Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве працягваецца акцыя пратэсту ля беларускай амбасады


Паўло Зуб''юк, Кіеў Другі тыдзень ля беларускае амбасады ў Кіеве стаіць палатачны лягер, у якім стала жыве некалькі дзясяткаў чалавек.

Яны пратэстуюць супраць затрыманьня у Менску ўкраінскіх грамадзян, але шмат лёзунгаў скіраваныя на падтрыку беларускіх дэмакратычных сілаў. Побач з намётамі выстаўленыя інфармацыйныя стэнды пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі. Удзельнікі пікетаваньня нацягнулі ля ўваходу ў амбасаду сымбалічны калючы дрот, які, аднак, не замінае праходу супрацоўнікаў і нармальнай працы амбасады.

Сытуацыя вакол лягеру неспакойная. Апошнія падзеі камэнтуе прадстаўнік "Маладога Фронту" ва Ўкраіне Ігар Шчэкаревіч, які пастаянна прысутнічае на акцыі.

(Шчэкаревіч: ) “Сёньня зраніцы да пасольства былі падагнаныя машыны з дыпляматычнымі нумарамі – так пасольства Беларусі спрабавала перашкодзіць нашаму пікетаваньню. Таксама зраніцы некалькі правакацыйных украінскіх арганізацый спрабавалі завязаць бойку зь пікетоўцамі. А гадзіне дня пасол Беларусі ва Ўкраіне Вялічка выйшаў ў двор перад амбасадай. Мы крычалі яму: "Вялічка, ідзі да нас!" Але ён так да нас і не падыйшоў. Калі ён сыходзіў, мы яму наўздагон крычалі: "Ганьба!" Як мне цяпер стала вядома, усіх пяцёх грамадзянаў Украіны дэпартуюць зь Беларусі. А шостай гадзіне ля амбасады пачаўся бардаўскі канцэрт. У суботу мы рыхтуемся ўрачыста сустрэць чатырох зь пяці сябраў "Нацыянальанга Альянсу".

Тым часам беларуская амбасада выступіла з афіцыйнай заявай, у якой скардзіцца, што пікетоўцы блякавалі доступ да будынку і скандуюць нецэнзурныя лёзунгі на адрас кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.
XS
SM
MD
LG