Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пескаўцы. Філязофія жыцьця Бандажэўскага


Віталь Сямашка, Пескаўцы, Лідзкі раён (эфір 5 траўня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Заснаванае бліжэй да 20 стагодзьдзя, мястэчка Пескаўцы і сёньня вызначаецца хіба тым, што знаходзіцца на скрыжаваньні Лідзкага, Мастоўскага ды Іўеўскага раёнаў Гарадзеншчыны. Але акурат гэтымі днямі яно апынулася ў эпіцэнтры палітычных ды эканамічных падзеяў. Найперш, менавіта сюды на так званае вольнае пасяленьне быў у свой час пераведзены пасьля адмовы ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні прызнаны міжнароднымі арганізацыямі вязьнем сумленьня прафэсар мэдыцыны Юры Бандажэўскі.

Я мусіў на месцы сустрэцца зь ягонай жонкай, каб празь яе — сустрэчы з журналістамі былі забароненыя — задаць пытаньні Радыё Свабода найбуйнейшаму айчыннаму навукоўцу, што і ў зьняволеньні працягвае дасьледаваць ўплыў Чарнобылю на здароўе беларусаў. Па-другое, кажуць, менавіта ў Пескаўцах найбольш відавочны правал дзяржаўнага экспэрымэнту ў аграпрамысловым комплексе, хаду якога я асабіста адсочваў два гады. Для сябе вырашыў адразу: суразмоўцаў не шукаць, а браць з вуліцы. Знаёмлюся з 25-гадовым Сержуком Енкам — ён зь венікам пад пахай.

(Енка: ) “Зладзілі лазьню. Тут цудоўная прырода. Нёман побач, летам ладзім пікнічкі, рыбалку. Раней домікі будавалі, каб народ ехаў. Але цяпер працы няма, усё развальваецца. Адпачыць — клюб старэнькі. Большасьць зьяжджае”.

Вось і сам Сяржук, патомны пескаўчанін, працуе ў Лідзе. Тым часам побач праходзіць прывабная кабета. Згаджаецца пагутарыць.

(Карэспандэнт: ) “А вы кім працуеце?”

(Кабета: ) “Даяркай — што, не падобная?”

(Карэспандэнт: ) “Ну, апранута добра, па-гарадзкому…”

(Кабета: ) “А я і пражыла ўсё жыцьцё ў горадзе. Па калгасе ў мінулым годзе трэцяе месца заняла — 250 кіляграмаў на карову”.

(Карэспандэнт: ) “100 тысяч заробку хапае вам?”

(Кабета: ) “Я сына вучу ва ўнівэрсытэце, другі паступае ў Акадэмію МУС — вы думаеце, хапае?! Я прыехала з Баку пасьля таго, як рэзалі. Я раней працавала ў Акадэміі, у Інстытуце анкалёгіі. Цяпер прыежджых тут палова, мясцовыя — адны старыя. Мы, як уцекачы, з Чарнобылю прыехалі. Мы ўдзячныя і за гэта Беларусі — у мяне пад акном танкі стаялі. Мае хлопчыкі мову ведаюць, а дзяўчынка мая беларуска — Алесю ўсе ведаюць”.

Да нас падышоў 53-гадовы Аляксандар Урбановіч. На сваю малую радзіму ён вярнуўся шэсьць гадоў таму падпалкоўнікам спэцназу ў адстаўцы — пасьля 25 гадоў службы, у тым ліку, у Афганістане, Прыднястроўі, Чачэніі. Напачатку ж прызнаўся мне:

(Урбановіч: ) “Калі шчыра, дарэмна мая хахлушка прывезла мяне сюды з Валгадонску. Я на першай чачэнскай быў, а яна, як даведалася, што зноў заключаю кантракт… Тут аднаклясьнікі мае больш за пяцьдзясят гадоў не жывуць. Як прыехаў, уладкаваўся ў калгас зваршчыкам. Тэхніка стаіць на рамонце, заробак бывае менш за 50 тысяч. Даяркі нядаўна абураліся — па 34 тысячы ў месяц. У Пескаўцах я наагул пэрспэктывы ніякай ня бачу, разумееш?! Жыць мы будзем тут, а працу шукаць у іншым месцы”.

Час згадаць пра памянёны адміністрацыйна-гаспадарчы экспэрымэнт, у выніку якога замест калгасу “Нёман” узьнікла ўнітарнае прыватнае аграрнае прадпрыемства “Новы Нёман”. На прыкладах іншых гаспадарак “Свабода” паказвала, што саветы заснавальнікаў новых утварэньняў складаюцца з прадстаўнікоў былой калгаснай намэнклятуры. У іх прыватныя рукі фактычна бясплатна перададзеная ўся маёмасьць. Але ўжо без аніякай адказнасьці перад калгасьнікамі. Небясьпеку яшчэ два гады таму адчуў акадэмік Нікітчанка, які ў інтэрвію нашаму радыё прадказваў: “Зямля застанецца без гаспадара, але ў горшым становішчы, бо вэртыкальшчыкі раскрадуць і рэшткі матэрыяльна-тэхнічнай базы”. У праўдзівасьці гэтых словаў хутка давялося пераканацца. Наш “рафік” спыняе пажылы чалавек, які пытаецца: маўляў, ці не парсюкоў мы прыехалі купляць. Завуць яго Самцэвіч Уладзімер Уладзімеравіч:

(Самцэвіч: ) “Як Пуціна. А я выбіраў прэзыдэнта свайго ў Менску, быў старшынём Пескаўскай выбарчай камісіі”.

