Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства адукацыі будзе кантраляваць выезд студэнтаў за мяжу


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства адукацыі распрацавала дакумэнт, якія прадугледжвае пэрсанальны кантроль за студэнтамі, што выяжджаюць на вучобу за мяжу. Чыноўнікі тлумачаць гэта патрабаваньнямі дэкрэту прэзыдэнта “Аб некаторых мерах па процідзеяньню гандлю людзьмі”.

У той час як многія студэнты і выкладчыкі называюць новы парадак намаганьнем уладаў узьвесьці новую жалезную заслону, якая павялічыць неафіцыйны выезд студэнцкай моладзі.

Паводле распрацаванай інструкцыі, усім навучальным установам краіны незалежна ад формы ўласнасьці, а таксама іншым арганізацыям без дазволу міністэрства вываз студэнтаў забаронены. Акрамя таго, цяпер Мінадукацыі будзе складаць пайменны банк зьвестак усіх студэнтаў, якія праходзяць навучаньне за межамі краіны. Вось як гэта патлумачына намесьніца міністра Тацяна Кавалёва:

(Кавалёва: ) “Міністэрства адукацыі бярэ на сябе адказнасьць адсочваць і казаць, якасны гэта кірунак альбо не. А таксама, каб зрэалізаваць галоўную звышзадачу: каб гэтыя маладыя людзі сталіся асноваю рэзэрвы кадраў, зь якой маглі б працаваць усе зацікаўленыя структуры, арганізацыі, прыдпрыемствы ў нашай краіне”.

Паводле спадарыні Кавалёвай, арганізацыя, якая зьвяртаецца па дазвол на выезд студэнтаў за мяжу, мусіць гарантаваць міністэрству, што ўсе яны вернуцца ў Беларусь. Новыя ініцыятывы аб узмоцненым кантролі менскія студэнты пракамэнтавалі наступным чынам:

(Студэнтка: ) “Ня веру я, што гэта дзеля інтарэсаў студэнтаў робіцца. Увогуле ў нашую ўладу ня веру”.

(Студэнт: ) “Кантраляваць жадаюць не студэнтаў, каб ім жылося там лепш, а кантраляваць жадаюць іх даходы, каб больш сабраць грошай у бюджэт. Бо пасьля рэфэрэндуму трэба ж пазыкі аддаваць”.

(Студэнтка: ) “Я думаю, што гэта робіцца для таго, каб звузіць кантакты паміж беларускімі студэнтамі і іх калегамі за мяжой, каб не прывозіць сюды вось гэтых сьвежых ідэяў. Каб, як кажуць нашыя ўлады, не адбыўся “імпарт рэвалюцыі”.

Кіраўнік Беларускага ПЭН-цэнтру, выкладчык зачыненага ўладамі Беларускага ліцэю Лявон Баршчэўскі ўпэўнены, што спробы ўладаў перашкодзіць кантактам беларускай моладзі зь іх раўналеткамі ў замежжы будуць мець адваротны вынік. Гаворыць Лявон Баршчэўскі:

(Баршчэўскі: ) “Тут жа рэч відавочная: з аднаго боку, гэта жаданьне паставіць жалезную заслону, і гэта пярэчыць Канстытуцыі пра свабодны выезд, пра магчымасьць атрыманьня адукацыі ў той форме, у якой чалавек жадае атрымаць. Нічога гэтым яны не дамогуцца, бо студэнт знойдзе спосаб, як зьехаць за мяжу. Адзінае, будуць праблемы гэтым студэнтам прыехаць сюды на вакацыі. І ўсё гэта закончыцца толькі тым, што ўчастковых прымусяць іх адлоўліваць, калі гэтыя студэнты прыедуць дадому на пабыўку. Вось і ўсё”.

Паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі №3 ад 9 сакавіка 2005 году “Аб некаторых мерах па процідзеяньню гандлю людзьмі”, усе арганізацыі і ўстановы, якія займаюцца працаўладкаваньнем, навучаньнем, аздараўленьнем і ўсынаўленьнем беларускіх грамадзянаў за мяжой, мусяць прайсьці пераліцэнзаваньне, а таксама мець адмысловы дазвол на сваю дзейнасьць, які выдаюць Міністэрства адукацыі і Міністэрства ўнутраных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG