Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што Навумава адзначылі яшчэ адной генэральскай зоркай?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Лукашэнка прысвоіў званьне генэрал-лейтэнанта міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву і падвысіў званьні шэрагу іншых сілавікоў, у тым ліку старшыню КДБ Сьцяпану Сухарэнку.

У Беларусі, між тым, згадваюць, што Ўладзімер Навумаў абвешчаны неўязным у Эўропу, а Сьцяпан Сухарэнка вызначыўся жорсткім перасьледам апазыцыйных палітыкаў.

Аляксандар Лукашэнка сваім указам прысвоіў больш высокія вайсковыя званьні шэрагу кіраўнікоў сілавых ведамстваў. Найбольш адзначаны міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў і старшыня КДБ Сьцяпан Сухарэнка, якія сталі генэрал-лейтэнантамі. За якія заслугі яны атрымалі падвышэньне вайсковага званьня?

Уладзімер Навумаў прыйшоў на пасаду міністра ўнутраных справаў у 2000 годзе з пасады кіраўніка службы бясьпекі прэзыдэнта ўжо ў званьні генэрал-маёра. А яшчэ раней, калі быў палкоўнікам, ён камандаваў спэцатрадам “Алмаз”. Якраз у гэты час ў “Алмазе” служылі Ігнатовіч і Малік, якіх у 2001 годзе арыштавалі як падазраваных у выкраданьні апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. Вядома, што падчас сьледзтва з Ігнатовічам у камэры сустракаўся міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Зьмест іх размовы невядомы, але на сьледзтве і ў судзе Ігнатовіч не паведаміў, дзе знаходзіцца цела Зьмітра Завадзкага. Як вынік, суд апраўдаў Ігнатовіча паводле эпізодаў аб забойствах камэрсантаў, за што яму пагражала сьмяротная кара, і асудзіў яго да пажыцьцёвага зьняволеньня за выкраданьне Завадзкага. Між тым, таямніца зьнікненьня журналіста дагэтуль не раскрытая.

Жонка Зьмітра Завадзкага Сьвятлана наступным чынам камэнтуе новае падвышэньне генэрала Навумава:

(Завадзкая: ) “Для мяне гэта — жах. Уся міжнародная супольнасьць, усе міжнародныя арганізацыі патрабуюць расьсьледаваньня, патрабуюць адхіліць гэтых людзей ад пасадаў, а ён падвышае ім званьні. Ведаеце, гэта краіна абсурду. Можна толькі зьдзіўляцца таму, што адбываецца”.

Сьвятлана Завадзкая таксама зьвязвае падвышэньні вайсковых званьняў міністру Навумаву і старшыню КДБ Сухарэнку з узмацненьнем рэпрэсіяў супраць апазыцыі. Яна згадала, як падчас разгону чарнобыльскай акцыі 26 красавіка міліцыянты зламалі руку 14-гадоваму хлопчыку. Сьвятлана Завадзкая кажа, што стала баяцца за свайго сына Юру.

(Завадзкая: ) “Раней я заўсёды з сынам Юрам хадзіла на акцыі, а цяпер, калі шчыра, баюся. Не за сябе, а за яго баюся. Бо схопяць, руку зломяць, як таму хлопчыку. Відаць, за тое і званьні падвышаюць, што зь дзецьмі змагаюцца”.

Разам з Уладзімерам Навумавым у сьпісе тых, каму забаронены ўезд у Эўропу, знаходзяцца міністар спорту і турызму Юры Сівакоў, кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман, камандзір спэцбрыгады ўнутраных войскаў Зьміцер Паўлічэнка. У Эўропе іх таксама падазраюць у датычнасьці да арганізацыі палітычных зьнікненьняў у Беларусі. Між тым, кіраўніцтва Беларусі рэгулярна адзначае гэтых асобаў узнагародамі і званьнямі. Юры Сівакоў атрымаў званьне генэрал-лейтэнанта, Зьміцер Паўлічэнка стаў палкоўнікам, Віктару Шэйману напачатку году прысвоілі найвышэйшае ў Беларусі вайсковае званьне — генэрал-палкоўніка.
XS
SM
MD
LG