(Карэспандэнт: ) “Не расчараваліся?”

(Самцэвіч: ) “Ну ўсяляк, але горш ня стала. Хто, можа, краў, а цяпер няма чаго красьці, таму горш — усё забралі. Я намесьнікам старшыні калгасу “Нёман” працаваў. Цяпер машынаў чатыры ці пяць засталося, а было 32. Трактароў 60, а цяпер чатыры-пяць — во кошык саломы вязе. У кожнай канюшні па дзесяць коней было, а цяпер ніводнага. Суседзі абодва, там суседзі таксама — дамы пустыя. Многія ад сотак адмаўляюцца, па 40—50 тысяч за салярку ды пасадку плаціць. Хоць праграму Лукашэнка прыняў — усю газэту запячатаў, што ён будзе рабіць на сяле, а няма ўжо нікога на вёсцы”.

Далей па дарозе спыняю тутэйшага вэтэрынара Валянціну Іванаўну Пятроўскую. Абслугоўвае, як яна кажа, апошнія 400 галоваў худобы. Вось ейная ацэнка так званага экспэрымэнту.

(Пятроўская: ) “Камусьці дысэртацыю трэба было абараніць, хтосьці кішэні набіў, а калгасам ніхто і нічым не дапамог. Акрамя шыльды, на праўленьні нічога не зьмянілася. Даўгоў мора: за сьвет, за крэдыты на заробак. Цяпер зноў крэдыты бяруць на новую тэхніку. А невядома, які ўраджай і чым аддадуць”.

(Красачка: ) “Пескаўкая сярэдняя школа гадоў 15 будуецца, яе тры разы раскрадалі. Яе называюць у нас прэзыдэнцкай. Лукашэнка чатыры гады таму абяцаў яе запусьціць. Але пераходзіць туды ніякавата. Спэцыялісты казалі, што такія адхіленьні пайшлі — можа стаць брацкай магілай. Дванаццаць гадоў бяз даху — усё ж зацякала, разьядала”.

Гэта распавядае тутэйшая настаўніца расейскай мовы ды літаратуры спадарыня Красачка. Месьцічы называюць Красочкай — кажуць, самая баявая. Дарэчы, маленства правяла на Поўначы, у Архангельскім краі. Самастойна вывучыла беларускую мову, але, паводле ейных словаў, сядзіць “на ставачцы” з-за сваіх поглядаў.

(Карэспандэнт: ) “Палітыкі баяцца пескаўчане?”

(Красачка: ) “О, безумоўна! Я памятаю, ад БНФ нас папрасілі хлопцы празандаваць пытаньне, ці хочуць яны атрымаць зямлі і колькі. Вы што — дый нас ледзь ня выгналі з настаўнікаў: і брыкету, і дроваў не давалі! Тады сталі збываць на мяса кароваў і коней прадаваць. Мы ім перакрылі кісларод: паскупляйце, людзі, коней, бо рыдлёўкамі будзеце капаць зямлю! Да таго і прыйшло. І людзі потым размаўляць з намі баяліся: Пятроўна, мілая, нас аднаму савецкая ўлада навучыла: страху!”

Памянёную спадарыню Красачку я спытаў пра стаўленьне пескаўчан да чалавека, якога пасялілі ў хатцы, што паміж праўленьнем былога калгасу ды адзінай прыватнай крамай, дзе востраць нажы ды прымаюць анучы.

(Красачка: ) “Адносіны дваістыя. У вёсцы за якасьці асабістыя ня вельмі цэняць — не каштоўнасьці. А старшыня калгасу — значыць, ты чалавек. Ён мае прафэсарскую пасаду — яму спачуваюць. Зь іншага боку, ня могуць уцяміць, як такі чалавек мог сесьці ў турму, калі ў нас немагчыма пасадзіць тых, хто відавочныя злачынствы робяць. Як прафэсар, дый ня змог адмазацца…”

Як вы здагадаліся, гутарка пра былога рэктара Гомельскага мэдычнага інстытуту Юр’я Банджэўскага. Ён быў асуджаны да васьмі гадоў — паводле афіцыйнай вэрсіі, за хабарніцтва. Сваёй віны навуковец не прызнаў. Хоць неаднаразова ў прыватных размовах наўпрост атрымліваў запэўніваньні ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні, калі ён гэта зробіць. Гэткім чынам, Бандажэўскі да апошніх дзён працягваў адбываць тэрмін зьняволеньня, але ўжо на пасяленьні ў Пескаўцах. Прафэсар Бандажэўскі прызнаны “Міжнароднай амністыяй” вязьнем сумленьня. Зьяўляецца ганаровым грамадзянінам Парыжу ды іншых пятнаццаці гарадоў Францыі, пачэсным доктарам Марсэльскага ўнівэрсытэту, аўтарам васьмі манаграфіяў, прысьвечаных аналізу ўплыву радыяцэзію на стан арганізму. У некалькіх мэтрах ад ягонага сёньняшняга жытла мы і сустрэліся зь ягонай жонкай Галінай Сяргееўнай, якая і агучыла адказы спадара Юрыя на пытаньні “Свабоды”.

