Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ высяляць пакуль ня будуць. Высяляюць Свабодны прафсаюз


Валер Каліноўскі, Менск Жыльлёвае рамонтна-эскплюатацыйнае аб’яднаньне Савецкага раёну Менску адклікала свой ліст аб высяленьні Партыі БНФ зь сядзібы па вуліцы Варвашэні, 8.

Адначасова аналягічная служба Партызанскага раёну запатрабавала высяленьня Свабоднага прафсаюзу Беларускага з памяшканьня па вуліцы Захарава, 24.

Кіраўніца аддзелу нежылых памяшканьняў ЖРЭА Савецкага раёну Людміла Шкут паведаміла “Свабодзе”, што цяпер ніхто не зьбіраецца высяляць Партыю БНФ і грамадзкую арганізацыю БНФ “Адраджэньне” зь іх сядзібы і што дакумэнты на працяг арэнды ўзгодненыя і перададзеныя ў Менгарвыканкам. Пасьля рашэньня гарвыканкаму дамова арэнды будзе аўтаматычна складзеная нанова, — запэўніла спадарыня Шкут.

У БНФ мяркуюць, што іхнае высяленьне адкладаецца, улады часова адступілі ў сувязі з тым розгаласам, які выклікала спроба выселіць найстарэйшую палітычную партыю Беларусі. Свой пратэст і салідарнасьць з Партыяй БНФ выказалі прадстаўнікі ПКБ, АГП, Партыі працы, БСДГ, незалежных прафсаюзаў, грамадзкіх арганізацыяў. Усе яны перакананыя, што прычыны такога ціску ЖРЭА — выключна палітычныя. Гаворыць адзін зь лідэраў прафсаюзнага руху Генадзь Фядыніч:

(Фядыніч: ) “Гэтая папера, якая прыйшла са ЖРЭА, гэта яшчэ адзін крок, каб закрыць, ліквідаваць усё беларускае ў Беларусі. Гэта адчайны крок уладаў”.

Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Лявон Баршчэўскі перакананы, што памяшканьне па Варвашэні, 8, якое знаходзіцца ў цэнтры палітычнага і культурнага жыцьця Беларусі, ужо стала гістарычным:

(Баршчэўскі: ) “Перажыло гэтае памяшканьне шмат чаго: і штурмы АМОНу, калі ўсіх арыштоўвалі, хто тут знаходзіўся, і эвакуацыю тагачаснага лідэра БНФ Зянона Пазьняка праз запасны выхад, які аказаўся нечаканым для “Альфы”. Канечне, у новай Беларусі партыі будуць мець большыя памяшканьні, больш салідныя. А гэтае памяшканьне ў любым выпадку стане музэем ня толькі БНФ, але і руху супраціву. Я думаю, што гэта абавязкова будзе. І ніякія ЖРЭА Савецкага раёну гісторыі не перапішуць”.

Лідэр БНФ Вінцук Вячорка, нягледзячы на апошнія зьвесткі са ЖРЭА, рыхтуецца да юрыдычнай і грамадзкай абароны сядзібы партыі.

(Вячорка: ) “Незалежна ад юрыдычнага статусу, наяўнасьці ці адсутнасьці памяшканьня, пасьведчаньня Міністэрства юстыцыі мы як дзейнічалі, гэтак і будзем дзейнічаць дзеля свабоды, дэмакратыі і незалежнасьці Беларусі. У БНФ ёсьць такі досьвед: нас пасьля ўтварэньня ў 1988 годзе не рэгістравалі тры гады. Ніякіх падобных рэчаў мы не баімся, але ведаем, што на сваёй зямлі мы маем законныя правы”.

Адначасова са зваротам у БНФ з ЖРЭА Савецкага раёну прыйшоў ліст на высяленьне зь сядзібы Свабоднага прафсаюзу Беларускага. Паводле дырэктара Партызанскага ЖРЭА Андрэя Сідарэнкі, на гэта ёсьць тры прычыны: запазычанасьць па арэнднай плаце, нясвоечасовае накіраваньне прафсаюзам згоды на працяг арэнды і нямэтавае выкарыстаньне памяшканьня.

(Сідарэнка: ) “Зьявіліся новыя факты, прыйшла копія пратаколу з райаддзелу міліцыі, прыйшоў ліст з КДБ”.

Паводле кіраўніка прафсаюзу Генадзя Быкава, нямэтавым улады палічылі заняткі ў іх офісе навучэнцаў закрытага Мінадукацыі гуманітарнага ліцэю, сходы паплечнікаў Сяргея Антончыка ды прадпрымальнікаў, якія сёлета праводзілі страйк пратэсту.

(Быкаў: ) “Гэта зьвязана і зь юрыдычным адрасам — адназначна, што праводзіцца нейкая мэтанакіраваная кампанія дзеля выцясьненьня на ўзбочыну. Натуральна, што мы таксама не зьбіраемся добраахвотна высяляцца”.

Сядзіба Свабоднага парфсаюзу па вуліцы Захарава, 24 арандуецца з 1994 году. Раней прымусовае высяленьне зь сядзібаў перажылі ПКБ, гарадзенская суполка БНФ, Беларускі ПЭН-цэнтар і іншыя арганізацыі, аднак гэта не спыніла іх дзейнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG