Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Урад Беларусі ўсталяваў новы памер пражытковага мінімуму


Галіна Абакунчык, Менск Урад Беларусі зацьвердзіў новы памер пражытковага мінімуму. Зараз на аднаго чалавека ён складае ў сярэднім 139 тысячаў рублёў, што на 4 тысячы больш, чым да 1 траўня. Для пэнсіянэраў пражытковы мінімум вызначаны ў 121 тысячу рублёў, столькі ж для немаўлят. Як паўплывае ўрадавае рашэньне на дабрабыт грамадзянаў?

Нагадаю, што абавязковымі патрэбамі, якія складаюць бюджэт пражытковага мінімуму, урадоўцы называюць выдаткі на харчаваньне й адзеньне, лекі, хатнія набыткі, транспартныя, жыльлёва-камунальныя паслугі... Наколькі рэальна выжыць за 139 тысячаў рублёў, я запыталася ў мінакоў на сталічных вуліцах.

(Юнак: ) “Пражытковы мінімум 139 тысячаў – гэта сьмешна. Ну што такое 139 тысячаў? Зімой толькі за кватэру мы плацілі 150 тысячаў. А жыць за што, я ня ведаю”.

(Спадарыня: ) “У мяне дзіця ходзіць у садок, і я штомесяц плачу па 33 тысячы. На што яшчэ тут можа хапіць? Гэта нерэальная сума”.

(Юнак: ) “Гэтая сума вельмі заніжаная. Бо больш за сто тысячаў трэба плаціць толькі за жыльлё. І калі паводле грубых падлікаў застаецца 39 тысячаў, то пражыць на іх нерэальна".

(Спадарыня: ) “Гэта ж і на тыдзень ня хопіць. А яшчэ, калі за кватэру заплаціць, то ўвогуле на пяць дзён”.

(Спадар: ) “Ведаеце, гэтыя грошы толькі на два тыдні. А два тыдні хаджу і пляшкі зьбіраю. Лукашэнка хваліцца, кладзе вось так рукі на грудзі і хваліцца, а няхай бы сам пражыў на гэтыя грошы. І лепшага чакаць няма чаго. Штогод будзе горш і горш – бачна па ўсім, што вакол адбываецца. Я кажу, што толькі да Амэрыкі нам патрэбна цягнуцца, нам Буша трэба – ён парадак навядзе”.

Вы чулі меркаваньні менскіх мінакоў. А эканамісты расцэньваюць падвышэньне памеру мінімальнага пражытковага мінімуму як спробу ўладаў “згладзіць” розьніцу паміж даходамі розных, асабліва маламаёмасных слаёў насельніцтва. Бо, як вядома, з 1 красавіка былі падвышаныя памеры усіх відаў пэнсіяў, а таксама тарыфная стаўка першага разраду й базавая велічыня. Ці адбілася гэта на рэальным паляпшэньні ўзроўню жыцьця гаворыць эканаміст Барыс Жаліба:

(Жаліба: ) “Калі й падвышаецца, то вельмі мала. Бо хоць інфляцыя ў нас і зьмяншаецца – сёлета зьніжэньне заплянавана да 80%, але кошты паступова зьядаюць усе гэтыя падвышкі да ўсіх выплатаў. І розьніца ў даходах паміж рознымі слаямі насельніцтва павялічваецца, а гэта вельмі трывожны сымптом і для ўраду.”

Паводле заяваў кіраўніка краіны, на завяршэньне году заробак у Беларусі складзе 250 даляраў. Ці рэальная гэта лічба? Лукашэнка не стрымаў свайго абяцаньня, калі падчас выбараў 2001 году паабяцаў 100-даляравы заробак. Але зараз, праз чатыры гады, 250-даляравая плянка можа скарыцца. Бо за гэты час пакупніцкая здольнасьць даляра ў Беларусі зьнізілася на 45%. Больш рэальна сёньняшні дабрабыт адлюстроўвае эўра. А ў пераліку на эўра заробак у беларусаў не перавышае 140 адзінак.
XS
SM
MD
LG