(Карэспандэнт: ) “Галіна Сяргееўна, як пачуваецца Юры Іванавіч, як здароўе?”

(Галіна: ) “Ужо чатыры гады, як ён у поўнай ізаляцыі ад людзей, навуковай інфармацыі, інфармацыі з волі. Стан здароўя ня вельмі добры, у сэнсе стрававальнай сыстэмы. Фэрмэнты прымае шмат разоў на суткі, бо бязь іх ня можа прымаць найпрасьцейшай ежы. Ежу сам сабе гатуе, бо мяса, чаго цяжэйшага ўжываць ня можа”.

(Карэспандэнт: ) “Мы перад яго хаткай знаходзімся — хлеўчык больш нагадвае…”

(Галіна: ) “Хлеўчык, але пасьля такога цяжкага зьняволеньня ўжо крыху харомы…”

(Карэспандэнт: ) “Я ведаю, Юры Іванавіч закончыў на падставе турэмных дзёньнікаў, навуковых запісаў, што зрабіў за кратамі, кнігу “Філязофія майго жыцьця”. Якую праўду нясе сёньняшні Бандажэўскі беларусам?”

(Галіна: ) “Чарнобыльская аварыя і чарнобыльскі генацыд супраць беларусаў працягваюцца. Сьмяротнасьць у рэспубліцы падвышаецца, зьніжаецца нараджальнасьць. Гэта прадстаўляюць як тое, што сем’і не жадаюць мець шмат дзяцей. На самай справе, гэта ня так. Гэта зьвязана з тым, што зьніжаны імунітэт дзяўчатак-падлеткаў, што перашкаджае плоднасьці. Мы бачым невыношваньне цяжарнасьці маладымі маці, перарываньне яе на раньніх стадыях. І гэта ўсё наступствы чарнобыльскай катастрофы, цьвердзіць Бандажэўскі. У кнізе ён паказаў, што найбольш паражаюцца ня толькі шчытападобная залоза, якую прызнаюць афіцыйна, але сэрца і ныркі. Сэрца вельмі шмат накоплівае нуклідаў у сваёй цягліцы, а ныркі — орган, які выводзіць іх з арганізму, і самі пры гэтым церпяць паразу”.

Са звароту да жыхароў плянэты, якім будзе заканчвацца кніга Бандажэўскага: “Ачарніўшы ды выкінуўшы мяне з жыцьця грамадзтва, зьнішчылі інструмэнт для атрыманьня дакладных зьвестак пра ўплыў на стан жывога арганізму радыяактыўных элемэнтаў, што… не дазваляе распрацоўваць дзейсных мераў супрацьрадыяцыйнай абароны… Ядзерная энэргія сёньня зьяўляецца крыніцай вайсковай пагрозы… Прапаную ўвесьці мараторый на распаўсюджваньне ды выкарыстаньне ядзернай энэргіі, як у вайсковых, так і МІРНЫХ мэтах. Калі не зрабіць з боку ААН, кіраўнікоў дзяржаваў ды міжнародных грамадзкіх арганізацыяў дзейсных захадаў, можа наступіць пагібель усяго жывога на Зямлі”.

Галіна Бандажэўская гаворыць пра ўмовы, пры выкананьні якіх яе мужа абяцаюць вызваліць:

(Галіна: ) “Ізноў высокапастаўленыя кіраўнікі праваахоўчых органаў гавораць аб тым, што Бандажэўскі мусіць прызнаць віну, што ўмяняецца Вярхоўным судом, і пачаць сплачваць зыск, што яму прызначаны. Яны жадаюць, каб Бандажэўскі стаў на калені перад уладамі, пачаў маліць-упрошваць дараваць за тое, чаго ён не рабіў — інакш кажучы, з чалавека ператварыцца ў быдла. І ён, і ўся нашая сям’я жыве словамі: ня вер, ня бойся і не прасі!”

У Пескаўцах Юрыя Бандажэўскага наведаў амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі, які запэўніў, што зьняволенага прафэсара падтрымліваюць яшчэ 450 мільёнаў эўрапейцаў. Ня ведаю, колькі жыхароў мястэчка Пескаўцы далучацца да гэтага шэрагу. Прынамсі, тутэйшая настаўніца Валянціна Красачка заяўляе пра гэта адкрыта:

(Красачка: ) “Здрадзіць ім — здрадзіць Беларусі. Лепей ужо памерці. Я вельмі паважаю Васіля Быкава, маім настаўнікам быў Алесь Адамовіч, ён кіраваў у мяне сэмінарам. Я ганаруся, што я беларуска, і ведаю, што самыя лепшыя якасьці ў народзе генэтычна застануцца. Толькі дай Божа яму выжыць”.
XS
SM
MD
LG