Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праз 10 гадоў пасьля рэфэрэндуму людзі не забыліся на нацыянальную сымболіку


Галіна Жарко, Менск У другую нядзелю траўня адзначаецца Дзень дзяржаўнага гербу й сьцягу. Цяперашнія беларускія сымбалі нязначна адрозьніваюцца ад былых савецкіх. Але праз 10 гадоў пасьля рэфэрэндуму людзі не забыліся на нацыянальныя беларускія сымбалі – бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня.

Закон патрабуе павагі да цяперашніх сымбаляў Рэспублікі Беларусь, але паводле геральдыста Анатоля Цітова, гэтыя сымбалі – сьведчаньне элемэнтарнай непісьменнасьці.

(Цітоў: ) “Геральдыка кругом аднолькавая. Як арытмэтыка. Ня можна казаць пра расейскую ці беларускую арытмэтыку. Законы аднолькавыя. Паводле законаў геральдыкі, чым больш старажытны герб, тым болей павагі да яго ўладальніка. Герб Пагоня з 1566 года.У 1995-м я быў на сьвяткаваньні герба Польшчы. Да мяне падыходзілі геральдысты розных краін і казалі: “Што вы, беларусы, нарабілі?! У вас быў адзін з самых старажытных гербаў Эўропы. А вы зрабілі нешта такое... капусту!" Адзін чэскі геральдыст кажа: “Ну правільна! У іх жа на грошах – зайчыкі”. Я быў гатовы праваліцца скрозь зямлю”.

Свой заробак беларусы атрымліваюць не паўнавартаснымі грашыма. Зайчык з ушчэнт абясцэненага колішняга рубля даў назву беларускім разьліковым білетам. Тым часам у 1993-м на зачыненым паседжаньні рады Кебічам, Шушкевічам і Багданкевічам было падісана рашэньне Нацбанку аб беларускай валюце. Эскізы банкнотаў зрабіў мастак Аляксандар Зіменка.

(Зіменка: ) “Рабіліся як нямецкія маркі. У тым самым памеры. Атрымалася прыгожа. Немцам вельмі спадабалася. Герб Пагоня быў і сьцяг бел-чырвона-белы. І подпіс Багданкевіча. Потым хацелі заклеіць той герб іншым пасьля рэфэрэндуму, калі зьмяніліся сымбалі, а грашовай рэформы не зрабілі”.

Уласныя грошы незалежнай Беларусі каштавалі каля 20 мільёнаў даляраў, затое банкноты з выяваю вершніка на кані прынялі б у любым абменьніку за мяжою. Але, як кажа Станіслаў Багданкевіч...

(Багданкевіч: ) “Мы іх не ўвялі таму што была высокая інфляцыя. Рэформу можна рабіць, калі інфляцыя 5-7% за год, а не за месяц".

(Карэспандэнтка: ) “Яшчэ й зараз ня можна было б іх увесьці?”

(Багданкевіч: ) “Думаю, вельмі хутка гэтых надрукаваных грошай ня хопіць. Нацбанк да апошняга часу захоўваў іх на па-за балянсавым уліку. У маю бытнасьць яны ляжалі ў Мачулішчах. Можа, ляжаць да гэтае пары”.

З вокладкі Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі ў 1996 зьнікла Пагоня, якая ўпрыгожвала першыя два тамы. А з рэдакцыйнай калегіі выключылі тады вучоных – Ермаловіча, Конана, Скалабана, Грыцкевіча...

(Грыцкевіч: ) “Зразумела, што зьмена на вокладцы – гэта й зьмена зьместу. Пачаўся новы падыход да артыкула. Былі вернутыя старыя савецкія стэрэатыпы”.

Пасьля 1991-га, калі пачалі мяняць савецкую сымболіку на нацыянальную, мастакі мелі шмат працы. Было назапашана шмат сымболікі, а пасьля рэфэрэндуму, калі ўжо ішло сьпісаньне, тое-сёе было прыхавана. Але, паводле Вацлава Арэшкі, прыхавалі старыя шыльды з гербам Пагоня і чыноўнікі.

(Арэшка: ) “Я ведаю дакладна, што ва многіх установах акуратна старыя шыльды стаяць прыхаваныя. Бачыў на свае вочы. У нас народ запасьлівы. Калі-небудзь спатрэбіцца. Сёньняшняя сымболіка, хоць народ і прызвычаіўся да яе, усё роўна не ўспрымаецца сур’ёзна”.

Праз 10 гадоў пасьля рэфэрэндуму людзі не забыліся на нацыянальную сымболіку. 26 красавіка было затрымана каля трох дзясяткаў чалавек, якія выйшлі пад бел-чырвона-белым сьцягам на вуліцы Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG