Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Найстарэйшай жанчыне Беларусі спаўняецца 117 гадоў


Іна Студзінская, Менск 5 траўня спаўняецца 117 гадоў самай сталай жанчыне Беларусі – Ганьне Адамаўне Барысевіч. Па працягласьці жыцьця яна цяпер другая ў сьвеце – Кніга рэкордаў Гінэса аддае першынство амэрыканцы Мод-Фары Люз, якая толькі на адзін год старэйшая за спадарыню Барысевіч.

У свае 117 Ганна Адамаўна Барысевіч добра сьпявае. Што да сакрэтаў даўгалецьця, самая сталая жанчына краіны адказала так:

(Барысевіч: ) “Бог яшчэ дае сілы... Ня трэба нэрвавацца, дык пражывеш доўга. А будзеш нэрвавацца, злавацца – дык хутка парыесься”.

Жанчыны ва ўсім сьвеце жывуць даўжэй за мужчын, гэта аксіёма. Адмыслоўцы-герантолягі, герыятры тлумачаць яе тым, што мужчыны – кармільцы ў сям’і, на працы займаюць больш адказныя пасады... Адным словам, больш бяруць на сябе. І вось з гэтай высновай ня ўсе пагаджаюцца. Бо, як правіла, лёс жанчын-даўгажыхарак вельмі складаны: перажылі яны і вайну, і сьмерць мужоў, і страту дзяцей...

Ганна Барысевіч нарадзілася ў 1888 годзе ў вёсцы Буда пад Ігуменам. Маці памерла, калі ёй было 4 месяцы. Выгадавалі немаўляці бабуля (якая пражыла таксама больш за 100 гадоў) і старэйшая сястра. Адукацыі не атрымала, бо была зь беднай сям’і, толькі пры Леніне “у лікбезе” навучылася расьпісвацца.

(Барысевіч: ) “І тады было: як багаты, дык той і сэмінарыю канчае, а як бедны, калі кляс адзін скончыў, дык і добра. І тое, калі мужчына. А бабы не вучыліся. Я толькі навучылася расьпісацца…”

Спачатку працавала “на пана”, потым на калгас і заўсёды – на ўсю сям’ю. Замуж выйшла не маладой, а праз 13 год муж памёр. Узгадваць пра тое ня любіць.

(Барысевіч: ) “Многа ўжо гадоў было, як замуж пайшла. А хто беднага бярэ? Яны і цяпер чакаюць, каб машыну цешча ці цесьць купілі. Тады таксама: як бедны – дык ніхто не бярэ... Усяго хапала пры мужы. Пра гэта няма чаго і гаварыць, яны ўсе роўныя, рэдка, з тысячы адзін мужык харошы”.

Мужу Іпаліту ўсё даўно даравала. Але другі раз замуж ісьці і ня думала – усё ўмела рабіць сама.

(Барысевіч: ) “Я ўсё сама рабіла, я ўсё ўмела: і шыць, і дровы секчы, і капаць, і араць – усё сама ўмела. Калі чалавек здаровы, малады, дык і цяжкасьцяў ніякіх няма. Вось зараз цяжэй, калі сядзіш і ня можаш нічога рабіць. А тады ўсё робіш зь вясёласьцю: і дзяцей дагледзіш, і абшыеш, і абмыеш…”

Ганна Адамаўна выгадавала траіх дзяцей (чацьвёра памерлі маленькімі). Цяпер у яе шасьцёра ўнукаў, 13 праўнукаў і тры прапраўнукі. Жыве яна са старэйшай дачкой Нінай і сям’ёй унука на менскай ускраіне. Мінулай зімой амаль асьлепла – бачыць толькі сылюэты. Але па жыцьці застаецца аптымісткай:

(Барысевіч: ) “Жыць добра было, усё добрае было. Самае вясёлае – калі малады чалавек: ці на вечарынку пойдзеш, пагуляеш... Хоць апрануць не было чаго, адна сукенка была. Але я танчыла вельмі добра, дык мяне адусюль выцягнуць – ідзі танцуй. Было весела…”

На жыцьцё ня скардзіцца, але напярэдадні Дня Перамогі крыўду, боль душы выказала:

(Барысевіч: ) “Вайскоўцы ваявалі на вайне са зброяй, а я з рыдлёўкай на зямлі ваявала. Капалі рыдлёўкай і сеялі, таму што коней не было, пабралі немцы, дык самі запрагаліся ў плуг. Нам цяпер ніякіх прывілеяў няма, а тым, ваенным, ёсьць. Яны заслужылі, а мы не заслужылі, што кармілі і партызанаў. Ваенным дык пэнсію добрую далі, а мне і пэнсіі добрай не далі…”

Пэнсія ў самай старэйшай жанчыны краіны цяпер 100 тысяч…
XS
SM
MD
LG