напрыклад, афіцыйны прадстаўнік Гарадзенскай абласной міліцыі Валеры Юдзін:

(Юдзін: ) “Жыхар Горадні ў абменны пункт валюты па вуліцы Міцкевіча прад’явіў для абмену купюру вартасьцю 100 даляраў ЗША. З прыкметамі падробкі, якая была выраблена мэтадам плоскага афсэтнага друку”.

Наколькі актыўна беларускія ўлады змагаюцца з падробкамі? На гэтым тыдні тэма падробак гучала ў зале паседжаньняў Палаты прадстаўнікоў. Міністар сувязі Ўладзімер Ганчарэнка прасіў дэпутатаў ухваліць на заканадаўчым узроўні меры змаганьня з асобамі, якія падрабляюць паштовыя маркі. На гэтым настойваюць міжнародныя структуры ў сувязі з далучэньнем Беларусі да Ўсясьветнай паштовай канвэнцыі. Спадар Ганчарэнка паведаміў: толькі летась выяўлена 469 фактаў вырабу "левых" марак.

Аднак далёка ня ўсе чыноўнікі прызнаюць наяўнасьць у краіне праблемы фальшывак. Нагадаю, дасьледаваньне тэмы падробленых лекаў выявіла разыходжаньне ў пазыцыі грамадзкасьці і ўладаў. Міністэрства аховы здароўя катэгарычна адмаўляе наяўнасьць пазаГОСТавых прэпаратаў на беларускім рынку. Хворыя гэтак жа цьвёрда ўпэўненыя ў адваротным. А так бы мовіць "судзьдзяў" – няма. Няма незалежных кантрольна-аналітычных лябараторыяў фармацэўтычнай прадукцыі.

У сфэры харчаваньня афіцыйныя структуры быццам і не адмаўляюць існаваньня шэрага рынку. Разам з тым, як заяўляе старшыня грамадзкай арганізацыі “Беларускае таварыства абароны спажыўцоў” Ганна Суша, каб і тут меліся незалежныя лябараторыі, то падробак было б менш:

(Суша: ) “Патрэбныя спэцыяльныя лябараторыі, абсталяваньне. Каб правесьці тэставаньне, экспэртызу, трэба ж купіць гэты тавар. Тую ж каву, напрыклад. Гэта грошы. Потым, набыць сваю харчовую лябараторыю – гэта амаль немагчыма. Яе нават дзяржаўныя органы ня могуць новую стварыць. А для спажывецкай арганізацыі гэта вельмі праблемна. Гэта было б вельмі добра, незалежная такая лябараторыя. Але гэта – ружовая мара”.

Меркаваньне спадарыні Сушы, якая ўзначальвае Беларускае таварыства абароны спажыўцоў, падзяляюць прадстаўнікі іншых няўрадавых структураў. На іхную думку, афіцыйныя інстанцыі ўтойваюць многія паказьнікі, якія характарызуюць цяперашнія працэсы ў айчыннай эканоміцы. У тым ліку, напрыклад, памеры ценявога рынку ў Беларусі. Ацэнкі ж незалежных экспэртаў на гэты конт вельмі розьняцца: ад 10 да 60 працэнтаў. Вось чаму, паводле незалежнага эканаміста Льва Марголіна, адсутнасьць незалежных лябараторыяў, гэтак жа як і няўрадавых дасьледніцкіх цэнтраў, вельмі шкодзіць нацыянальнай эканоміцы:

(Марголін: ) “Вядома, інфармацыя толькі тады можа быць карыснай, калі высновы зробленыя на падставе розных пунктаў гледжаньня. Калі, скажам, Міністэрства эканомікі камэнтуе нейкія зьвесткі, нейкія вынікі, дык зьвесткі даюцца толькі тыя, якія працуюць на карысьць улады. Калі ёсьць зьвесткі, якія працуюць не на карысьць улады, то ўлада ня вельмі імкнецца іх надрукаваць, а імкнецца неяк іх інтэрпрэтаваць. Наагул, чым больш пунктаў гледжаньня пра любую зьяву, тым лепш яе можна дасьледаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG