Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаразовая віза ў Літву будзе каштаваць беларускім грамадзянам 5 эўра


Ганна Соусь, Менск У блізкім часе кошты на візы для ўезду беларусаў у Літву і літоўцаў у Беларусь зьменшацца. Такое рашэньне было прынятае сёньня ў часе рабочай сустрэчы прадстаўнікоў консульскіх службаў міністэрстваў замежных справаў Літвы і Беларусі ў Менску.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас спадзяецца, што гэтае рашэньне набудзе моц напачатку турыстычнага сэзону. Зь літоўскім амбасадарам гутарыла нашая карэспандэнтка.

Як паведаміў Радыё Свабода амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас, летась у сьнежні літоўскі бок прапанаваў беларускаму боку зьнізіць кошт візы ў чатыры разы — з 20 да 5 эўра для ўсіх катэгорыяў візаў: і аднаразовых, і шматразовых.

(Паслаўскас: ) “Сёлета ў красавіку мы атрымалі афіцыйны адказ беларускага боку з наступнай прапановай: 5 эўра за аднаразовую візу, і 25 эўра — за шматразовую візу. І сёньня літоўскі бок афіцыйна пагаджаецца на такую прапанову. Каб гэтае рашэньне набыло моц, патрэбныя яшчэ пэўныя тэхнічныя працэдуры ў Літве і ў Беларусі. З нашага боку новыя цэны павінен ухваліць урад Літвы. І сёньня нашыя экспэрты, консульскія работнікі якраз і абмяркоўваюць гэтыя працэдурныя моманты”.

Што да тэрмінаў увядзеньня новых коштаў, то амбасадар Літвы выказаў спадзяваньне, што канчатковае рашэньне будзе прынятае напачатку турыстычнага сэзону. Амбасада Літвы ў Беларусі выдае штогод каля 90 тысяч візаў для беларусаў, амбасада Беларусі ў Літве — каля 120 тысяч візаў для літоўцаў. Адпаведна, і для літоўцаў кошт на беларускія візы будзе гэтаксама зьменшаны.

Амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас абверг паведамленьні некаторых мэдыяў пра тое, што парадак атрыманьня літоўскіх візаў для грамадзянаў СНД стане больш жорсткім.

(Паслаўскас: ) “Я чытаў такія паведамленьні, і быў зьдзіўлены. Нічога падобнага не плянуецца. У нас ўвесь час вядзецца дыскусія, як удасканаліць, палепшыць, спрасьціць, зрабіць больш празрыстай працэдуру выдачы візаў. Аднак ніякіх захадаў, каб зрабіць працэдуру больш жорсткай, не прадбачыцца”.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода, ці не павялічацца кошты візаў у Літву ў будучыні, калі краіна ўступіць у Шэнгенскае пагадненьне, амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас зазначыў:

(Паслаўскас: ) “Я ня думаю, што ў Шэнгенскім пагадненьні агаворваецца кошт візаў. Само існаваньне візы ёсьць галоўным, кантроль за ўсімі ўездамі ў Шэнгенскую прастору — гэта істотна. А кошт візы ня ёсьць такім абавязковым і цьвёрдым патрабаваньнем, і таму кошты на візы, хутчэй за ўсё, ня зьменяцца”.

Літва плянуе далучыцца да Шэнгенскага пагадненьня ў 2007 годзе.

Для параўнаньня: кошт аднаразовай і двухразовай візы ў Латвію для беларусаў складае 35 эўра, а шматразовай — 70 эўра. Аднаразовая віза ў Польшчу каштуе 6 даляраў, двухразовая — 10 даляраў, а шматразовая — 30 даляраў.
XS
SM
MD
LG